12 чэрвеня з Гродна ўпершыню вырушыла пешая пілігрымка на адпустовыя ўрачыстасці ў гонар св. Антонія Падуанскага ў Адэльск – на малую радзіму арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага.
Ініцыятарам пілігрымкі быў кс. канонік Павел Салабуда, пробашч гродзенскай парафіі Святога Духа (Альшанка). Пілігрымка вырушыла ў шлях з гэтай наймалодшай гродзенскай парафіі. Вернікі, умацаваныя Божым благаслаўленнем, мусілі пераадолець больш за 25 км шляху.
У гэтае гарачае надвор’е адважыліся выйсці ў дарогу каля 60 чалавек, між іншым дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, былы пробашч парафіі ў Адэльску кс. канонік Валерый Быкоўскі, іншыя святары, семінарыст, сястра законная, а таксама дзеці, моладзь, дарослыя. Гэтая падзея для ўсіх іх была чымсьці новым, але доўгачаканым.
Пілігрымы жадалі праз заступніцтва св. Антонія даверыць Богу свае інтэнцыі і просьбы. Кожны ішоў са сваёй просьбай. Было вельмі спякотна, сонца так прыпякала, што пілігрымы атрымалі выдатны загар.
Юліяна Седзянеўская, якая ўдзельнічае ў пілігрымках не першы раз, з вялікім задавальненнем пайшла ў Адэльск. „Я не думала, што будзе так горача, хацелася толькі вады і трошкі дожджыку. Мне давялося пабываць у ролі адказнагa за парадак. Ідучы наперадзе, я бачыла твары пілігрымаў, бачыла, якія сілы яны прыкладалі, каб ісці, але, дзякуючы малітвам і песням, яны пераадолелі ўсе цяжкасці”, – кажа дзяўчына.
Юліяна дадае, што па дарозе вельмі цёпла і сардэчна, а галоўнае, з адкрытым сэрцам iх сустрэлі ў вёсцы Старой Дубавой.
Пілігрымаў сустрэў у Адэльску каля помніка св. Антонія, які быў устаноўлены з нагоды 520-й гадавіны існавання касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны і гэтага мястэчка, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з імі іерарх прайшоў да цудатворнага абраза св. Антонія ў касцёле. Усю ноч пілігрымы трывалі на малітве, маючы добрую нагоду маліцца як супольна, так і індывідуальна.
Kс. Юрый Марціновіч