Skip to main content

біскуп Станеўскі - Гродзенская дыяцэзія

Заканчэнне навучальнага года ў гродзенскай семінарыі: прынесці свае таленты ў агульную скарбніцу

konic roku wds 3510 чэрвеня ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася святая Імша на заканчэнне 2020/2021 навучальнага года. Гэта быў ужо трыццаць першы год у гісторыі гэтай навучальнай установы.

Эўхарыстыю ўзначаліў Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец,

У Імшы ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, выкладчыкі і свецкія супрацоўнікі семінарыі і самі семінарысты.

Усіх прысутных у капліцы – сэрцы семінарыі – прывітаў рэктар кс. Віталій Вайцяхоўскі. Святар адзначыў, што гэта радасны дзень, які дае магчымасць зірнуць на пройдзены шлях, што вядзе ў семінарыйнай фармацыі да Хрыстовага алтара.

У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі казаў пра важнасць падтрымкі на шляху да святарскага служэння з боку народнай пабожнасці, якая ў кожнай дыяцэзіі нашай краіны адметная, але ў той жа час заўсёды аднолькавая, “бо сэрца чалавека ў канчатковым выніку прагне адно і тое ж”. “Зразумела, народная пабожнасць часам павярхоўная. Аднак праз яе вера ўвайшла ў сэрцы людзей, стала часткай іх пачуццяў, іх звычак і жыцця. Таму народная пабожнасць – гэта вялікі скарб Касцёла”, – дадаў іерарх.

konic roku wds 26

Біскуп падкрэсліў, што семінарыйны шлях – перыяд навучання адзін з адным і адзін ад аднаго. “Выплываючы на глыбіню нашага паклікання, як разважаў святы Ян Павел ІІ, кандыдат рыхтуецца да прыняцця Дару і зразумення Таямніцы святарства. Гэтае рашэнне выспявае і ў асабістых сустрэчах з веліччу і слабасцю чалавечага існавання”, – сказаў іерарх.

Таксама ён адзначыў, што семінарыя – гэта супольнасць у руху, пiлігрымскі шлях, са свaімі складанасцямі. “У суіснаванні, якое часам бывае складаным, трэба навучыцца быць шчодрымі, і не толькі мірыцца адзін з адным, але і ўзбагачаць адзін аднаго, каб кожны мог прынесці свае асабістыя таленты ў агульную скарбніцу, бо ўсе яны служаць той самай справе фармацыі”, – звярнуў увагу Генеральны вікарый дыяцэзіі.

Падчас Імшы семінарысты дзякавалі Богу за чарговы год фармацыі, за ўсе дасягненні ў навуковай і духоўнай сферах, за ўсіх выкладчыкаў, якія з вялікай адданасцю і самапрысвячэннем стараліся перадаць ім як мага больш ведаў і дзяліліся жыццёвым вопытам.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч падсумаваў завершаны навучальны год, выразіўшы надзею, што кожны з семінарыстаў яшчэ больш навучыўся любіць бліжніх, цаніць і шанаваць тых канкрэтных людзей, якіх Пан Бог у сваім Провідзе паставіў на іх жыццёвым шляху.

Іерарх выказаў таксама словы ўдзячнасці ўсім, якія сваім служэннем, працай і руплівасцю ўнеслі свой асабісты ўклад у дзейнасць гродзенскай Alma Mater. Ён падзякаваў рэктару, выхаваўцам і спаведнікам, усім духоўным і свецкім супрацоўнікам семінарыі за працу перадавання ведаў студэнтам.

Звярнуўшыся да семінарыстаў з нагоды заканчэння чарговага навучальнага года, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што семінарыйная фармацыя мае розныя аспекты: інтэлектуальны, духоўны, пастырскі і чалавечы.

“Усе гэтыя аспекты важныя, бо толькі тады, калі яны ўтвараюць разам гарманічную еднасць, можна казаць пра ўдалую, усебаковую фармацыю, здольную падрыхтаваць сапраўдных святароў паводле Сэрца Езуса”, – сказаў іерарх.

Семінарыстам ён пажадаў, каб летні час праходзіў радасна і спакойна, a таксама быў нагодай даваць добрае сведчанне бліжнім, спрыяў паглыбленню і ўзмацненню іх асабістай духоўнай сувязі з Езусам Хрыстом.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Павел Леановіч

 

Урачыстасць Цела і Крыві Хрыста з удзелам біскупаў прайшла ў гродзенскай катэдры

boze cialo 623 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў Эўхарыстыю ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

Разам з іерархам Імшу канцэлебравалі Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі і святары, якія служаць у катэдры, на чале з пробашчам кс. канонікам Янам Кучынскім.

У гэтым годзе з прычыны пандэміі каранавірусу на Эўхарыстыі прысутнічалі толькі мясцовыя парафіяне. Звычайна ў ёй удзельнічалі вернікі ўсіх гродзенскіх парафій, якія затым выходзілі ў эўхарыстычнай працэсіі на вуліцы горада, каб засведчыць сваю веру.

Гамілію прамовіў біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх разважаў у ёй над таямніцай прысутнасці Бога ў белай гостыі, якая, адзначыў ён, з’яўляецца “скарбам Касцёла”, “сэрцам свету”, “мэтай, да якой кожны чалавек, нават несвядома, імкнецца”.

boze cialo 48

Па словах іерарха, перад гэтай таямніцай Бога, прысутнага ў Эўхарыстыі, “мы падаем на калені, каб змяніць рытм нашага жыцця, у якім углядаемся ўдалечыню з нашым планам і надзеяй”.

Генеральны вікарый дыяцэзіі падкрэсліў, што, калі чалавек прымае Цела Хрыста, то ўваходзіць з Ім у Камунію, спалучае сваё жыццё з Ягоным.

“Аб гэтым Езус добра ведаў, таму стаўся хлебам штодзённага спажывання, дзеля штодзённага станаўлення чалавечай святасці”, – сказаў іерарх.

Біскуп дадаў, што “той, хто прагне спазнаць Езуса ў Камуніі рэцэптарамі смаку, – застанецца насычаны толькі хлебам, а той, хто прымае Яго сэрцам, – наталяе душу моцай Божай”.

Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія па касцёле. Яна спынялася ля чатырох алтароў, дзе вернікі дзякавалі Пану Богу за Яго прысутнасць у іх штодзённай рэчаіснасці, перапрашалі за грэх занядбання ў жыцці і прасілі аб моцы Яго благаслаўлення на далейшае крочанне дарогамі веры.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Вольга Сяліцкая

 

Біскуп Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам смаргонскай парафіі св. Яна Паўла ІІ

smorgon kanfirmacja 33Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні, дзе ўдзяліў вернікам сакрамэнт канфірмацыі.

Прымаючы сем дароў Духа Святога, парафіяне абавязаліся ўзрастаць у веры і вызнаваць яе ў сваім штодзённым жыцці.

У гаміліі іерарх казаў пра жывую веру з Духа Святога. Біскуп заахвоціў да таго, каб быць адважнымі сведкамі Езуса Хрыста на месцах сваёй вучобы і працы, а таксама сведчыць пра Яго словам і ўчынкам.

smorgon kanfirmacja 49

На заканчэнне Эўхарыстыі тыя, хто прыняў сакрамэнт хрысціянскай сталасці, выказалі ўдзячнасць у адрас усіх, хто рыхтаваў іх да гэтай падзеі. Між іншым вернікі падзякавалі сваім душпастырам на чале з пробашчам парафіі кс. Яўгенам Учкуронісам.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

У гродзенскай семінарыі маліліся за яе першага рэктара кс. Станіслава Кучынскага ў 25-ю гадавіну яго смерці

seminaria rocznica25 247 мая ў капліцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне семінарысты памаліліся аб супакоі для душы ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага, першага рэктара іх Alma Mater, які адышоў у вечнасць 25 гадоў таму.

Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які звярнуўся да прысутных са словам пра легендарнага ксяндза інфулата.

seminaria rocznica25 31

У гаміліі іерарх узгадаў жыццёвы шлях святара, які стаяў ля вытокаў адраджэння семінарыі. Яго лёс склаўся няпроста: прыняўшы прэзбітэрскае пасвячэнне незадоўга да верасня 1939 года, малады святар узяў на сябе ўвесь цяжар адказнасці за давераную яму парафію ў Свіры: там пасля ад’езду пробашча вікарый застаўся адзін. Гады вайны, складанае прабыванне ў парафіі ў Шэметаве пры савецкай уладзе, адраджэнне гродзенскай семінарыі – кожны крок на святарскім шляху патрабаваў ад ксяндза Станіслава Кучынскага пацвярджэння вернасці прысязе, прынесенай ля алтара Пана падчас пасвячэння.

“Ксяндза інфулата можна назваць узорам паслухмянасці. Ён умеў распазнаваць голас Божы ў голасе настаяцеляў, таму без ваганняў прыняў заклік арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ўзначаліць адроджаную ў Гродне семінарыю. А ягоным дэвізам, з якім першы рэктар часта звяртаўся да семінарыстаў, сталі словы: «Не зявай!» На ўвазе ён меў гатоўнасць заўсёды ісці далей, заўсёды быць гатовым да новых выклікаў”, – падкрэсліў біскуп Юзаф Станеўскі.

Менавіта за вялікія заслугі перад Богам і Касцёлам ксёндз Станіслаў Кучынскі быў удастоены годнасці інфулата. Нават у сталым веку ён не забываўся і пра сваіх шэметаўскіх парафіян, да якіх час ад часу наведваўся ў госці. Памёр святар 8 мая 1996 года і быў пахаваны ля роднага касцёла ў Альковічах. Памяць пра яго і сёння жыве ў сэрцах вернікаў і семінарыстаў.

Арцём Кір’янаў

Фота: Павел Леановіч

 

Біскуп Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці

berzmowanie wisniewec 504 мая Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец).

Падчас Эўхарыстыі іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі моладзі і дарослым парафіянам. Сямю дарамі Святога Духа было ўзбагачана ў гэты дзень каля 80 чалавек.

Праз прыняцце сакрамэнту Дух Святы ўвайшоў у жыццё гэтых вернікаў, каб яны былі яшчэ больш звязаны са Святой Тройцай і былі сапраўднымі сведкамі Хрыстовага ўваскрасення.

У гаміліі іерарх падкрэсліў важнасць сакрамэнту і звярнуў увагу на абавязкі, якія вынікаюць з яго прыняцця. Узгадваючы пра Апостальскую адгартацыю Папы Францішка Christus Vivit, скіраваную перш за ўсё да маладых людзей, біскуп назваў моладзь надзеяй Касцёла, што ні ў якім выпадку не можа быць па-за ім, а здольная супольна ўтвараць і нястомна ажыўляць гэты Касцёл.

berzmowanie wisniewec 41

Таму Генеральны вікарый дыяцэзіі заахвоціў моладзь актыўна ўключацца ў жыццё сваёй парафіяльнай супольнасці, бо ад маладога пакалення залежыць вельмі шмат.

Іерарх дадаў, што Касцёл існуе не толькі для людзей старэйшага ўзросту, але што асабліва малады чалавек можа кожны дзень ажыўляць і амалоджваць яго.

Біскуп пажадаў, каб прыняцце сакрамэнту канфірмацыі яшчэ больш адкрыла маладых людзей на Бога і Яго збаўчую ласку. Таксама ён пажадаў усім парафіянам, узбагачаным сямю дарамі Духа, мужна вызнаваць сваю веру і быць сапраўднымі сведкамі Уваскрослага Пана.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Баляслаў Гавецкі

 

Фігурa Маці Божай Каралевы паратунку з Мілана прыбыла ў лідскую парафію Святой Сям’і

lida figura 471 мая, ва ўспамін св. Юзафа, рамесніка, у парафіі Святой Сям’і ў Лідзе адбыўся дзень засяроджання і малітвы праз заступніцтва Апекуна Святой Сям’і.

Набажэнства адбылося з нагоды таго, што ў Каталіцкім Касцёле праходзіць год, прысвечаны святому Юзафу. А па распараджэнні біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча касцёл Святой Сям’і ў Лідзе з’яўляецца юбілейнай святыняй, у якой можна атрымаць адпусты.

Асаблівай падзеяй для парафіяльнай супольнасці стала прыбыццё фігуры Маці Божай Каралевы паратунку з Мілана.

На працягу ўсяго дня парафіяне мелі магчымасць узносіць малітвы праз заступніцтва святога Юзафа, разважаць над яго асобай, а таксама прыступіць да сакрамэнту пакаяння, каб потым атрымаць поўны адпуст.

lida figura 28

Кульмінацыйнай часткай дня стала ўрачыстая святая Імша, якую цэлебраваў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

Aндрэй Юхнік

 

13-ю гадавіну асвячэння капліцы ў гонар благаслаўлёнай Цэліны Бажэцкай адзначылі з біскупам Юзафам Станеўскім

13 gadavina 5У нядзелю 2 мая адзначалася 13-я гадавіна асвячэння капліцы ў гонар благаслаўлёнай Цэліны Бажэцкай ў Абрэмшчыне. Святкаванні з гэтай нагоды ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

У парафіяльнай святыні Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Заневічах біскуп цэлебраваў Імшу, падчас якой у гаміліі нагадаў вернікам пра важнасць таго, каб заставацца ў еднасці з Хрыстом – праўдзівай Лазой, а таксама пра гэтую еднасць з Хрыстом у жыцці благаслаўлёнай Цэліны.

13 gadavina 3

Пасля Імшы вернікі разам з біскупам і ксяндзом Юрыем Ясевічам накіраваліся ў Абрэмшчыну, якая размешчана прыблізна ў 2 км ад заневіцкай святыні і дзе знаходзіцца каплічка. Ля капліцы, на зямлі радавога маёнтку Бажэнцкіх, прысутныя памаліліся аб заступніцтве благаслаўлёнай і ўшанавалі Бога песнямі ў яе гонар.

Цэліна Бажэнцкая (Хлудзінская) нарадзілася 29 кастрычніка 1833 г. у Антовілі каля Оршы ў Магілёўскай вобласці ў сям’і шляхціца Ігнацыя Далжгі Хлудзінскага і Разаліі Клементыны.

13 gadavina 2

У 1845 г. сям’я пераехала ў Ласковічы пад Віцебскам, а ў 1853 г. – у Вільню. Цэліна абрала сваім духоўным кіраўніком біскупа Вацлава Жылінскага і, маючы намер стаць манахіняй, усталявала кантакт з манахінямі віленскага кляштара. Аднак бацькі планавалі выдаць яе замуж, і яна, паводле парады спаведніка, пагадзілася з іх воляй і ў 1853 г. выйшла замуж за Юзафа Бажэнцкага, уладальніка маёнтку Абрэмшчына каля Гродна.

Праз некалькі гадоў яе муж памёр, і Цэліна з дзвюма дочкамі-падлеткамі вярнулася ў Літву, каб пахаваць яго ў радавым маёнтку ў Абрэмшчыне і арганізаваць маёмасныя справы. Але ў небяспецы быць арыштаванымі з-за навучання дзяцей у 1875 г. Бажэнцкая пакінула радзіму. Яны з дочкамі жылі ў Рыме і там усталявалі кантакт з а. Пятром Семяненкам з супольнасці змёртвыхпаўстанцаў, які стаў іх духоўным кіраўніком.

13 gadavina 4

Цэліна з малодшай дачкой, а потым і з кандыдатамі ў іх супольнасць спрабавала здзейсніць сваё імкненне да рэлігійнага жыцця пад кіраўніцтвам кс. Семяненкі згодна з “Правілам васьмі благаслаўленняў сясцёр Уваскрасення Пана нашага Езуса Хрыста”. Гэты шлях аказаўся няпростым; спаведнік некалькі разоў прасіў яе далучыцца разам з дачкой да той ці іншай ужо існуючай рэлігійнай супольнасці, але Цэліна адчувала, што ўсё павінна быць інакш.

З 1886 г., пасля смерці кс. Пятра, Цэліна і яе дачка Ядвіга заняліся справай самастойна. Яны шукалі кіраўніцтва і дапамогі ў касцёльных іерархаў, святароў і сяброў.

13 gadavina 1

6 студзеня 1891 г. Цэліна і Ядвіга прынеслі вечныя манаскія абяцанні, а тры сястры іх супольнасці – часовыя. Гэтая дата лічыцца днём афіцыйнага заснавання Кангрэгацыі Сясцёр Змертвыхпаўстання, чый лозунг – “Праз крыж і смерць да ўваскрасення і хвалы”.

Цэліна Бажэнцкая адышла ў вечнасць 26 кастрычніка 1913 г. у Кракаве, а 27 кастрычніка 2007 г. у базыліцы св. Яна на Латэране ў Рыме адбылася яе беатыфікацыя.

Кс. Юрый Ясевіч

 

Grodnensis.by віншуе біскупа Юзафа Станеўскага з імянінамі

basket 1846135 1280Яго Эксцэленцыі Біскупу Юзафу Станеўскаму з нагоды імянін складаем сардэчныя пажаданні шчодрых Божых ласкаў і толькі шчаслівых хвілін.

Няхай кожны дзень будзе напоўнены радасцю, цеплынёй і надзеяй. Няхай усе планы і задумы ажыццяўляюцца дзякуючы падтрымцы Святога Духа і саўдзелу добрых людзей.

Дзякуем за адкрытае сэрца і малітоўную падтрымку! Няхай Маці Божая заўсёды Вамі апекуецца, а св. Заступнік няспынна вядзе па дарозе да збаўлення!

Рэдакцыя партала

Біскуп Станеўскі ў свята св. Казіміра: трэба вярнуцца да малітвы, каб у нас было дастаткова мудрасці і сілы

karzimieza katedra 244 сакавіка ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца свята св. каралевіча Казіміра, апекуна дыяцэзіі.

З гэтай нагоды ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя адбылася ўрачыстая Імша, якую ўзначаліў Генеральны вікарый дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі

На Эўхарыстыі, падчас якой асаблівым чынам маліліся за ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, сабраліся шматлікія жыхары горада над Нёманам, які атуляе сваёй прысутнасцю святы каралевіч, спачылы ў нядзельную раніцу 4 сакавіка 1484 г. ва ўзросце няпоўных 26 гадоў у каралеўскім замку.

У гаміліі біскуп Станеўскі адзначыў, што тым, хто хацеў бы бліжэй пазнаёміцца з жыццём св. Казіміра, дастаткова прайсці вуліцай ад старога каралеўскага замка ў Гродне ў напрамку месца, дзе раней была Фара Вітаўта, на прыступках якой святы часта маліўся ноччу.

Іерарх дадаў, што св. Казімір “адмовіўся ад прывілеяў і гонару каралеўскага роду, не жадаў улады, пазбягаў забаваў і раскошы двору, працаваў і ваяваў, быў вядомы шчодрасцю да найбяднейшых, а таксама ўсё жыццё захоўваў абяцанне чыстасці, дасканала рэалізуючы вучэнне Хрыста, якое знаходзіцца ў Евангеллі”.

Біскуп падкрэсліў, што святы не занябоўваў духоўнага жыцця, спалучаючы каралеўскія абавязкі з абавязкамі вучня Хрыста.

Па словах іерарха, з часоў святога Казіміра прайшло ўжо шмат стагоддзяў, сёння мы жывём у новым свеце, з механізацыяй і камп’ютарызацыяй, але, нягледзячы на гэта, ён можа і павінен быць прыкладам для сучаснага чалавека.

“Менавіта ён прапануе нам простыя і канкрэтныя ўказальнікі шляху, якія могуць быць паспяховай дапамогай на жыццёвай дарозе сучаснага чалавека. Ён вучыць, як аданавіць веру ў нашых сем’ях, супольнасцях і грамадстве”, – адзначыў біскуп.

Іерарх звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што св. Казімір, які глыбока шанаваў Маці Божую і Эўхарыстыю, “падказвае нам, што мы павінны вярнуцца да малітвы, каб у нас было дастаткова мудрасці і сілы”, “вучыць нас, што толькі штодзённая малітва і часты ўдзел у святой Імшы дазволяць нам змяняць сучасны свет”.

karzimieza katedra 32

Усіх прысутных у святыні біскуп заахвоціў на ўзор апекуна дыяцэзіі нястомна імкнуцца да святасці і ставіць Бога ў цэнтр свайго жыцця.

На Эўхарыстыі маліліся таксама за ўсіх, хто атрымаў падчас хросту імя св. Казіміра. Між іншым узгадалі Апостальскага адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца, спачылых святароў, якія насілі імя святога каралевіча, нядаўна памерлага а. Казіміра Жыліса SJ, кс. Казіміра Войнюша, кс. Казіміра Гваздовіча.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Ангеліна Марцішэўская

 

Біскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію ў Рандзілаўшчыне

staniewski 114 лютага Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафіяльную супольнасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Рандзілаўшчыне (Дзятлаўскі дэканат).

Іерарх узначаліў у мясцовым касцёле святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафію на чале з яе пробашчам кс. Андрэем Пышынскім.

На Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за ўсіх хворых і церпячых, а таксама тых, хто знаходзіцца ў шпіталях. Акрамя таго, маліліся аб спыненні пандэміі каранавірусу і аб міры ў сэрцы кожнага чалавека.

Біскуп нагадаў вернікам, што ўжо хутка ў Каталіцкім Касцёле распачнецца час Вялікага посту. Ён пажадаў, каб гэты літургічны перыяд яны выкарысталі адпаведным чынам, адкрываючы свае сэрцы на дзеянне Божай ласкі.

staniewski 2

На заканчэнне Эўхарыстыі пробашч парафіі выказаў словы ўдзячнасці дапаможнаму біскупу дыяцэзіі за прыбыццё і дар супольнай малітвы.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Пазіраючы назад, ідучы наперад

bp 25 35Мінула ўжо сем гадоў з таго часу, як рэктар і выкладчык Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі прыняў біскупскае пасвячэнне. З гэтай нагоды дапаможны біскуп і генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўзгадвае сем важных падзей з гэтага перыяду. 

  1. Візіт ad limina Apostolorum. 

ad limina apostolorum

З 31 студзеня па 7 лютага 2018 года ў Ватыкане праходзіў чацвёрты ў гісторыі Касцёла ў Беларусі візіт біскупаў ad limina Apostolorum.

“Я ўпершыню ў жыцці ўдзельнічаў у падобным мерапрыемстве. Разам з іншымі біскупамі нашай краіны мы накіраваліся да Наступніка св. Пятра, каб выказаць жывую супольнасць з Апостальскай Сталіцай і калегіяльную адказнасць за Паўсюдны Касцёл. Візіт «ad limina» заўсёды з’яўляецца своеасаблівым урокам эклезіялогіі, глыбокім досведам Таямніцы Касцёла. Гэта таксама знак той лучнасці, якая заключаецца ва ўзаемапранікненні Паўсюднага і мясцовых Касцёлаў. Гэта ўнікальная магчымасць падзяліцца досведам і багажом нашага Касцёла, як і зачарпнуць духоўнае багацце, знаходзячыся ля магіл апосталаў”.

2. Сустрэчы з моладдзю.

panama

Удзел у Сусветных днях моладзі ў Кракаве (2016 г.) і Панаме (2019 г.).

“Я цаню сустрэчы з маладзёнамі, таму што, як паўтараў ініцыятар Сусветных дзён моладзі і верны іх сябар св. Ян Павел ІІ, «з кім павядзешся, ад таго і набярэшся». Трэба знаходзіцца побач з маладымі людзьмі. Аб гэтым клапаціўся святы Папа, які быў выкладчыкам ва ўніверсітэце, праводзіў канікулы з моладдзю, ведаў яе праблемы. Ён разумеў маладога чалавека. Таму трэба быць з моладдзю. Выслухваць. Бачыць яе боль, тугу, жаданні. Папа Францішак у апостальскай адгартацыі «Christus vivit» («Хрыстос жывы») выказаў меркаванне, што Касцёл павінен праяўляць салідарнасць з цярпеннямі маладых людзей і суправаджаць іх у цяжкім лёсе. Моладзь – гэта будучыня нацыі. Якім будзе яе выхаванне, такой будзе будучыня дадзенай краіны, Еўропы, свету і Касцёла”.

3. Сярэбраны юбілей Гродзенскай дыяцэзіі.

jubileusz diecezji

24–26 мая 2016 года ў Гродне адбылося святкаванне 25-годдзя ўзнікнення дыяцэзіі, спалучанае з Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсам.

“З гонарам магу сказаць, што я адзін з тых людзей, якія сталі сведкамі ўтварэння нашай дыяцэзіі. Я стаяў ля вытокаў узнікнення структур мясцовага Касцёла, спачатку як семінарыст, потым як святар. Святкуючы першы такі юбілей дыяцэзіі і яе біскупа, мы выказалі ўдзячнасць Богу за ўсіх, хто ўнёс свой уклад у стварэнне новай гісторыі і з кім ішлі супольнай дарогай. Гэта была таксама нагода, каб зазірнуць у будучыню, каб з яшчэ большай стараннасцю абвяшчаць Евангелле. Устанаўліваючы ў 1991 годзе новую дыяцэзію, Святы Айцец Ян Павел ІІ меў вялікае жаданне дапамагчы нам далей развіваць жыццё Касцёла, якім мы з’яўляемся, а праз гэта – паглыбляць сваю звышнатуральную сувязь з уваскрослым Хрыстом, які праз Святога Духа робіць нас адной сям’ёй Божых дзяцей”.

4. Досвед убоства.

doswied ubostwa

На заканчэнне Надзвычайнага юбілейнага года міласэрнасці ў 2016 годзе Святы Айцец Францішак устанавіў у Каталіцкім Касцёле Сусветны дзень убогіх.

“Мне давялося шмат разоў сустракацца з людзьмі беднымі і тымі, якія не маюць сталага месца жыхарства. Разам з працаўнікамі дабрачыннай арганізацыі «Карытас» мы неаднаразова наведвалі начныя прытулкі. Я меў нагоду раздзяліць калядны пасілак з беднымі ў сталовай, якую вядуць сёстры назарэтанкі ў Гродне. Як падкрэсліваў папа Францішак у сваім апошнім пасланні на IV Сусветны дзень убогіх, мы не можам быць «у парадку», калі член нашай чалавечай сям’і адсунуты на задворкі і становіцца ценем. Крык маўчання многіх бедных павінен дайсці да Божага люду, які заўсёды і ўсюды гатовы даць ім голас, выказаць салідарнасць з імі і запрасіць да ўдзелу ў жыцці супольнасці. Пры гэтым, паводле слоў св. Грыгорыя Вялікага, важна памятаць, што калі мы даём патрабуючым самае неабходнае, мы даём тое, што належыць ім, а не нам”.

5. Сярэбраны юбілей святарства і залаты – жыцця.

jubileusz swiatarstwa zyccia

У 2020 годзе іерарх адзначаў 25-годдзе прыняцця святарскіх пасвячэнняў і 50-ую гадавіну з дня нараджэння.

“Кожны юбілей – гэта нагода быць удзячным Богу за сілу і ласку трываць, а таксама людзям, якіх Ён паставіў на маім шляху, і за ўчыненае дабро. Пакліканне – гэта дар Божай ласкі, і ні ў якім разе не права чалавека. Святарства нельга разумець як простае чалавечае адрозненне, але кожны з пакліканых павінен з самага пачатку напоўніць сваё сэрца захапленнем і ўзрушанасцю, удзячнасцю і даверам, а таксама надзеяй. Таму, адзначаючы ўласныя юбілеі, я не хацеў звяртаць увагу на сябе, але прагнуў вылучыць тых людзей, якім абавязаны сваім жыццём, верай і пакліканнем, а таксама звярнуць увагу на ўсе падзеі, якія са мной адбыліся”.

6. Сустрэчы з сем’ямі.

sustreczy z siemjami

У ліпені 2019 года адзначалася 25-годдзе ўстанаўлення дыяцэзіяльнага санктуарыя ў Тракелях.

“Я да гэтага часу выдатна памятаю тысячы прыгожых і шчаслівых сем’яў, якія прыбылі ў санктуарый Каралевы Нашых Сем’яў у Тракелях, каб падзякаваць Богу за дар Марыі як нашай Маці. Кожны раз, сустракаючыся з сужэнцамі, хачу заахвоціць іх супрацьстаяць гэтым вялікім выклікам сучаснага свету, не губляць мужнасці і памятаць, што яны не адны: Хрыстос верыць у іх; Касцёл ідзе разам з імі; людзі добрай волі глядзяць на іх з даверам! Як сказаў св. Ян Павел ІІ у апостальскай адгартацыі «Familiaris Consortio», кожная сям’я паклікана ствараць будучыню чалавецтва, фарміраваць аблічча зямлі. У гэтай няпростай справе няхай усіх сужэнцаў падтрымлівае і накіроўвае Панна Марыя Каралева Нашых Сем’яў, якая разам са сваім мужам Юзафам перажыла ў доме ў Назарэце радасныя і цяжкія хвіліны сямейнага жыцця”.

7. Удзячнасць апостальству “Маргарытка”.

margarytki

Сутнасцю апостальства з’яўляецца штодзённая малітва за канкрэтных святароў.

“Я нястомна дзякую Богу за ўсіх членаў Апостальства малітвы за святароў «Маргарытка». Магу з упэўненасцю сказаць, што гэтая вялікая армія вернікаў на самой справе робіць тое, да чаго заклікаў нас св. Ян Павел II, кажучы, што «мы ўсе нясём адказнасць за святарскія пакліканні». Яны прынялі гэтыя словы глыбока ў сэрца і пачалі маліцца! Падчас сустрэч з членамі апостальства я заўважаю, наколькі ім важна, каб нашы святары былі вернымі, разважлівымі, святымі, каб вялі Касцёл бяспечным шляхам у Абяцаную зямлю – у Неба. Дзякуючы іх малітвам, посту і ахвярам нашы святары могуць прысвяціць сябе служэнню іншым, рэалізаваць разнастайныя душпастырскія ініцыятывы, узводзіць святыні”.

Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч

 

У свята Ахвяравання Пана семінарысты маліліся ў інтэнцыі новых пакліканняў і кансэкраваных асобаў

gromnicy wds 52 лютага супольнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адзначыла свята Ахвяравання Пана.

Гэтае свята нагадвае вернікам пра евангельскую падзею, якая адбылася калісьці ў Ерузалемскай святыні. Згодна з законам Майсея, кожная жанчына, якая нарадзіла дзіця, лічылася нячыстай, не мела магчымасці ўвайсці ў святыню і павінна была прайсці абрад ачышчэння, а першанец кожнага павінен быць ахвяраваны Богу як знак падзякі за выратаванне першанцаў падчас Зыходу з Егіпта.

Такі абрад чакаў і сям’ю з Назарэта. Марыі і Юзафу належала прынесці ў ахвяру пару туркавак або дзвюх галубак, што яны і ўчынілі. Такім чынам Ерузалемская святыня стала месцам сустрэчы Бога з чалавецтвам, а ахвяраванне Езуса ў святыні – правобразам ахвяры, якую потым Ён прынёс Богу Айцу на крыжы.

Раніцай, абудзіўшыся крыху пазней, чым заўсёды, семінарысты сабраліся ў капліцы на супольнай Ютрані, тэксты якой у гэты дзень засяроджваліся на падзеі ахвяравання Езуса ў святыні і былі насычаны глыбокім зместам.

Паразважаўшы над урыўкам Евангелля, прызначаным на свята Ахвяравання, будучыя святары чакалі распачацця галоўнай падзеі дня – св. Імшы.

Як паведамляе vdsgrodna.by, святочную Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Канцэлебравалі Імшу ксёндз прэлат Ежы Лявіньскі і выхавацелі семінарыі на чале з рэктарам кс. Віталіем Вайцяхоўскім.

Падчас Імшы ўся семінарыная супольнасць малілася за кансэкраваных асобаў – тых, кто прысвяціў сваё служэнне Богу і Касцёлу, аб новых пакліканнях і развіцці кансэкраванага жыцця.

Андрэй Юхнік

Фота: Павел Леановіч

Сёмую гадавіну сакры біскупа Юзафа Станеўскага адзначылі ў семінарыі

sakra stanewski 51 лютага 2014 г. Касцёл на Гродзеншчыне атрымаў дапаможнага біскупа, якім стаў тагачасны рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксёндз прэлат Юзаф Станеўскі.

Яго біскупскае пасвячэнне прайшло ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксавэрыя.

З таго радаснага моманту ўжо мінула сем насычаных служэннем Касцёлу на Беларусі гадоў.

Як паведамляе vdsgrodna.by, у сваю чарговую гадавіну прыняцця біскупскай сакры дапаможны біскуп і Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі на світанку цэлебраваў св. Імшу ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

За сем гадоў апостальскага служэння біскупа Юзафа Станеўскага таксама дзякавалі Богу выхавацелі і навучэнцы семінарыі – менавіта тыя, з кім іерарх праводзіць сваё паўсядзённае жыццё.

У гаміліі біскуп заахвоціў як семінарыстаў, так і прысутных святароў да пакорнага служэння Касцёлу незалежна ад свайго статусу, пасады, узросту і магчымасцяў. “Пакліканы не таму, што святы, а святы таму, што пакліканы”, – так нагадаў іерарх аб тым, што у першую чаргу ўсе мы пакліканы да святасці.

Андрэй Юхнік

Фота: Павел Леановіч

 

Смаргонскія вернікі ўдзельнічалі ў набажэнстве “Транзітус”

nabozenstwo smorgon 230 студзеня, напярэдадні ўрачыстасці св. Яна Боско, вернікі Смаргоні ўдзельнічалі ў адмысловым набажэнстве “Транзітус”, якое ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Гэта малітоўнае чуванне напярэдадні ўспаміну святога, якое мае карані ў францішканскай традыцыі.

nabozenstwo smorgon 1

“Транзітус” даслоўна азначае пераход, і ў дадзеным выпадку маецца на ўвазе пераход душы ксяндза Боско ў радасць Нябеснага Валадарства. Пераход, які неад’емна звязаны з смерцю, з’яўляецца ў пэўным сэнсе сумным, бо асоба перастае жыць у зямных рэаліях, але для хрысціянаў гэта адначасова вельмі радасны дзень, бо калі гэты чалавек святы і чысты ў вачах Бога, ён у той момант нараджаецца для неба.

“Транзітус” св. Яна Боско – момант яго сустрэчы з Богам тварам у твар. Праз разважанне над гэтым момантам удзельнікі набажэнства хочуць так, як ён, добра падрыхтавацца да свайго пераходу і мець у сэрцах за мэту толькі Божы Дом.

nabozenstwo smorgon 5

Набажэнства складаецца з трох частак: нешпары на ўрачыстасць святога, выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і апошні дзень навэнны да св. Яна Боско, чытанне жыццяпісу апошніх дзён святога. Падзеі, даты і людзі, якія ўзгадваліся падчас набажэнства, дапамагалі вернікам глыбей перажыць апошнія дні святога і ўвайсці ў клімат “транзітусу” айца і настаўніка моладзі.

Марта Адахоўская

 

Біскуп Юзаф Станеўскі адзначае сёмую гадавіну прыняцця біскупскай сакры

bp 25 211 лютага дапаможны біскуп i Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі адзначае сёмую гадавіну прыняцця біскупскай сакры.

29 лістапада 2013 года Папа Францішак прызначыў ксяндза прэлата Юзафа Станеўскага дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі з прысваеннем звання тытулярнага біскупа дыяцэзіі Tabaicara.

bp 25 35

1 лютага 2014 г. у гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксавэрыя шматгадовы рэктар і выхавацель Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прыняў біскупскае пасвячэнне. Галоўным пасвячаючым быў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, асістуючымі – Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Дэвізам свайго пастырскага служэння іерарх абраў словы “Evangelii gaudium” (“Радасць Евангелля”). Так называецца першая Апостальская адгартацыя Папы Францішка, якая распачынаецца словамі: “Радасць Евангелля напаўняе сэрцы і жыццё тых, хто сустракаецца з Хрыстом”.

У структуры епіскапату біскуп Юзаф з’яўляецца Генеральным сакратаром Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, старшынёй Рады па справах свецкiх i моладзі, пастырства студэнтаў і працаўнікоў універсітэтаў, членам Камiсii па справах фармацыi семiнарыстаў i святароў.

bp 25 34

З нагоды сямігоддзя прыняцця сакры рэдакцыя grodnensis.by жадае біскупу Юзафу паўнаты евангельскай радасці і надзеі, а таксама шчодрых дароў Духа Святога, каб ён і далей з вялікім прысвячэннем служыў вернікам нашай дыяцэзіі. Няхай штодзённае служэнне біскупа прыносіць шчодрыя плёны!

Са свайго боку дзякуем за плённае супрацоўніцтва з рэдакцыяй, за кожны добры жэст і слова, звернутыя да нас.

Рэдакцыя

 

За ксяндза прэлата Пятра Барташэвіча i ксяндза Фелікса Сароку памаліліся ў Адэльску ў 30-ю гадавіну іх смерці

adelsk 3014 студзеня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) адбылася Імша з нагоды 30-годдзя смерці кс. прэлата Пятра Барташэвіча і кс. Фелікса Сарокі, якія былі пробашчамі гэтай парафіяльнай супольнасці.

На Эўхарыстыі, якую ўзначаліў Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, сабраліся шматлікія вернікі, якія яшчэ памятаюць спачылых святароў.

Імшу канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі і святары. 

Ксёндз Пётр і ксёндз Фелікс былі сябрамі. Арцыбіскуп Кандрусевіч у гаміліі нагадаў, як пасля доўгай адсутнасці святара ў Адэльску ў 1955 г. туды прыбыў вызвалены з лагераў кс. Пётр Барташэвіч. Вернікі адразу ўбачылі ў ім таленавітага і адданага Божай справе, добра адукаванага пастыра, чалавека малітвы і дыялогу, дадаў іерарх. 

Ён падкрэсліў, што асаблівую ўвагу кс. Барташэвіч прысвячаў хрысціянскаму выхаванню моладзі: адразу арганізаваў вялікую групу міністрантаў, вучыў іх служэнню ля алтара, але адначасова пільнаваў, як яны вучацца ў школе. 

Як дадаў арцыбіскуп, кс. Барташэвіч бараніў правы Касцёла, усё гэта не падабалася ўладам у часы ваяўнічага атэізму, і яны пастанавілі перавесці яго ў іншае месца. Па словах іерарха, гэта быў складаны час для адэльскай парафіі, якая магла застацца без святара. Але кс. Пётр не выехаў, пакуль з Парэчча не змог прыбыць кс. Фелікс Сарока. Такім чынам дзякуючы яго настойлівасці яшчэ адзін святар мог працаваць на ніве Касцёла ў Беларусі, сказаў арцыбіскуп.

adelsk 24

Іерарх нагадаў, што кс. Фелікс адзначаўся педантычнасцю ў захаванні літургічных нормаў. “А вядома, што, як кажа лацінскі выраз, “Lex orandi, lex credenti”, што азначае “Як молішся, так і верыш”. Таму намаганні ксяндза Фелікса ў захаванні літургічных нормаў былі вельмі важнымі”, – заўважыў ён. 

Таксама іерарх успомніў, як перад яго прэзбітэрскім пасвячэннем кс. Фелікс зрабіў яму практычны экзамен у адэльскім касцёле на прадмет цэлебрацыі Імшы. 

Арцыбіскуп заклікаў вернікаў захоўваць памяць аб сваіх святарах, маліцца ў іх інтэнцыях, каб Бог прыняў іх у сваё Валадарства, і прасіць Пана аб новых пакліканнях да святарства.

Пасля Імшы біскупы і група вернікаў накіраваліся на парафіяльныя могілкі, дзе пахаваны кс. Фелікс Сарока, і на яго магіле памаліліся аб дары жыцця вечнага для яго.

Ксёндз Фелікс Сарока нарадзіўся ў 1910 г. У 1932-1938 гг. вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Вільні. У 1938 г. арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі ўдзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.

Затым быў прызначаны вікарыем у парафію ў Васількаве каля Беластока. Пасля Другой сусветнай вайны быў пробашчам парафіі ў Парэччы недалёка ад Гродна. Больш за тры гады быў пазбаўлены савецкімі ўладамi т. зв. даведкі за катэхізацыю дзяцей і моладзі.

Падчас пераезду кс. Пятра Барташэвіча з Адэльска ў Жалудок кс. Фелікс Сарока атрымаў дазвол для душпастырскай працы ў Адэльску. З 1963 г. да сваёй смерці, 15 студзеня 1991 г., выконваў там функцыю пробашча.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Ксяндза Пятра Барташэвіча ўзгадaлi ў Жалудку ў 30-ю гадавіну яго смерці

zeludok 4813 студзеня ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку (Шчучынскі дэканат) адбылася святая Імша ў інтэнцыі былога пробашча гэтай парафіяльнай супольнасці кс. прэлата Пятра Барташэвіча.

Святар быў пробашчам у Жалудку на працягу 27 гадоў, да сваёй смерці.

На малітве ў парафіяльнай святыні сабраліся шматлікія вернікі, у жывой памяці якіх застаецца гэты руплівы святар, які з вялікім прысвячэннем і адданасцю служыў ім, асаблівым чынам клапоцячыся пра маладое пакаленне вернікаў.

Прыбылі таксама святары, сёстры законныя і іерархі з Гродна: ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі.

Літургію ў інтэнцыі спачылага святара ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі.

Усіх прысутных прывітаў пробашч парафіі кс. канонік Ян Рэйшэль. 

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў пра жыццёвы шлях святара Пятра Барташэвіча: спачатку служэнне ў Віцебскай вобласці, потым ссылку ў Сібір, служэнне ў Адэльску і Жалудку. 

Іерарх асаблівую ўвагу засяродзіў на арганізатарскіх і красамоўніцкіх здольнасцях гэтага заслужанага для Касцёла ў Беларусі святара. У часы атэізму яго адрознівала імкненне да евангелізацыі моладзі, што было забаронена ўладамі. Але ён добра ведаў, што моладзь – гэта будучыня грамадства і Касцёла, таму шмат працаваў з мэтай яе духоўнай фармацыі.

zeludok 34

Шмат намаганняў ён, па словах арцыбіскупа, прыклаў у сферы адкрыцця паклікання да святарства і фармацыі будучых святароў. Яго дом у Жалудку стаў сапраўдным домам фармацыі. Менавіта ён падрыхтаваў да святарства кс. прэлата Антонія Ханько, пробашча парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Гродне. Таксама, як адзначыў арцыбіскуп, ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч удзячны кс. Пятру за тое, што спаткаў яго на шляху падрыхтоўкі да святарства.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што ксёндз Пётр залатымі літарамі ўпісаўся ў гісторыю захавання веры ў часы ганенняў у Беларусі. Ён стаяў ля вытокаў яе адраджэння, быў прыкладам клопату пра пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця, і з яго неабходна браць прыклад, сказаў іерарх.

Арцыбіскуп дадаў, што ідуць гады і дзесяцігоддзі, пасля смерці кс. Пятра Барташэвіча вырасла новае пакаленне, але памяць аб ім жыве, бо ён абвяшчаў жывое Евангелле Хрыста і вёў людзей шляхам збаўлення. “Верым, што сваім ахвярным служэннем ён заслужыў сабе вянок славы ў Божым Валадарстве, аб чым молім Міласэрнага Езуса”, – адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі.

Aрцыбіскуп прызнаўся, што вельмі многім удзячны ксяндзу Пятру: “З усёй адказнасцю магу сказаць, што калі б не ксёндз Пётр Барташэвіч і падобныя да яго, я не змог бы стаць святаром”

Падчас Эўхарыстыі маліліся таксама за спачылага Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта, які, як падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч, быў вялікім сябрам Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.

Пасля заканчэння Імшы духавенства і вернікі накіраваліся на парафіяльныя могілкі, дзе на магіле кс. Барташэвіча памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, просячы аб дары неба для яго.

Вернікі парафіі ў Жалудку падкрэсліваюць і сёння, што, хоць прайшло ўжо 30 гадоў з часу смерці іх былога пробашча, у сэрцах многіх жывуць яго словы, якімі ён звяртаўся да іх з амбоны. Яны памятаюць яго навуку, прасякнутую Божай мудрасцю і глыбінёй яго святарскай душы, якой ён умеў дзяліцца з кожным, каго сустракаў.

Сёння, праз 30 гадоў з часу смерці ксяндза Барташэвіча, можна смела сцвярджаць, што ён заклаў падмурак для адраджэння Касцёла ў нашай краіне, у цяжкія гады ганенняў бараніў веру і ўмацоўваў яе.

Ксёндз Пётр Барташэвіч нарадзіўся 29 чэрвеня 1914 г. у Вільні, дзе скончыў школу і гімназію. У 1934 г. паступіў вучыцца ў семінарыю ў Вільню. У 1939 г. атрымаў ступень магістра тэалогіі. 16 чэрвеня 1940 г. у Вільні арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі ўдзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.

Спачатку служыў вікарыем у Шумску, а пазней – у віленскай Кальварыі. У кастрычніку 1941 г. быў накіраваны на працу ў Зембіна пад Мінскам, але не трапіў туды. Па просьбе дэкана кс. Антонія Зянкевіча, тагачаснага генеральнага вікарыя біскупа ў сваім дэканаце, ён застаўся ў парафіі ў Глыбокім.

У 1943 г. быў пробашчам парафіі ў Пярплішчы, у 1946 г. – пробашчам парафіі ў Крулеўшчызне. Восенню быў арыштаваны і прывезены ў Полацк. Яго абвінавацілі ў тым, што ён не верыць у моц Чырвонай арміі, прымушаў дзяцей маліцца і актыўна ўдзельнічаў у сустрэчах святароў.

У пачатку 1949 г. быў асуджаны на 25 гадоў лагераў, пазбаўленне грамадзянскіх правоў на 5 гадоў і канфіскацыю маёмасці. Спачатку быў накіраваны ў турму ў Оршу, адтуль – у лагер Старая Вятка ў Рэспубліку Комі. Праз два гады быў высланы ў лагер Чуна ў Сібір. Быў вызвалены 1 мая 1955 г., прыбыў у парафію ў Пярплішчы, дзе касцёл быў ужо зачынены.

Ксёндз Пётр звярнуўся ў Гродна да дэкана кс. Міхала Арановіча, які накіраваў яго ў Адэльск. 13 чэрвеня 1955 г., пасля атрымання адпаведных дакументаў, пачаў там працу. Займаўся моладдзю, пры касцёле арганізаваў спартыўныя спаборніцтвы. У адэльскай школе не было піянераў і камсамольцаў, і ўлады абвінавачвалі ў гэтым ксяндза. З-за гэтага па распараджэнні ўладаў ён быў вымушаны пакінуць Адэльск і пачаў працу ў Жалудку. З-за вельмі руплівай працы ў яго адабралі дакументы (т. зв. даведку).

Ксёндз Барташэвіч паехаў у Маскву, каб сустрэцца там з Румянцавым, старшынёй Найвышэйшай рады па справах рэлігіі. Пасля гэтай сустрэчы святар атрымаў дакументы.

У 1963 г. ён быў вымушаны пакінуць парафію ў Адэльску і накіравацца ў Жалудок, дзе выконваў функцыі пробашча да самай смерці. Дзякуючы старанням кс. Пятра ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Рызе быў прыняты Антоні Ханько, шматгадовы канцлер біскупскай курыі ў Гродне. Ксёндз Пётр разам з кс. Юзафам Грасевічам заснаваў патаемную супольнасць сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. У 1990 г. ён стаў папскім прэлатам.

13 студзеня 1991 г. памёр у Жалудку, дзе быў пахаваны каля магілы сваёй маці.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Біскуп Юзаф Станеўскі: пераадолець страх перад будучыняй

perapraszenne rb 25Любая моладзь, дарагія сябры!

Адышоў у гісторыю 2020 год, калі мы адзначалі 100-годдзе з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ. Так сталася, што гэты год прынёс усяму чалавецтву і нашаму народу нямала цяжкасцяў і выпрабаванняў.

Падводзячы яго вынікі, многія называлі гэты год самым нешчаслівым, найгоршым з усіх.

Чалавецтва, сям’я роду людскога ва ўсе часы сутыкаецца з рознымі праблемамі. Раней мы ўжо згадвалі словы святога Амброзія, які заўважыў, што тое, што нас сустракае ў жыцці, ужо было перажыта раней нашымі продкамі.

Вядома, нас больш хвалююць тыя праблемы, з якімі нам даводзіцца сутыкацца сёння. Нас хвалююць пытанні, адкуль гэтыя праблемы ўзяліся і як знайсці іх вырашэнне. Святы Ян Павел ІІ, якому быў прысвечаны мінулы Пастырскі год у Касцёле на Беларусі, што праходзіў пад дэвізам «Адчыніце дзверы Хрысту», запрашае нас паглядзець на гэта шырэй, вачыма веры, у якой мы былі ахрышчаны.

Святы сябра моладзі казаў: «Пакуты не з’яўляюцца пакараннем за грахі ці адказам Бога на чалавечае зло. Іх можна зразумець толькі ў святле Божай любові, якая з’яўляецца галоўным сэнсам усяго, што існуе ў гэтым свеце» (З выступлення ў Ольштынскай дзіцячай бальніцы, 1991 г.).

Ён казаў, што страх і занепакоенасць перад будучыняй мы не можам цалкам пераадолець інакш, як толькі разам (З прамовы ў ААН, 1995 г.).

Нехта скажа: дзён моладзі ў дыяцэзіях не было, пілігрымак — таксама, сустрэча Тэзэ прайшла анлайн, аплаткавыя вечары не праводзіліся, не ўдалося сабрацца на парафіядах, моладзевых чуваннях і іншых традыцыйных мерапрыемствах, якія ладзяцца ў Касцёле для юнакоў і дзяўчат. Так, сябры, гэта праўда, але ўсё гэта абавязкова вернецца, і мы зноў будзем без страху сустракацца з нашымі аднагодкамі і аднадумцамі.

Разам з тым я дзякую вам, дарагая моладзь, за вашу любоў; за тое, што вы дазволілі, каб Бог палюбіў іншых людзей праз вас у гэтай складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, з якой мы ўсе сутыкнуліся ўпершыню.

Дарагія сябры, у свята Хросту Пана на пачатку 2021 года я, парафразуючы выказванне святога Яна Паўла ІІ, жадаю і нагадвааю вам: «Сёння свету <…> патрэбныя людзі, моцныя сэрцам, якія служаць з пакорай і любоўю, бласлаўляюць і не праклінаюць, а, бласлаўляючы, зямлю здабываюць». (З гаміліі ў Сопаце, 1999 г.).

На самым пачатку свайго пантыфікату Папа-славянін сказаў вельмі важныя для ўсіх нас і заўсёды актуальныя словы: «Чалавека <…> нельга цалкам зразумець без Хрыста. Дакладней, чалавек не можа цалкам разумець сябе без Хрыста. Ён не можа зразумець, хто ён, ні якая яго годнасць, ані яго пакліканне і канчатковы лёс» (З гаміліі ў Варшаве, 1979 г.). А праз шмат гадоў ужо пажылы Папа казаў:

«На першы погляд можа падацца недарэчным прывязваць Божую прысутнасць да пэўнага месца. Але вы павінны памятаць, што час і месца цалкам належаць Богу» (З гаміліі ў Лагеўніках, 2002 г.).

Дарагія сябры! Падчас калядных і навагодніх святаў, як гэта прынята ўжо з даўніх часоў, мы ўсе пачулі і выказалі адно аднаму шмат цудоўных пажаданняў. Завяршаючы гэты святочны перыяд Нараджэння Пана і ўспамінаючы Хрост Збаўцы, я жадаю ўсім вам і кожнаму паасобку, каб бэтлеемскае святло ніколі не згасла ў вашым жыцці. Няхай радасць Божай прысутнасці перадаецца ад сэрца да сэрца і ад дома да дома па ўсёй нашай сінявокай Бацькаўшчыне, па ўсім свеце, які прагне Хрыстовай любові.

Няхай кожны дзень Новага года будзе напоўнены гэтай Божай прысутнасцю, а таксама благаслаўленнем, шчасцем і здароўем душы і цела.

Біскуп Юзаф Станеўскі

Паводле Catholic.by

 

Біскуп Станеўскі ў лідскай Фары: у Хрысце мы знойдзем поўны сэнс і мэту свайго жыцця

16 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара). 

У парафіяльнай святыні іерарх узначаліў урачыстую Імшу, падчас якой таксама благаславіў крэйду, каб адзначаць ёю дзверы дамоў і памяшканняў.

У гаміліі ён засяродзіў увагу на ўрачыстасці, якая святкавалася ў гэты дзень.

Іерарх падкрэсліў, што да Езуса можна крочыць рознымі шляхамі і да Яго вядуць розныя сцежкі. “Адны – як пастухі – толькі спусціліся з гары ў мястэчка Бэтлеем, каб пакланіцца нованароджанаму Езусу. Іншыя – як Тры каралі – мусілі прайсці доўгі шлях, каб урэшце сустрэцца з Езусам і ахвяраваць Яму свае дары. Сёння мы захапляемся намаганнямі і адвагай гэтых мудрацоў”, – дадаў біскуп.

3

Ён падкрэсліў, што ў кожнага чалавека ёсць хвіліны, калі не хочацца ісці далей, калі падаеш змучаны, калі прыходзіць спакуса, каб вярнуцца або прынамсі застацца на тым жа месцы. Таму іерарх заахвоціў у такія хвіліны, калі губляецца ахвота, прыгледзецца да Трох каралёў, а таксама да многіх іншых нашых святых і благаслаўлёных, якія ніколі не стамляліся ў дарозе, а шукалі праўды, сапраўднай крыніцы мудрасці і сэнсу жыцця.

“Яны сёння з’яўляюцца прыкладам для нас, каб мы паглыблялі нашу веру, былі людзьмі надзеі і даверу, каб мы ў Хрысце знайшлі поўны сэнс і мэту свайго жыцця”, – сказаў біскуп.

На заканчэнне Імшы пробашч парафіі кс. канонік Уладзімір Гуляй падзякаваў іерарху за ўжо традыцыйную прысутнасць у гэты дзень сярод іх.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Адпустовая ўрачыстасць з удзелам біскупа Станеўскага прайшла ў лідскай парафіі Святой Сям’і

otpust sw rodzina 4027 снежня лідская парафія Святой Сям’і адзначыла парафіяльную ўрачыстасць. Галоўную адпустовую Эўхарыстыю, на якой сабраліся шматлікія вернікі і святары, узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. 

У гэты дзень у парафіі гасціла “Радыё Марыя” на чале з дырэктарам кс. Аляксандрам Фаміных. Імша з удзелам біскупа Станеўскага транслявалася па радыё.

На пачатку літургіі ўсіх гасцей прывітаў пробашч парафіі кс. Руслан Мазан. Святар зазначыў вялікі ўклад у развіццё парафіі і адданасць людзям былога пробашча кс. Юзафа Ганьчыца, які восенню адышоў у вечнасць.

otpust sw rodzina 29

Біскуп Станеўскі ў гаміліі засяродзіў увагу на постацях маленькага Езуса Хрыста, Маці Божай і св. Юзафа. “Цяпер наш позірк скіраваны на Святую Сям’ю ў Бэтлееме, якая з’яўляецца прыкладам еднасці і любові для нашых сем’яў. Гледзячы на постаці пастушкоў, бачым прыклад здаровых адносін паміж людзьмі, а тры каралі вучаць нас шукаць правільныя шляхі ў вырашэннях гаспадарчых, эканамічных і палітычных справаў”, – сказаў іерарх.

Біскуп звярнуў увагу на вартасць бацькоўства ў сучасным грамадстве.

“Матулі, старайцеся далікатна калыхаць вашых дзетак у калысках, бо ад выхавання аднаго дзіцяці залежыць заўтрашні лёс”, – адзначыў ён.

Пасля Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Падчас адарацыі прысутныя памаліліся Літаніяй да Маці Божай і заспявалі гімн “Цябе, Божа, праслаўляем”.

Aндрэй Юхнік

Біскуп Юзаф Станеўскі цэлебраваў Пастэрку ў гродзенскай катэдры

katedra 9Святую Імшу Пастэрку ў ноч Божага Нараджэння ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне цэлебраваў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

На Імшы сабраліся шматлікія парафіяне, а таксама жыхары Гродна. Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся ў інтэнцыі ўсіх, хто ў гэты дзень не можа адчуць сапраўднай радасці з-за цярпення і хваробы.

У гаміліі біскуп падкрэсліў, што Езус сваёй любоўю хоча адкрываць сэрцы людзей і гатовы нараджацца штодзённа, каб мы паверылі ў Яго любоў.

Іерарх адзначыў, што ва ўрачыстасць Божага Нараджэння разам з пастухамі і мудрацамі мы схіляем калені перад таямніцай Бога, які стаўся Чалавекам. 

“У Бэтлееме Юдэйскім пачалася прыгожая гісторыя, прыгода вандравання чалавека з Богам: Хрыстус увайшоў у гісторыю чалавецтва, у жыццё кожнага з нас, каб мы нанова “ад Бога нарадзіліся” і такім чынам сталі адзін аднаму братам і сястрой – ствараючы прыгожую сям’ю дзяцей Божых сінявокай Бацькаўшчыны”, – сказаў дапаможны біскуп дыяцэзіі.

Іерарх дадаў, што бэтлеемская ноч – гэта незагорнутая старонка гісторыі, рэчаіснасць, якая працягваецца ў збаўчым парадку, таксама тут і цяпер.

“Хрыстус, які нарадзіўся ў Бэтлееме, жыве ў сваім Касцёле, прыходзіць да нас у таямніцы Эўхарыстыі. Ахвяруе нам сваё Цела і Кроў, на ўмацаванне, на годнае жыццё, на абяцанне вечнасці, да якой мы ідзём. Хрыстус – добры, як хлеб. А Бэтлеем у перакладзе азначае Дом хлеба”, – заўважыў біскуп.

Ён дадаў, што “дом – гэта сям’я, якую памятаем з дзіцячых гадоў, біццё сэрца маці і цеплыня рук бацькі, супольная малітва, падарункі і чаканне, таямніца і сюрпрыз; дом – гэта школа захоўвання Божых запаведзяў, выхавання ў абароне веры і падтрымкі традыцый нашых бацькоў”.

katedra 10

Іерарх выказаў самыя сардэчныя віншаванні ўсім удзельнікам святочнай літургіі, а таксама тым, хто далучыўся да малітвы праз інтэрнэт. Ён пажадаў, каб Езус знайшоў годнае месца ў кожным чалавечым сэрцы, a святло бэтлеемскай зоркі было знакам трывалага міру.

“Няхай у вашым жыцці будзе дастаткова веры і надзеі, спавітых братэрскай і сяброўскай любоўю, каб мы маглі захаваць спакой і згоду ў нашым грамадстве, прабачаючы адзін аднаму”, – дадаў біскуп Станеўскі. 

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Эдварда Паўлавец

 

Аплаткавая сустрэча прайшла ў супольнасці гродзенскай семінарыі

oplatek seminaria 418 снежня навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне здалі апошнія залікі, а таксама скончыліся лекцыі і заняткі першага семестра. Традыцыйна перад ад’ездам на святочныя канікулы ў семінарыі адбылася аплаткавая сустрэча.

Кожны год, каб падзяліцца аплаткай і павіншаваць адзін аднаго, збіраецца вялікая колькасць гасцей, выкладчыкаў і працаўнікоў, якія працавалі і працуюць у семінарыі. Але сёлета ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй сустрэча прайшла ў вельмі блізкім коле: акрамя семінарыстаў і мадэратараў семінарыі былі запрошаны толькі тыя працаўнікі, якія штодзённа цесна кантактуюць з семінарыстамі. 

Са словамі прывітання да прысутных звярнуўся дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які перадаў святочныя віншаванні для семінарыйнай супольнасці ў Гродне ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Пазней усе маглі павіншаваць адзін аднаго з надыходзячымі святамі Божага Нараджэння, дзелячыся аплаткамі.

oplatek seminaria 3

Семінарысты распавялі пра традыцыі вігілійнай вячэры і святкавання Божага Нараджэння і прачыталі некалькі вершаў. Суправаджалася сустрэча спевамі калядак музычнага гурта “AVE”. 

На заканчэнне сустрэчы рэктар кс. Віталь Вайцяхоўскі падзякаваў прысутным за адданасць, працу і ўклад у функцыянаванне семінарыі, а таксама пажадаў знайсці праўдзівую радасць і спакой, якія нясе нованароджаны Езус.

Aндрэй Юхнік

Фота: Павел Леановіч

 

Біскуп Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі моладзі гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля

dzewiatouka 4913 кастрычніка Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафіяльную супольнасць Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка).

Саракагадзіннае набажэнства, канфірмацыя, дажынкі і працэсія: парафія ў Іўі адзначыла ўспамін святога Францішка

iue kanf 664 кастрычніка Рыма-Каталіцкі Касцёл успамінае святога Францішка, заступніка навакольнага асяроддзя і аднаго з апекуноў парафіі ў Іўі. У адным з алтароў парафіяльнага касцёла знаходзіцца абраз святога, датаваны 1784 годам.