Skip to main content

70-годдзе біскупа Аляксандра Кашкевіча адзначылі ў гродзенскай катэдры

jubilej bp 7423 верасня ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася святая Імша падзякі за 70 гадоў жыцця біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.

У гэты дзень пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, які кіруе ім з самага пачатку заснавання дыяцэзіі – з 1991 г. – дзякаваў Пану Богу за дар свайго жыцця і за ўсіх людзей, якіх Божы Провід паставіў на ягоным шляху.

На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія святары, сёстры законныя, а таксама вернікі, якія прыбылі, каб падтрымаць малітвай свайго пастыра. Прысутнічалі дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB. Не мог не прысутнічаць і найбліжэйшы супрацоўнік біскупа Кашкевіча – дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

jubilej bp 75

Іерарх прамовіў гамілію, у якой вярнуўся думкамі да роднага дома Кашкевічаў у вёсцы Падгайдзі, у парафіі Эйшышкі Віленскай архідыяцэзіі. Ён узгадаў памерлых бацькоў біскупа Алякандра – Юзафа і Марыі, якія заклалі фундамент яго чалавечнасці, даўшы падставу для святарства.

Іерарх адзначыў, што падчас святкаванняў юбілеяў і круглых датаў заўсёды два важныя моманты: падзяка і пажаданні. Падчас падзякаў мы ўспамінаем аб дасягненнях юбіляра, падчас пажаданняў гучыць тое, што датычыць будучыні.

Ён падкрэсліў, што за больш чым 28 гадоў пастырства біскупа Кашкевіча ў дыяцэзіі было рэалізавана шмат душпастырскіх праектаў, паўстала шмат прыгожых спраў, якія прыносяць плён у сэрцах многіх дыяцэзіян. “Як шмат у гэты час было здзейснена праектаў і задумаў пастырскага клопату біскупа Аляксандра. Пра многія рэчы не ўсе ведаюць, бо, як сам шаноўны юбіляр прывык паўтараць, “менш пісання, а больш дзеяння””, – дадаў іерарх.

Па яго словах, тое, што было зроблена, безумоўна, будзе заўважана – важна, каб каб гэта дасягнула чалавека патрабуючага, згодна з Божым планам. “Прызнаем, што за гэты час змянілася аблічча зямлі, гэтай зямлі”, – сказаў іерарх.

У адрас юбіляра прагучала шмат добрых слоў і пажаданняў. Ад імя ўсіх святароў дыяцэзіі віншаванні выказаў кс. канонік Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага рэгіёну. Ад імя сясцёр законных да біскупа звярнулася с. Ерамія Кулікоўская CSFN. Да віншаванняў далучылася грэка-каталіцкая супольнасць, ад імя якой пажаданні біскупу выказаў душпастыр гродзенскай парафіі Маці Божай Фацімскай а. Андрэй Крот.

jubilej bp 89

Віншаванні выказалі між іншым таксама семінарысты, нваучэнцы Тэалагічнага каледжа св. Казіміра і наймалодшыя дыяцэзіяне – дзеці.

На заканчэнне ўрачыстасці біскуп Аляксандр падзякаваў усім за столькі цеплыні і дабрыні, колькі атрымаў і працягвае атрымліваць ад сваіх дыяцэзіян. Ён адзначыў, што для яго гэты дзень – магчымасць зірнуць на мінулае, а таксама нагода з надзеяй і адвагай углядацца ў будучыню.

Біскуп падзякаваў за прысутнасць, а асабліва за дар малітвы, якая была ў гэты дзень узнесена да Бога ў галоўнай святыні дыяцэзіі, а таксама з усіх яе бакоў.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Павел Леановіч