10 гадоў у Гродзенскай дыяцэзіі існуе малітоўная група Апостальства дапамогі чыстцовым душам, члены якой сваімі малітвамі падтрымліваюць душы памерлых, якім патрэбна ачышчэнне.
Члены Апостальства штодзень прамаўляюць любую малітву за памерлых, ахвяруюць у іх інтэнцыі працу, якая вынікае з абавязкаў іх жыццёвага стану, спазнаныя прыкрасці, цярпенні і інш. Па меры магчымасці яны замаўляюць святую Імшу за памерлых або прынамсі стараюцца ахвяраваць за іх свой удзел у Эўхарыстыі і святую Камунію.
26 студзеня ў гродзенскім касцёле Божай Міласэрнасці (Вішнявец), дзе ўзнікла гэтая група і першыя яе члены далучыліся да малітвы за памерлых, адбыліся галоўныя ўрачыстасці з нагоды юбілею.
На ўрачыстай Імшы, падчас якой дзякавалі Богу за гэтую добрую справу, сабралася шмат членаў Апостальства, якія прыбылі не толькі з Гродна, але і з іншых месцаў Гродзенскай дыяцэзіі.
Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі ён нагадаў, што кожны чалавек быў пакліканы да апостальства, а прыгожы прыклад гэтага абвяшчэння Добрай Навіны пакінулі самі апосталы.
“У вялікай сям’і, якая называецца Касцёлам, кожны мае сваё месца і задачу для выканання, кожны сваёй прысутнасцю ўзбагачае іншых”, – дадаў іерарх.
Па словах біскупа, апостальства – задача не толькі іерархаў, святароў і кансэкраваных асобаў, але і свецкіх людзей, і розныя супольнасці, рухі і таварыствы, якія іх аб’ядноўваюць, спаўняюць свае апостальскія функцыі, таму з’яўляюцца вялікім багаццем і надзеяй Касцёла.
Ён падкрэсліў, што прыналежнасць да руху ці таварыства дапамагае яго членам у асабістым узрастанні ў святасці і хрысціянскай сталасці. З іншага боку, кожнае таварыства мае вялікую моц знешняга ўздзеяння, таму выконвае ў Касцёле ўласцівую сабе евангелізацыйную і апостальскую місію.
“Напэўна, вы прызнаеце, што прыналежнасць да гэтага руху ўзбагачае вас духоўна, вучыць лепшай і глыбейшай малітве, дапамагае ўзрастаць у пабожнасці, у хрысціянскай сталасці, а асабліва ў салідарнай і бескарыслівай любові да тых, хто ўжо адышоў з гэтага свету”, – сказаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
Біскуп выказаў перакананасць, што сваёй прысутнасцю ў парафіях, сведчаннем хрысціянскага жыцця, удзелам у жыцці парафіяльнай супольнасці члены гэтай малітоўнай групы прыцягваюць іншых да Хрыста, даюць ім добры прыклад для наследавання.
Іерарх падзякаваў усім, хто належыць да Апостальства, за іх сведчанне хрысціянскага жыцця і пажадаў, каб яно было яшчэ больш прыгожым і прыцягальным.
На заканчэнне літургіі аніматар групы парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне Тэрэза Сідаровіч падзякавала біскупу за тое, што ён узначаліў гэтыя ўрачыстасці, і за вялікі клопат пра ўсіх членаў Апостальства. Зараз у Гродзенскай дыяцэзіі да Апостальства належаць больш за 5 тыс. чалавек, якія штодзённа ахвяруюць за душы, якія ў чыстцы, Імшу, Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, адпусты, міласціну, добрыя ўчынкі і свае цярпенні.
Ксёндз Міхал Ластоўскі, мадэратар Aпостальства дапамогі чыстцовым душам у Гродзенскай дыяцэзіі, падкрэсліў, што гэтая добрая ініцыятыва малітвы за чыстцовыя душы, якая былa заснавана па просьбе свецкіх асобаў, зацікаўленых у дапамозе памерлым, у 1983 г., у Касцёле на Гродзеншчыне плённа расце і прыносіць добры плод.
Kс. Юрый Марціновіч
Фотa: Эдвард Хонцер