7–9 сакавіка ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) у Гродне адбыліся велікапосныя рэкалекцыі для моладзі горада. Рэкалекцыі правёў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Наследаваць Хрыста, давяраць Яму і быць Яго сведкамі – гэта былі галоўныя думкі, якімі дзяліўся іерарх з удзельнікамі рэкалекцый, якіх кожны дзень было вельмі шмат.
Душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Антоні Грэмза, падсумоўваючы гэтыя духоўныя сустрэчы, адзначыў, што, безумоўна, яны сталі для ўдзельнікаў магчымасцю нанова ўпарадкаваць сваё жыццё і адкрыць сэрца на дзеянне Божай ласкі.
“Плённыя духоўныя практыкаванні ўмацоўваюць дух і накіроўваюць імкненні хрысціяніна да больш вернага спаўнення на зямлі задумаў Пана”, – сказаў святар наконт патрэбы ўдзелу ў такіх сустрэчах.
Арганізатарам рэкалекцый традыцыйна выступіла Акадэмічнае душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN”.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: кс. Антоні Грэмза