1 лютага 2014 г. Касцёл на Гродзеншчыне атрымаў дапаможнага біскупа, якім стаў тагачасны рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксёндз прэлат Юзаф Станеўскі.
Яго біскупскае пасвячэнне прайшло ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксавэрыя.
З таго радаснага моманту ўжо мінула сем насычаных служэннем Касцёлу на Беларусі гадоў.
Як паведамляе vdsgrodna.by, у сваю чарговую гадавіну прыняцця біскупскай сакры дапаможны біскуп і Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі на світанку цэлебраваў св. Імшу ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
За сем гадоў апостальскага служэння біскупа Юзафа Станеўскага таксама дзякавалі Богу выхавацелі і навучэнцы семінарыі – менавіта тыя, з кім іерарх праводзіць сваё паўсядзённае жыццё.
У гаміліі біскуп заахвоціў як семінарыстаў, так і прысутных святароў да пакорнага служэння Касцёлу незалежна ад свайго статусу, пасады, узросту і магчымасцяў. “Пакліканы не таму, што святы, а святы таму, што пакліканы”, – так нагадаў іерарх аб тым, што у першую чаргу ўсе мы пакліканы да святасці.
Андрэй Юхнік
Фота: Павел Леановіч