4 красавіка ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася ўрачыстая Імша, падчас якой дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі дзякаваў Богу за 50 гадоў жыцця. У гэты дзень іерарх адзначае залаты юбілей.
На Эўхарыстыі сабраліся біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, святары, настаяцелі і выкладчыкі семінарыі, а таксама семінарысты.
Як адзначыў сам юбіляр, семінарыйная капліца была абрана месцам гэтай падзякі, бо ў сценах гэтай Alma mater ён правёў большасць свайго жыцця. Спачатку як семінарыст, калі ўпершыню ў 1990 г. пераступіў парог гэтай навучальнай установы ў 21 год, потым як выхавацель семінарыстаў, а пасля як рэктар семінарыі. Біскуп па сённяшні дзень пражывае ў гэтым будынку і дакладна ведае кожны яго куток.
На пачатку святой Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч сказаў, што гэты дзень – нагода ўзнесці падзяку Богу за дар жыцця біскупа Юзафа. “Папросім усе разам, каб Пан Бог удзяляў біскупу Юзафу патрэбныя сілы для спаўнення пастырскіх абавязкаў у яго штодзённым служэнні і вядзенні Касцёла”, – дадаў іерарх.
Біскуп Станеўскі цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх тых, каму ўдзячны сваім жыццём – бацькоў, сям’і, – а таксама ўсіх вернікаў, якіх Божы Провід паставіў і працягвае ставіць побач з ім.
Ён адзначыў, што духоўная семінарыя стала яго другім домам, дзе ён правёў ужо большую частку свайго жыцця. “Я бачыў і бачу, як ўсё тут змяняецца да лепшага. Але ёсць таксама штосьці, што ніколі не змяняецца. Гэта пастаянная прысутнасць Хрыста ў табэрнакулюме”, – сказаў дапаможны біскуп дыяцэзіі.
Юбіляр дзякаваў Пану таксама за кожную ласку, якую Ён на яго спасылае, і дзякаваў біскупу Гродзенскаму за ўдзяленне пасвячэння ў трох ступенях – дыяканскага, прэзбітэрскага і біскупскага.
“Дзякуй! Дзякуй усім за ўсё! Жыццё – гэта вялікі дар ад Бога, бо гэта Ён нас кліча і робіць здольнымі да спаўнення нашых абавязкаў”, – дадаў іерарх.
Біскуп падзякаваў усім за штодзённае спадарожнічанне і падтрымку яго служэння малітвамі. “Я бязмерна ўдзячны Пану Богу, што сустрэў вас і што мы разам крочым шляхам зямнога жыцця, супольна спаўняючы Евангелле”, – адзначыў ён.
Словы віншавання іерарху скіравалі рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі кс. Віталь Вайцяхоўскі, прадстаўнік семінарыстаў Уладзіслаў Малышка, Нацыянальная настаяцельніца францішканскага ордэну свецкіх Марыя Этоль, а ад імя свецкіх супрацоўнікаў семінарыі – Алена Садоўская.
Усе дзякавалі юбіляру за прыгожы прыклад служэння, дабрыню, а найперш за радасць, якою ён дзеліцца з іншымі і якая асаблівым чынам спадарожнічае падчас яго пастырскага служэння ў нашай дыяцэзіі.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Андрэй Юхнік