Skip to main content

Смаргонскія вернікі ўдзельнічалі ў набажэнстве “Транзітус”

nabozenstwo smorgon 230 студзеня, напярэдадні ўрачыстасці св. Яна Боско, вернікі Смаргоні ўдзельнічалі ў адмысловым набажэнстве “Транзітус”, якое ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Гэта малітоўнае чуванне напярэдадні ўспаміну святога, якое мае карані ў францішканскай традыцыі.

nabozenstwo smorgon 1

“Транзітус” даслоўна азначае пераход, і ў дадзеным выпадку маецца на ўвазе пераход душы ксяндза Боско ў радасць Нябеснага Валадарства. Пераход, які неад’емна звязаны з смерцю, з’яўляецца ў пэўным сэнсе сумным, бо асоба перастае жыць у зямных рэаліях, але для хрысціянаў гэта адначасова вельмі радасны дзень, бо калі гэты чалавек святы і чысты ў вачах Бога, ён у той момант нараджаецца для неба.

“Транзітус” св. Яна Боско – момант яго сустрэчы з Богам тварам у твар. Праз разважанне над гэтым момантам удзельнікі набажэнства хочуць так, як ён, добра падрыхтавацца да свайго пераходу і мець у сэрцах за мэту толькі Божы Дом.

nabozenstwo smorgon 5

Набажэнства складаецца з трох частак: нешпары на ўрачыстасць святога, выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і апошні дзень навэнны да св. Яна Боско, чытанне жыццяпісу апошніх дзён святога. Падзеі, даты і людзі, якія ўзгадваліся падчас набажэнства, дапамагалі вернікам глыбей перажыць апошнія дні святога і ўвайсці ў клімат “транзітусу” айца і настаўніка моладзі.

Марта Адахоўская

 

салезіяне, біскуп Станеўскі, Смаргонь