3 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў Эўхарыстыю ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Разам з іерархам Імшу канцэлебравалі Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі і святары, якія служаць у катэдры, на чале з пробашчам кс. канонікам Янам Кучынскім.
У гэтым годзе з прычыны пандэміі каранавірусу на Эўхарыстыі прысутнічалі толькі мясцовыя парафіяне. Звычайна ў ёй удзельнічалі вернікі ўсіх гродзенскіх парафій, якія затым выходзілі ў эўхарыстычнай працэсіі на вуліцы горада, каб засведчыць сваю веру.
Гамілію прамовіў біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх разважаў у ёй над таямніцай прысутнасці Бога ў белай гостыі, якая, адзначыў ён, з’яўляецца “скарбам Касцёла”, “сэрцам свету”, “мэтай, да якой кожны чалавек, нават несвядома, імкнецца”.
Па словах іерарха, перад гэтай таямніцай Бога, прысутнага ў Эўхарыстыі, “мы падаем на калені, каб змяніць рытм нашага жыцця, у якім углядаемся ўдалечыню з нашым планам і надзеяй”.
Генеральны вікарый дыяцэзіі падкрэсліў, што, калі чалавек прымае Цела Хрыста, то ўваходзіць з Ім у Камунію, спалучае сваё жыццё з Ягоным.
“Аб гэтым Езус добра ведаў, таму стаўся хлебам штодзённага спажывання, дзеля штодзённага станаўлення чалавечай святасці”, – сказаў іерарх.
Біскуп дадаў, што “той, хто прагне спазнаць Езуса ў Камуніі рэцэптарамі смаку, – застанецца насычаны толькі хлебам, а той, хто прымае Яго сэрцам, – наталяе душу моцай Божай”.
Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія па касцёле. Яна спынялася ля чатырох алтароў, дзе вернікі дзякавалі Пану Богу за Яго прысутнасць у іх штодзённай рэчаіснасці, перапрашалі за грэх занядбання ў жыцці і прасілі аб моцы Яго благаслаўлення на далейшае крочанне дарогамі веры.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Вольга Сяліцкая