10 чэрвеня ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася святая Імша на заканчэнне 2020/2021 навучальнага года. Гэта быў ужо трыццаць першы год у гісторыі гэтай навучальнай установы.
Эўхарыстыю ўзначаліў Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец,
У Імшы ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, выкладчыкі і свецкія супрацоўнікі семінарыі і самі семінарысты.
Усіх прысутных у капліцы – сэрцы семінарыі – прывітаў рэктар кс. Віталій Вайцяхоўскі. Святар адзначыў, што гэта радасны дзень, які дае магчымасць зірнуць на пройдзены шлях, што вядзе ў семінарыйнай фармацыі да Хрыстовага алтара.
У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі казаў пра важнасць падтрымкі на шляху да святарскага служэння з боку народнай пабожнасці, якая ў кожнай дыяцэзіі нашай краіны адметная, але ў той жа час заўсёды аднолькавая, “бо сэрца чалавека ў канчатковым выніку прагне адно і тое ж”. “Зразумела, народная пабожнасць часам павярхоўная. Аднак праз яе вера ўвайшла ў сэрцы людзей, стала часткай іх пачуццяў, іх звычак і жыцця. Таму народная пабожнасць – гэта вялікі скарб Касцёла”, – дадаў іерарх.
Біскуп падкрэсліў, што семінарыйны шлях – перыяд навучання адзін з адным і адзін ад аднаго. “Выплываючы на глыбіню нашага паклікання, як разважаў святы Ян Павел ІІ, кандыдат рыхтуецца да прыняцця Дару і зразумення Таямніцы святарства. Гэтае рашэнне выспявае і ў асабістых сустрэчах з веліччу і слабасцю чалавечага існавання”, – сказаў іерарх.
Таксама ён адзначыў, што семінарыя – гэта супольнасць у руху, пiлігрымскі шлях, са свaімі складанасцямі. “У суіснаванні, якое часам бывае складаным, трэба навучыцца быць шчодрымі, і не толькі мірыцца адзін з адным, але і ўзбагачаць адзін аднаго, каб кожны мог прынесці свае асабістыя таленты ў агульную скарбніцу, бо ўсе яны служаць той самай справе фармацыі”, – звярнуў увагу Генеральны вікарый дыяцэзіі.
Падчас Імшы семінарысты дзякавалі Богу за чарговы год фармацыі, за ўсе дасягненні ў навуковай і духоўнай сферах, за ўсіх выкладчыкаў, якія з вялікай адданасцю і самапрысвячэннем стараліся перадаць ім як мага больш ведаў і дзяліліся жыццёвым вопытам.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч падсумаваў завершаны навучальны год, выразіўшы надзею, што кожны з семінарыстаў яшчэ больш навучыўся любіць бліжніх, цаніць і шанаваць тых канкрэтных людзей, якіх Пан Бог у сваім Провідзе паставіў на іх жыццёвым шляху.
Іерарх выказаў таксама словы ўдзячнасці ўсім, якія сваім служэннем, працай і руплівасцю ўнеслі свой асабісты ўклад у дзейнасць гродзенскай Alma Mater. Ён падзякаваў рэктару, выхаваўцам і спаведнікам, усім духоўным і свецкім супрацоўнікам семінарыі за працу перадавання ведаў студэнтам.
Звярнуўшыся да семінарыстаў з нагоды заканчэння чарговага навучальнага года, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што семінарыйная фармацыя мае розныя аспекты: інтэлектуальны, духоўны, пастырскі і чалавечы.
“Усе гэтыя аспекты важныя, бо толькі тады, калі яны ўтвараюць разам гарманічную еднасць, можна казаць пра ўдалую, усебаковую фармацыю, здольную падрыхтаваць сапраўдных святароў паводле Сэрца Езуса”, – сказаў іерарх.
Семінарыстам ён пажадаў, каб летні час праходзіў радасна і спакойна, a таксама быў нагодай даваць добрае сведчанне бліжнім, спрыяў паглыбленню і ўзмацненню іх асабістай духоўнай сувязі з Езусам Хрыстом.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Леановіч