5 мая ў Падароску (Ваўкавыскі дэканат) адзначылі 500-годдзе парафіі Св. Елісаветы Венгерскай i Божай Міласэрнасці. На ўрачыстасці сабаліся шматлікія парафіяне і госці. У ліку ганаровых гасцей прысутнічаў старшыня Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіл Сіцько.
Юбілейныя ўрачыстасці ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Першае ўзгадванне аб Падароску датуецца 1522 г. Падароск знаходзіўся ва ўладанні паслядоўна ў некалькіх шляхецкіх сем’яў: Клочкі, Дольскія, Сцыпіёны дэль Кампа, Грыбоўскія. Сям’я Чэчатаў выбудавала ў Падароску маёнтак, які ў 1854 г. Раман Бохвіца, сын вядомага філосафа, перабудаваў у стылі позняга класіцызму.
Парафія створана ў канцы XVII ст. Цяперашні касцёл пабудаваны i асвечаны ў 1993 г. Ён быў адаптаваны будынка, дзе раней было сховішча хімікатаў, а да вайны – так званы клуб пажарнікаў.
Асаблівасцю Падароска з’яўляецца таксама тое, што менавіта тут у 1802 г. нарадзіўся Максімільян Станіслаў Рылла – каталіцкі місіянер на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, філосаф, археолаг, першы даследчык старажытнага Вавілона і заснавальнік некалькіх вышэйшых навучальных установаў.
Усіх прысутных на літургіі прывітаў не такдаўно прызначаны пробашч гэтай парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч CSMA. Ён адзначыў, што гэтая ўрачыстасць – важная падзея для вернікаў парафіі.
Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за ўсіх, хто ўтварае парафіяльную супольнасць, і за ўсіх, хто духоўна і матэрыяльна падтрымлівае парафію.
Біскуп Станеўскі адзначыў у гаміліі, што гэтай падзеі не было б, “калі б не было чалавечых сэрцаў, сэрцаў вашых бацькоў, якія, слухаючы словы Евангелля, што абвяшчаліся місіянерамі, аддаліся ў няволю Міласэрнага Бога”.
Іерарх дадаў: “Сёлета мінае 500 гадоў ад таго моманту калі сэрца чалавека падароскай зямлі ўзрушылася верай; сведкаў тых падзей ужо няма з намі, але мы адчуваем іх прысутнасць праз кроў у нашых жылах і лучнасць святых”.
Ён падкрэсліў, што палова стагоддзя існавання парафіі – час зменаў, адыходы і знішчэнні, народжанні і сыходы – час узрастання новага пакалення; час надзеі і будавання рэчаіснасці на Евангеллі Езуса Хрыста, a прысутнасць такой шматлікай колькасці вернікаў на свяце – магчымасць дакрануцца і зачэрпнуць гэтай “чароўнай, Божай і падароскай цішыні”, якая спрыяе сустрэчы з Богам, магчымасці адкрыцця на Бога і на чалавека. “Сэрца чалавека, напоўненае прысутнасцю Бога і спавітае малітвай, з'яўляецца мерай чалавечай велічы, мерай каштоўнасці чалавека”, – заўважыў іерарх.
Звяртаючыся да вернікаў, біскуп заклікаў іх не губляць ахвоты да добрай перамены ў сваім жыцці і жыцці касцёла. “Зрабіце ўсё, каб прага шчасця і супакою не засталася толькі вашый марай. Няхай кожны з вас, узгадваючы свой дом і сваіх бацькоў, заўсёды гаворыць з пашанай”, – дадаў ён.
Біскуп Станеўскі, які ў епіскапаце Беларусі з’яўляецца адказным за пастырства моладзі, асаблівым чынам звярнуўся да маладых людзей. “Не бойцеся быць мудрымі будаўнікамі свайго дома і шчасця, не бойцеся будаваць на скале – гэта значыць на Хрысце. Не бойцеся будаваць свайго дома на бяспечным месцы – гэта значыць тут, у Падароску”, – сказаў ён.
Пасля літургіі і благаслаўлення біскупам памятнай дошкі ў гонар 500-годдзя парафіі ўсе прысутныя былі запрошаны пробашчам у мясцовы дом культуры на канферэнцыю “Развіццё хрысціянства на Ваўкавышчыне ў ХІІІ-ХХІ стагоддзях”.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Уладзіслаў Мігдалёнак