Skip to main content

У свята Ахвяравання Пана семінарысты маліліся ў інтэнцыі новых пакліканняў і кансэкраваных асобаў

gromnicy wds 52 лютага супольнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адзначыла свята Ахвяравання Пана.

Гэтае свята нагадвае вернікам пра евангельскую падзею, якая адбылася калісьці ў Ерузалемскай святыні. Згодна з законам Майсея, кожная жанчына, якая нарадзіла дзіця, лічылася нячыстай, не мела магчымасці ўвайсці ў святыню і павінна была прайсці абрад ачышчэння, а першанец кожнага павінен быць ахвяраваны Богу як знак падзякі за выратаванне першанцаў падчас Зыходу з Егіпта.

Такі абрад чакаў і сям’ю з Назарэта. Марыі і Юзафу належала прынесці ў ахвяру пару туркавак або дзвюх галубак, што яны і ўчынілі. Такім чынам Ерузалемская святыня стала месцам сустрэчы Бога з чалавецтвам, а ахвяраванне Езуса ў святыні – правобразам ахвяры, якую потым Ён прынёс Богу Айцу на крыжы.

Раніцай, абудзіўшыся крыху пазней, чым заўсёды, семінарысты сабраліся ў капліцы на супольнай Ютрані, тэксты якой у гэты дзень засяроджваліся на падзеі ахвяравання Езуса ў святыні і былі насычаны глыбокім зместам.

Паразважаўшы над урыўкам Евангелля, прызначаным на свята Ахвяравання, будучыя святары чакалі распачацця галоўнай падзеі дня – св. Імшы.

Як паведамляе vdsgrodna.by, святочную Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Канцэлебравалі Імшу ксёндз прэлат Ежы Лявіньскі і выхавацелі семінарыі на чале з рэктарам кс. Віталіем Вайцяхоўскім.

Падчас Імшы ўся семінарыная супольнасць малілася за кансэкраваных асобаў – тых, кто прысвяціў сваё служэнне Богу і Касцёлу, аб новых пакліканнях і развіцці кансэкраванага жыцця.

Андрэй Юхнік

Фота: Павел Леановіч