7 мая ў капліцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне семінарысты памаліліся аб супакоі для душы ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага, першага рэктара іх Alma Mater, які адышоў у вечнасць 25 гадоў таму.
Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які звярнуўся да прысутных са словам пра легендарнага ксяндза інфулата.
У гаміліі іерарх узгадаў жыццёвы шлях святара, які стаяў ля вытокаў адраджэння семінарыі. Яго лёс склаўся няпроста: прыняўшы прэзбітэрскае пасвячэнне незадоўга да верасня 1939 года, малады святар узяў на сябе ўвесь цяжар адказнасці за давераную яму парафію ў Свіры: там пасля ад’езду пробашча вікарый застаўся адзін. Гады вайны, складанае прабыванне ў парафіі ў Шэметаве пры савецкай уладзе, адраджэнне гродзенскай семінарыі – кожны крок на святарскім шляху патрабаваў ад ксяндза Станіслава Кучынскага пацвярджэння вернасці прысязе, прынесенай ля алтара Пана падчас пасвячэння.
“Ксяндза інфулата можна назваць узорам паслухмянасці. Ён умеў распазнаваць голас Божы ў голасе настаяцеляў, таму без ваганняў прыняў заклік арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ўзначаліць адроджаную ў Гродне семінарыю. А ягоным дэвізам, з якім першы рэктар часта звяртаўся да семінарыстаў, сталі словы: «Не зявай!» На ўвазе ён меў гатоўнасць заўсёды ісці далей, заўсёды быць гатовым да новых выклікаў”, – падкрэсліў біскуп Юзаф Станеўскі.
Менавіта за вялікія заслугі перад Богам і Касцёлам ксёндз Станіслаў Кучынскі быў удастоены годнасці інфулата. Нават у сталым веку ён не забываўся і пра сваіх шэметаўскіх парафіян, да якіх час ад часу наведваўся ў госці. Памёр святар 8 мая 1996 года і быў пахаваны ля роднага касцёла ў Альковічах. Памяць пра яго і сёння жыве ў сэрцах вернікаў і семінарыстаў.
Арцём Кір’янаў
Фота: Павел Леановіч