8 снежня ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Рандзілаўшчыне адзначылі 30-годдзе вяртання забранай святыні вернікам. Урачыстаць у гэты дзень узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Сабраныя вернікі разам з іерархам дзякавалі за дар касцёла, які сёння з’яўляецца месцам сустрэчы з Богам. У гаміліі біскуп Юзаф падкрэсліў, што асаблівай малітвай трэба ахінуць тых людзей, якія паспрыялі вяртанню святыні ва ўлонне Касцёла на Гродзеншчыне. “Няхай гэтыя адважныя вернікі будуць прыкладам клопату пра веру і парафію для маладога пакалення”, - дадаў іерарх.
Святыню ў Рандзілаўшчыне спаткаў той самы лёс, што і іншыя касцёлы на нашых землях. Падчас Другой сусветнай вайны яе зачынілі савецкія ўлады. Будынак стаў выкарыстоўвацца як склад, пасля ўвогуле пуставаў - нічога не нагадвала, што гэта будынак, прызначаны для малітвы.
Толькі ў 1989 г. католікі вярнулі сабе сваю ўласнасць. 30 гадоў таму ў касцёле зноў быў запалены вечны зніч, які нагадвае пра прысутнасць Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі. Ужо 30 гадоў вернікі зноў збіраюцца ў святыні, якая з’яўляецца цэнтрам іх жыцця.
“Для Бога няма нічога немагчымага”, - падсумаваў біскуп на заканчэнне св. Імшы, заклікаючы вернікаў давяраць Госпаду ўсе складаныя справы.
АМ