На пачатку гэтага месяца пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі атрымала новая парафія благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай у Гродне.
Пасведчанне было сімвалічна падпісана ва ўрачыстасць Усіх Святых 1 лістапада намеснікам старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктарам Лісковічам. Новая парафія ахоплівае мікрараён горада Гродна Баранавічы.
Апякункай парафіі абрана благаслаўлёная Мар’яна Бярнацкая, якая недалёка ад гэтага мікрараёна была 13 ліпеня 1943 г. разам з сынам і 48 жыхарамі Ліпска расстраляна фашыстамі на фартах за вёскай Навумавічы.
Сімвалічна, што новая парафія бл. Мар’яны ў горадзе над Нёманам была паклікана да існавання праз 20 гадоў з моманту яе беатыфікацыі, якая адбылася 13 чэрвеня 1999 г. у Варшаве. Яе беатыфікаваў Святы Айцец Ян Павел ІІ разам з іншымі мучанікамі Другой сусветнай вайны.
Згодна з рашэннем біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча пробашчам гэтай новай парафіі прызначаны кс. Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай курыі, сакратар біскупа Гродзенскага і адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі.