У нядзелю 2 мая адзначалася 13-я гадавіна асвячэння капліцы ў гонар благаслаўлёнай Цэліны Бажэцкай ў Абрэмшчыне. Святкаванні з гэтай нагоды ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.
У парафіяльнай святыні Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Заневічах біскуп цэлебраваў Імшу, падчас якой у гаміліі нагадаў вернікам пра важнасць таго, каб заставацца ў еднасці з Хрыстом – праўдзівай Лазой, а таксама пра гэтую еднасць з Хрыстом у жыцці благаслаўлёнай Цэліны.
Пасля Імшы вернікі разам з біскупам і ксяндзом Юрыем Ясевічам накіраваліся ў Абрэмшчыну, якая размешчана прыблізна ў 2 км ад заневіцкай святыні і дзе знаходзіцца каплічка. Ля капліцы, на зямлі радавога маёнтку Бажэнцкіх, прысутныя памаліліся аб заступніцтве благаслаўлёнай і ўшанавалі Бога песнямі ў яе гонар.
Цэліна Бажэнцкая (Хлудзінская) нарадзілася 29 кастрычніка 1833 г. у Антовілі каля Оршы ў Магілёўскай вобласці ў сям’і шляхціца Ігнацыя Далжгі Хлудзінскага і Разаліі Клементыны.
У 1845 г. сям’я пераехала ў Ласковічы пад Віцебскам, а ў 1853 г. – у Вільню. Цэліна абрала сваім духоўным кіраўніком біскупа Вацлава Жылінскага і, маючы намер стаць манахіняй, усталявала кантакт з манахінямі віленскага кляштара. Аднак бацькі планавалі выдаць яе замуж, і яна, паводле парады спаведніка, пагадзілася з іх воляй і ў 1853 г. выйшла замуж за Юзафа Бажэнцкага, уладальніка маёнтку Абрэмшчына каля Гродна.
Праз некалькі гадоў яе муж памёр, і Цэліна з дзвюма дочкамі-падлеткамі вярнулася ў Літву, каб пахаваць яго ў радавым маёнтку ў Абрэмшчыне і арганізаваць маёмасныя справы. Але ў небяспецы быць арыштаванымі з-за навучання дзяцей у 1875 г. Бажэнцкая пакінула радзіму. Яны з дочкамі жылі ў Рыме і там усталявалі кантакт з а. Пятром Семяненкам з супольнасці змёртвыхпаўстанцаў, які стаў іх духоўным кіраўніком.
Цэліна з малодшай дачкой, а потым і з кандыдатамі ў іх супольнасць спрабавала здзейсніць сваё імкненне да рэлігійнага жыцця пад кіраўніцтвам кс. Семяненкі згодна з “Правілам васьмі благаслаўленняў сясцёр Уваскрасення Пана нашага Езуса Хрыста”. Гэты шлях аказаўся няпростым; спаведнік некалькі разоў прасіў яе далучыцца разам з дачкой да той ці іншай ужо існуючай рэлігійнай супольнасці, але Цэліна адчувала, што ўсё павінна быць інакш.
З 1886 г., пасля смерці кс. Пятра, Цэліна і яе дачка Ядвіга заняліся справай самастойна. Яны шукалі кіраўніцтва і дапамогі ў касцёльных іерархаў, святароў і сяброў.
6 студзеня 1891 г. Цэліна і Ядвіга прынеслі вечныя манаскія абяцанні, а тры сястры іх супольнасці – часовыя. Гэтая дата лічыцца днём афіцыйнага заснавання Кангрэгацыі Сясцёр Змертвыхпаўстання, чый лозунг – “Праз крыж і смерць да ўваскрасення і хвалы”.
Цэліна Бажэнцкая адышла ў вечнасць 26 кастрычніка 1913 г. у Кракаве, а 27 кастрычніка 2007 г. у базыліцы св. Яна на Латэране ў Рыме адбылася яе беатыфікацыя.
Кс. Юрый Ясевіч