1 лютага дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі адзначыў пятую гадавіну прыняцця біскупскай сакры.
З гэтай нагоды вечарам біскуп цэлебраваў святую Эўхарыстыю ў супольнасці Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне – месцы, якому ён прысвяціў большасць часу свайго прэзбітэрскага служэння. Уся семінарыйная супольнасць павіншавала іерарха з нагоды 5-годдзя з часу прыняцця біскупскай сакры і ахвяравала сваю малітву ў яго інтэнцыі.
З усмешкай на твары іерарх прывітаў на пачатку Імшы выхавацеляў і семінарыстаў, якія ахвотна чакалі вяртання біскупа і дэлегацыі з Сусветных дзён моладзі ў Панаме. Ён падзяліўся яркімі момантамі перажывання сустрэчы моладзі з Папам Францішкам, а таксама ўзгадаў свае 5 гадоў біскупскага служэння – час працы і абавязкаў, адказнасці, сустрэчы з людзьмі, удзялення святых сакрамэнтаў.
У гаміліі пастыр параўнаў семінарыю з “евангельскім” зернем гарчыцы, якое праз нейкі час вырастае ў вялікую расліну, на якой нават селяцца птушкі. Біскуп заклікаў семінарыстаў, каб яны таксама адкрываліся на дзейнасць моцы Хрыста і дзякуючы сваёй самаадданасці давалі добры плён для паўсюднага Касцёла.
Падчас Імшы біскуп падзякаваў Богу за дар паўнаты святарства і за ўсіх людзей, да якіх Пан пасылаў яго штодзённа, а таксама папрасіў аб малітве ў яго інтэнцыі. Урачыстасць скончылася ў семінарыйнай сталоўцы святочнай вячэрай.
Андрэй Юхнік