Гродзенская курыя ў сувязі з вялікай цікавасцю турыстаў з нашай краіны і замежжа паведаміла, што ў тэставым рэжыме пачаліся экскурсіі па тэрыторыі былога брыгіцкага кляштара, дзе знаходзіцца драўляны лямус – самы стары драўляны будынак Беларусі.
Па папярэднім запісе турысты змогуць пабачыць адзіны у сваім родзе – пабудаваны без аніводнага цвіка – архітэктурны помнік у Беларусі. Гэта ўнікальны ў многіх адносінах аб’ект, які вылучаецца асаблівай канструкцыяй і формай, мае бясспрэчныя гістарычныя, архітэктурныя і навуковыя вартасці.
У сярэдзіну будынка ўвайсці немагчыма, бо працягваюцца рэстаўрацыйныя работы: сталярныя і ўнутраныя. У будучыні там адкрыецца музей Гродзенскай дыяцэзіі, дзе будзе створана пастаянная экспазіцыя, прысвечаная дыяцэзіі, з унікальнымі кнігамі, алтарнымі абразамі, гістарычнымі фотаздымкамі, дакументамі.
Рэстаўрацыя лямуса на дзядзінцы брыгіцкага кляштара праходзіць з 2016 г. Спецыялістам удалося правесці вялікі аб'ём працаў па захаванні ўнікальнага драўлянага будынка, які паводле некаторых крыніц датуецца 1630 годам.
Над аднаўленнем працуюць архітэктары, інжынеры, дызайнеры і іншыя кваліфікаваныя спецыялісты. Яны выкарыстоўваюць гістарычныя будаўнічыя тэхналогіі, маючы багаты вопыт у гэтай вобласці. Будынак аднаўляецца дзякуючы датацыям Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. Лямус з’яўляецца ўласнасцю Гродзенскай дыяцэзіі.
Экскурсія на тэрыторыі былога кляштара брыгітак бясплатная, але можна пакінуць свае ахвяраванні, якія будуць прызначаны на аднаўленне аб’екта.
Пра экскурсійныя групы можна паведаміць па тэлефоне: +375 29 582 59 64 (Гражына Шалкевіч)
Kс. Юрый Марціновіч