19 снежня ў гродзенскі катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя быў унесены бэтлеемскі агонь міру, які даставілі харцэры з польска-беларускай мяжы. Менавіта з горада над Нёманам пачалася штогадовая скаўцкая эстафета бэтлеемскага агню па гарадах і мястэчках Беларусі.
Урачыста прывітаў гэты незвычайны знак біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Як адзначыў іерарх, гэты агонь нагадвае, што ўжо хутка мы будзем адзначаць поўныя радасці і хвалы святы Божага Нараджэння i аддаваць пашану Езусу Хрысту – Сыну Божаму, які ёсць святлом свету, што асвятляе кожнага чалавека.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне нагадаў, што сёлетняя акцыя бэтлеемскага агню праходзіць пад дэвізам “Святло, якое мае моц”.
“Кожны з нас адчуе моц гэтага святла, калі суцішыць сваё сэрца, зробіць у ім месца для Пана Езуса і дазволіць, каб Ён да нас прамаўляў. Тады паселіцца ў нас Хрыстус – Сын Божы, а разам з Ім у нашых сэрцах – кожны дзень часта заклапочаных, неспакойных, сумных, змучаных – паселяцца мір, радасць, давер, узаемная любоў і дабрыня”, – дадаў іерарх.
Біскуп падзякаваў усім, хто ўдзельнічае ў перадачы гэтага сімвалу Божага Нараджэння. Словы ўдзячнасці ён выказаў харцэрам, якія прынеслі агонь у Гродна як знак Езуса Хрыста, які прыходзіць да нас у таямніцы свайго Нараджэння. Менавіта дзякуючы іх удзелу перадача бэтлеемскага агню стала пастаянным элементам калядных традыцый у горадзе над Нёманам.
Іерарх падзякаваў таксама скаўтам, якія занясуць гэты агонь у іншыя парафіяльныя супольнасці нашай краіны.
“Вы сімвалічным чынам будзеце вестунамі блізкіх святаў Божага Нараджэння. Няхай гэтае ганаровае заданне яшчэ больш мабілізуе вас штодзённа крочыць за Езусам і даваць пра Яго сведчанне словам і ўчынкам”, – сказаў біскуп.
Потым скаўты перададуць агонь у іншыя месцы нашай краіны. Дзякуючы гэтаму ён будзе даваць моц не толькі ім самім, але і ўсім, да каго яны яго занясуць.
А занесены ён будзе да ўсіх хрысціян, якія ў найбліжэйшыя дні будуць перажываць святы Божага Нараджэння. Занесены ён будзе ў шпіталі, хоспісы, да састарэлых, самотных і пакінутых. Разам з гэтым агнём да іх занясуць надзею і моц.
Акцыя бэтлеемскага агню міру бярэ пачатак у Аўстрыі ў 1986 г. Агонь перадаецца з рук у рукі з Бэтлеема. У гроце Нараджэння Пана гарыць вечны агонь. Менавіта ад яго штогод запальваецца лампада, полымя якой, што нясуць скаўты праз краіны і кантыненты, абыходзіць свет.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Ангеліна Марцішэўская