4 сакавіка ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца свята св. каралевіча Казіміра, апекуна дыяцэзіі.
З гэтай нагоды ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя адбылася ўрачыстая Імша, якую ўзначаліў Генеральны вікарый дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі
На Эўхарыстыі, падчас якой асаблівым чынам маліліся за ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, сабраліся шматлікія жыхары горада над Нёманам, які атуляе сваёй прысутнасцю святы каралевіч, спачылы ў нядзельную раніцу 4 сакавіка 1484 г. ва ўзросце няпоўных 26 гадоў у каралеўскім замку.
У гаміліі біскуп Станеўскі адзначыў, што тым, хто хацеў бы бліжэй пазнаёміцца з жыццём св. Казіміра, дастаткова прайсці вуліцай ад старога каралеўскага замка ў Гродне ў напрамку месца, дзе раней была Фара Вітаўта, на прыступках якой святы часта маліўся ноччу.
Іерарх дадаў, што св. Казімір “адмовіўся ад прывілеяў і гонару каралеўскага роду, не жадаў улады, пазбягаў забаваў і раскошы двору, працаваў і ваяваў, быў вядомы шчодрасцю да найбяднейшых, а таксама ўсё жыццё захоўваў абяцанне чыстасці, дасканала рэалізуючы вучэнне Хрыста, якое знаходзіцца ў Евангеллі”.
Біскуп падкрэсліў, што святы не занябоўваў духоўнага жыцця, спалучаючы каралеўскія абавязкі з абавязкамі вучня Хрыста.
Па словах іерарха, з часоў святога Казіміра прайшло ўжо шмат стагоддзяў, сёння мы жывём у новым свеце, з механізацыяй і камп’ютарызацыяй, але, нягледзячы на гэта, ён можа і павінен быць прыкладам для сучаснага чалавека.
“Менавіта ён прапануе нам простыя і канкрэтныя ўказальнікі шляху, якія могуць быць паспяховай дапамогай на жыццёвай дарозе сучаснага чалавека. Ён вучыць, як аданавіць веру ў нашых сем’ях, супольнасцях і грамадстве”, – адзначыў біскуп.
Іерарх звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што св. Казімір, які глыбока шанаваў Маці Божую і Эўхарыстыю, “падказвае нам, што мы павінны вярнуцца да малітвы, каб у нас было дастаткова мудрасці і сілы”, “вучыць нас, што толькі штодзённая малітва і часты ўдзел у святой Імшы дазволяць нам змяняць сучасны свет”.
Усіх прысутных у святыні біскуп заахвоціў на ўзор апекуна дыяцэзіі нястомна імкнуцца да святасці і ставіць Бога ў цэнтр свайго жыцця.
На Эўхарыстыі маліліся таксама за ўсіх, хто атрымаў падчас хросту імя св. Казіміра. Між іншым узгадалі Апостальскага адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца, спачылых святароў, якія насілі імя святога каралевіча, нядаўна памерлага а. Казіміра Жыліса SJ, кс. Казіміра Войнюша, кс. Казіміра Гваздовіча.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Ангеліна Марцішэўская