На ўрачыстую падзею, якaя ўжo нікoлі не паўтoрыцца, і пра яe бyдуць пісaць тoлькі гістoрыкі, прыбылі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Падчас Эўхарыстыі асабліва маліліся за ўсіх, хто паспрыяў паўстанню гэтай святыні духоўным і матэрыяльным чынам.
Адданне ў выключную ўласнасць Богу
Асвячэнне касцёла – гэта не толькі знешні акт, які завяршае доўгія працы па яго будаўніцтве. Гэта вельмі важны літургічны акт, праз які біскуп як пастыр мясцовага Касцёла ў дыяцэзіі публічна і ўрачыста прызначае ўзведзены вернікамі будынак быць святыняй Бога, каб у ёй збіралася мясцовая супольнасць хрысціян.
На пачатку біскуп Аляксандр Кашкевіч благаславіў ваду і акрапіў ёю вернікаў, якія ўтвараюць духоўную святыню, а таксама сцены касцёла і алтар. Пасля спявання Літаніі да Усіх святых іерарх прамовіў малітву асвячэння. Настала хвіліна намашчэння святым алеем алтара. Біскуп Антоні Дзям’янка намасціў таксама сцены касцёла. Намашчэнне сцен святыні – гэта знак таго, што Касцёл дасягае ўсіх куткоў свету, а таксама кожнага чалавека. Гэтыя месцы адзначаныя так званымі “закхeйкамі” – чатырма крыжамі на памяць пра гэтую ўрачыстасць.
Потым біскуп акадзіў алтар, а біскуп Юзаф Станеўскі – унутранае памяшканне святыні і вернікаў. Алтар быў накрыты белым абрусам, і на ім адбылася святая Імша, якая з’яўляецца найважнейшай часткай абраду.
Багатая і цяжкая гісторыя
У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што касцёл у Беліцы – знак Божай любові, дабрыні і ласкавасці да ўсіх людзей, жыхароў гэтай зямлі, якая шматразова перажывала змены.
Іерарх узгадаў пачаткі парафіі ў Беліцы, якія звязаны з асобай караля Казіміра Ягелончыка, што ў 1486 г. уфундаваў тут першы касцёл у гонар св. Юрыя, мучаніка.
Ён узгадаў таксама сем’і Радзівілаў і Сапегаў, якія шчодра падтрымлівалі мясцовую парафію, айцоў дамініканаў, якія тут пражывалі, фінансавалі іх парафіяльную школу пры касцёле і іншыя пабожныя справы. Святыня некалькі разоў перабудоўвалася, яе павялічвалі і стараліся надаць ёй кожны раз больш прыгожы і годны выгляд.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што не было недахопу ў гісторыі парафіі і ў цяжкіх, балючых старонках. У ХІХ ст. кляштар дамініканаў у Ельні быў зачынены, іх манаская рэзідэнцыя ліквідавана, а касцёл адабраны і ператвораны ў праваслаўную царкву. Пасля Першай сусветнай вайны касцёл вярнулі католікам, але радасць ад атрымання святыні працягвалася нядоўга.
Пачалася Другая сусветная вайна. Калі пробашча кс. Стэфана Дабравольскага расстралялі гітлераўцы, парафія асірацела. Пасля вайны касцёл адабралі ў парафіян і зачынілі.
Потым у ім зрабілі спартыўную залу мясцовай школы, зусім не клапаціліся пра стан будынка, і, калі ён перастаў быць прыдатным для далейшага выкарыстання, яго цалкам знішчылі.
Таму ўзнікла патрэба ўзвядзення новай святыні, якая сёння радуе вока і схіляе сэрца праслаўляць Бога.
Ахвяраваць найпрыгажэйшае
“Кожная святыня – гэта знак таго, што ў дадзенай мясцовасці жывуць вернікі, католікі і вызнаўцы Езуса Хрыста. Гэта знак таго, што насенне Евангелля, пасеянае стагоддзямі таму на нашых землях і ў сэрцах нашых продкаў, усё яшчэ жыве, працягвае расці і дае багатыя ўраджаі”, – сказаў біскуп Кашкевіч.
Ён дадаў, што кожная святыня – гэта таксама сведчанне таго, што тыя, хто пабудаваў яе, жывуць не толькі хлебам, што духоўныя каштоўнасці для іх важныя, што паводле старажытнай традыцыі, як рабілі іх продкі, яны здольныя ахвяраваць Пану Богу ўсё тое, што самае лепшае і прыгажэйшае.
Іерарх падзякаваў пробашчу кс. Валянціну Хведуку і вернікам за працу ўзвядзення гэтай святыні, што з’яўляецца сведчаннем іх любові да Хрыста і Яго Касцёла.
У слове на заканчэнне, спалучаным з падзякамі, пробашч парафіі падкрэсліў, што дзень асвячэння ўпісваецца залатымі літарамі ў гісторыю парафіі. Таксама кс. Хвядук падзякаваў усім, хто прычыніўся да ўзвядзення святыні, за іх малітву і матэрыяльную падтрымку.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Тамаш Мікалайчык