23 красавіка ў Варнянах адзначылі 250-годдзе з дня пабудовы і асвячэння парафіяльнага касцёла св. Юрыя. Юбілейныя ўрачыстасці ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Падзякаваць за дар святыні, якая з’яўляецца для вернікаў месцам малітвы, сабраліся святары Астравецкага дэканату, парафіяне і шматлікія госці.
Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за ўсіх будаўнікоў і ахвярадаўцаў гэтага касцёла. Таксама агарнулі малітвай групу моладзі, якая ў гэты дзень прыняла сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
Пробашч кс. Павел Звяжынскі на пачатку распавёў гісторыю святыні, якая была пабудавана з фундацыі Марыяны Абрамовіч і асвечана біскупам Віленскім Тадэвушам Зянковічам у 1769 г. У 1880-1909 гг. касцёл быў рэканструяваны і дабудаваны.
У 1948 г. святыня была адабрана савецкімі ўладамі. Некалькі гадоў у касцёле захоўвалася збожжа мясцовага калгаса, а пазней мінеральныя ўгнаенні. Святыня была вернута парафіі ў 1989 г., тады будынак быў грунтоўна адноўлены. Паўторнае асвячэнне касцёла здзейсніў 11 красавіка 1990 г. біскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да парафіян, адзначыў, што трэба нястомна дзякаваць Богу за тое, што на нашай зямлі ёсць святыні, якія служаць нам як месцы сустрэчы з Ім. Іерарх падкрэсліў, што ў святыні адбываецца сустрэча са Стварыцелем і чалавек узгадвае пра сваё канчатковае прызначэнне.
На заканчэнне Імшы маладыя людзі падзякавалі біскупу за ўдзяленне сакрамэнту канфірмацыі і паабяцалі, што, як іх продкі, будуць дбаць пра святыню, якая з’яўляецца домам Божым. Яны абяцалі, што будуць нястомна клапаціцца пра супрацоўніцтва з Божай ласкай, каб заўсёды быць сапраўднымі сведкамі Уваскрослага Пана ў сваім навучальным асяроддзі і дома.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Ян Петрык