22 студзеня ў Панаме распачаліся Сусветныя дні моладзі, у якіх бярэ ўдзел таксама дэлегацыя з Беларусі ў складзе 27 чалавек.
Групу з Беларусі суправаджаюць дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, aдказны за моладзь у епіскапаце нашай краіны, і двое святароў дыяцэзіі – кс. канонік Антоні Грэмза і кс. Ян Раманоўскі.
У святой Імшы на распачацце 34-х Сусветных дзён моладзі на Сінта Костэра, якую ўзначаліў арцыбіскуп Хасэ-Дамінго Ульёа Менд’ета, мясцовы ардынарый, прынялі ўдзел, па словах арганізатараў, каля 75 тыс. чалавек. Прысутнічалі таксама прэзідэнт Панамы і члены ўраду.
Сотні рознакаляровых сцягаў, сярод якіх быў сцяг Беларусі, развяваліся над галовамі моладзі з пяці кантынетаў.
Паводле арганізатараў, на СДМ у Панаме запісалася больш за 100 тыс. чалавек са 156 краін. Прыбудуць таксама каля 500 біскупаў, 380 будуць праводзіць катэхезы на 25 мовах.
23 студзеня да маладых людзей далучыцца Святы Айцец Францішак, якога прывітаюць дзве тысячы чалавек у панамскім аэрапорце "Такумэн".
Сусветныя дні моладзі праходзяць пад дэвізам “Вось я, слуга Панская, няхай мне станецца паводле твайго слова”.
Kс. Юрый Марціновіч