Святую Імшу Пастэрку ў ноч Божага Нараджэння ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне цэлебраваў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.
На Імшы сабраліся шматлікія парафіяне, а таксама жыхары Гродна. Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся ў інтэнцыі ўсіх, хто ў гэты дзень не можа адчуць сапраўднай радасці з-за цярпення і хваробы.
У гаміліі біскуп падкрэсліў, што Езус сваёй любоўю хоча адкрываць сэрцы людзей і гатовы нараджацца штодзённа, каб мы паверылі ў Яго любоў.
Іерарх адзначыў, што ва ўрачыстасць Божага Нараджэння разам з пастухамі і мудрацамі мы схіляем калені перад таямніцай Бога, які стаўся Чалавекам.
“У Бэтлееме Юдэйскім пачалася прыгожая гісторыя, прыгода вандравання чалавека з Богам: Хрыстус увайшоў у гісторыю чалавецтва, у жыццё кожнага з нас, каб мы нанова “ад Бога нарадзіліся” і такім чынам сталі адзін аднаму братам і сястрой – ствараючы прыгожую сям’ю дзяцей Божых сінявокай Бацькаўшчыны”, – сказаў дапаможны біскуп дыяцэзіі.
Іерарх дадаў, што бэтлеемская ноч – гэта незагорнутая старонка гісторыі, рэчаіснасць, якая працягваецца ў збаўчым парадку, таксама тут і цяпер.
“Хрыстус, які нарадзіўся ў Бэтлееме, жыве ў сваім Касцёле, прыходзіць да нас у таямніцы Эўхарыстыі. Ахвяруе нам сваё Цела і Кроў, на ўмацаванне, на годнае жыццё, на абяцанне вечнасці, да якой мы ідзём. Хрыстус – добры, як хлеб. А Бэтлеем у перакладзе азначае Дом хлеба”, – заўважыў біскуп.
Ён дадаў, што “дом – гэта сям’я, якую памятаем з дзіцячых гадоў, біццё сэрца маці і цеплыня рук бацькі, супольная малітва, падарункі і чаканне, таямніца і сюрпрыз; дом – гэта школа захоўвання Божых запаведзяў, выхавання ў абароне веры і падтрымкі традыцый нашых бацькоў”.
Іерарх выказаў самыя сардэчныя віншаванні ўсім удзельнікам святочнай літургіі, а таксама тым, хто далучыўся да малітвы праз інтэрнэт. Ён пажадаў, каб Езус знайшоў годнае месца ў кожным чалавечым сэрцы, a святло бэтлеемскай зоркі было знакам трывалага міру.
“Няхай у вашым жыцці будзе дастаткова веры і надзеі, спавітых братэрскай і сяброўскай любоўю, каб мы маглі захаваць спакой і згоду ў нашым грамадстве, прабачаючы адзін аднаму”, – дадаў біскуп Станеўскі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Эдварда Паўлавец