6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара).
У парафіяльнай святыні іерарх узначаліў урачыстую Імшу, падчас якой таксама благаславіў крэйду, каб адзначаць ёю дзверы дамоў і памяшканняў.
У гаміліі ён засяродзіў увагу на ўрачыстасці, якая святкавалася ў гэты дзень.
Іерарх падкрэсліў, што да Езуса можна крочыць рознымі шляхамі і да Яго вядуць розныя сцежкі. “Адны – як пастухі – толькі спусціліся з гары ў мястэчка Бэтлеем, каб пакланіцца нованароджанаму Езусу. Іншыя – як Тры каралі – мусілі прайсці доўгі шлях, каб урэшце сустрэцца з Езусам і ахвяраваць Яму свае дары. Сёння мы захапляемся намаганнямі і адвагай гэтых мудрацоў”, – дадаў біскуп.
Ён падкрэсліў, што ў кожнага чалавека ёсць хвіліны, калі не хочацца ісці далей, калі падаеш змучаны, калі прыходзіць спакуса, каб вярнуцца або прынамсі застацца на тым жа месцы. Таму іерарх заахвоціў у такія хвіліны, калі губляецца ахвота, прыгледзецца да Трох каралёў, а таксама да многіх іншых нашых святых і благаслаўлёных, якія ніколі не стамляліся ў дарозе, а шукалі праўды, сапраўднай крыніцы мудрасці і сэнсу жыцця.
“Яны сёння з’яўляюцца прыкладам для нас, каб мы паглыблялі нашу веру, былі людзьмі надзеі і даверу, каб мы ў Хрысце знайшлі поўны сэнс і мэту свайго жыцця”, – сказаў біскуп.
На заканчэнне Імшы пробашч парафіі кс. канонік Уладзімір Гуляй падзякаваў іерарху за ўжо традыцыйную прысутнасць у гэты дзень сярод іх.
Кс. Юрый Марціновіч