8 снежня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Зэльве (Слонімскі дэканат) адзначалася адпустовая ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама 30-я гадавіна з часу вяртання вернікам парафіяльнай святыні.
Па запрашэнні пробашча кс. Яцэка Маркеля CMF урачыстасць узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гэты дзень іерарх таксама ўнёс у святыню рэліквіі св. Антонія Марыі Кларэта, заснавальніка супольнасці місіянераў кларэтынаў. Святары з гэтай супольнасці з верасня 1991 г. служаць у парафіі ў Зэльве.
Сённяшні касцёл у Зэльве пачалі будаваць у 1909 г. паводле праекту архітэктара Юзафа Дзеконскага.
У 1910 г. быў асвячаны краевугольны камень. У 1913 г. будынак быў узведзены ў папярэднім выглядзе, а 29 кастрычніка гэтага ж года касцёл быў асвячаны пад тытулам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі кс. Антоніем Чарняўскім, дэканам Віленскім.
На пачатку 1950-х гадоў, у перыяд сталінізму, калі на нашых землях панаваў дух атэізму, касцёл быў зачынены і потым на працягу 40 гадоў выкарыстоўваўся ў якасці складу. У ім было зернясховішча, потым месца прыёму бутэлек.
За гэты час святыня зведала зняважлівыя адносіны, асабліва моцна пацярпеў яе ўнутраны інтэр’ер.
Толькі ў 1989 г. касцёл быў вернуты католікам. Пачалася вялікая праца па яго адраджэнні. Да гэтага часу цудам захаваліся толькі фігура Маці Божай Люрдскай і ўкрыжаванне, якія і сёння знаходзяцца ў святыні.
Парафіяне прыкладвалі шмат намаганняў, каб аднавіць касцёл.
«Дзеці яшчэ малыя былі, пойдуць у школу ці пакінем іх дома, а самі накіроўваліся ў касцёл. Увесь час тут праводзілі. Штосьці рабілі: нарыхтоўвалі лес, рэзалі дошкі. Уручную. Пад дахам вычышчалі смецце – было шмат галубінага памёту. Кроквы ставілі, пачалі крыць», – узгадвае Тэрэса Лагунская.
Жанчына падкрэслівае, што, акрамя фізічнай працы, збіраліся разам на малітве, каб праслаўляць Бога. «Адразу просты столік стаяў, на ім крыж і свечка. Так і маліліся», – дадае яна.
Пасля праведзеных рамонтаў па даручэнні біскупа Тадэвуша Кандрусевіча касцёл быў нанова асвячаны айцом Пацыфікам Дыдычам 8 снежня 1989 г., ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Сёння святыня выглядае прыгожа. Яна напоўнена вернікамі кожную нядзелю і свята.
«Пробашч нашай парафіі ведае ўсіх ад малога да вялікага. На яго вачах падрастаюць самыя маленькія парафіяне, якія зазіраюць ва ўсе куточкі святыні. Потым святар вучыць іх у катэхетычным класе, удзяляе Камунію. Пасталелых фізічна і духоўна благаслаўляе на шчаслівае сужэнскае жыццё. А пасля хрысціць іх дзяцей», – кажа Андрэй Карпічэнка.
Парафіяне падкрэсліваюць, што праца, якая была выканана на працягу апошніх гадоў з моманту вяртання касцёла, з’яўляецца пацвярджэннем таго, што зэльвенскія католікі стараюцца ўкласці душу ў святыню, зрабіць так, каб тут усім было ўтульна, цёпла, каб дарослыя маглі прыводзіць сюды сваіх дзяцей.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў вернікам за іх вялікае сэрца, якое яны ўкладваюць у аднаўленне святыні, і будаванне жывога Касцёла, які яны ўтвараюць самі. Ён падзякаваў таксама рупліваму душпастыру, які клапоціцца пра сваіх парафіян і з вялікім прысвячэннем ім служыць.
Урачыстасць завяршылася спевам гімну «Цябе, Бога, праслаўляем». Такім чынам вернікі падзякавалі Пану за ўсё, што з Яго шчодрай рукі атрымлівалі і працягваюць атрымліваць.
Кс. Юрый Марціновіч