18 снежня навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне здалі апошнія залікі, а таксама скончыліся лекцыі і заняткі першага семестра. Традыцыйна перад ад’ездам на святочныя канікулы ў семінарыі адбылася аплаткавая сустрэча.
Кожны год, каб падзяліцца аплаткай і павіншаваць адзін аднаго, збіраецца вялікая колькасць гасцей, выкладчыкаў і працаўнікоў, якія працавалі і працуюць у семінарыі. Але сёлета ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй сустрэча прайшла ў вельмі блізкім коле: акрамя семінарыстаў і мадэратараў семінарыі былі запрошаны толькі тыя працаўнікі, якія штодзённа цесна кантактуюць з семінарыстамі.
Са словамі прывітання да прысутных звярнуўся дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які перадаў святочныя віншаванні для семінарыйнай супольнасці ў Гродне ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Пазней усе маглі павіншаваць адзін аднаго з надыходзячымі святамі Божага Нараджэння, дзелячыся аплаткамі.
Семінарысты распавялі пра традыцыі вігілійнай вячэры і святкавання Божага Нараджэння і прачыталі некалькі вершаў. Суправаджалася сустрэча спевамі калядак музычнага гурта “AVE”.
На заканчэнне сустрэчы рэктар кс. Віталь Вайцяхоўскі падзякаваў прысутным за адданасць, працу і ўклад у функцыянаванне семінарыі, а таксама пажадаў знайсці праўдзівую радасць і спакой, якія нясе нованароджаны Езус.
Aндрэй Юхнік
Фота: Павел Леановіч