14 студзеня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) адбылася Імша з нагоды 30-годдзя смерці кс. прэлата Пятра Барташэвіча і кс. Фелікса Сарокі, якія былі пробашчамі гэтай парафіяльнай супольнасці.
На Эўхарыстыі, якую ўзначаліў Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, сабраліся шматлікія вернікі, якія яшчэ памятаюць спачылых святароў.
Імшу канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі і святары.
Ксёндз Пётр і ксёндз Фелікс былі сябрамі. Арцыбіскуп Кандрусевіч у гаміліі нагадаў, як пасля доўгай адсутнасці святара ў Адэльску ў 1955 г. туды прыбыў вызвалены з лагераў кс. Пётр Барташэвіч. Вернікі адразу ўбачылі ў ім таленавітага і адданага Божай справе, добра адукаванага пастыра, чалавека малітвы і дыялогу, дадаў іерарх.
Ён падкрэсліў, што асаблівую ўвагу кс. Барташэвіч прысвячаў хрысціянскаму выхаванню моладзі: адразу арганізаваў вялікую групу міністрантаў, вучыў іх служэнню ля алтара, але адначасова пільнаваў, як яны вучацца ў школе.
Як дадаў арцыбіскуп, кс. Барташэвіч бараніў правы Касцёла, усё гэта не падабалася ўладам у часы ваяўнічага атэізму, і яны пастанавілі перавесці яго ў іншае месца. Па словах іерарха, гэта быў складаны час для адэльскай парафіі, якая магла застацца без святара. Але кс. Пётр не выехаў, пакуль з Парэчча не змог прыбыць кс. Фелікс Сарока. Такім чынам дзякуючы яго настойлівасці яшчэ адзін святар мог працаваць на ніве Касцёла ў Беларусі, сказаў арцыбіскуп.
Іерарх нагадаў, што кс. Фелікс адзначаўся педантычнасцю ў захаванні літургічных нормаў. “А вядома, што, як кажа лацінскі выраз, “Lex orandi, lex credenti”, што азначае “Як молішся, так і верыш”. Таму намаганні ксяндза Фелікса ў захаванні літургічных нормаў былі вельмі важнымі”, – заўважыў ён.
Таксама іерарх успомніў, як перад яго прэзбітэрскім пасвячэннем кс. Фелікс зрабіў яму практычны экзамен у адэльскім касцёле на прадмет цэлебрацыі Імшы.
Арцыбіскуп заклікаў вернікаў захоўваць памяць аб сваіх святарах, маліцца ў іх інтэнцыях, каб Бог прыняў іх у сваё Валадарства, і прасіць Пана аб новых пакліканнях да святарства.
Пасля Імшы біскупы і група вернікаў накіраваліся на парафіяльныя могілкі, дзе пахаваны кс. Фелікс Сарока, і на яго магіле памаліліся аб дары жыцця вечнага для яго.
Ксёндз Фелікс Сарока нарадзіўся ў 1910 г. У 1932-1938 гг. вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Вільні. У 1938 г. арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі ўдзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.
Затым быў прызначаны вікарыем у парафію ў Васількаве каля Беластока. Пасля Другой сусветнай вайны быў пробашчам парафіі ў Парэччы недалёка ад Гродна. Больш за тры гады быў пазбаўлены савецкімі ўладамi т. зв. даведкі за катэхізацыю дзяцей і моладзі.
Падчас пераезду кс. Пятра Барташэвіча з Адэльска ў Жалудок кс. Фелікс Сарока атрымаў дазвол для душпастырскай працы ў Адэльску. З 1963 г. да сваёй смерці, 15 студзеня 1991 г., выконваў там функцыю пробашча.
Кс. Юрый Марціновіч