4 кастрычніка Рыма-Каталіцкі Касцёл успамінае святога Францішка, заступніка навакольнага асяроддзя і аднаго з апекуноў парафіі ў Іўі. У адным з алтароў парафіяльнага касцёла знаходзіцца абраз святога, датаваны 1784 годам.
За два дні да парафіяльнай урачыстасці ў Іўі распачалося саракагадзіннае набажэнства. Перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам вернікі прасілі ў Міласэрнага Бога супакою на Беларусі, знішчэння каранавірусу, дароў Духа Святога для тых, хто прымаў сакрамэнт хрысціянскай сталасці – канфірмацыі.
У суботу ў парафіяльнай святыні адбыўся сакрамэнт канфірмацыі, які ўдзяліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Юзаф Станеўскі. Ён быў узрушаны словамі прывітання, прыгажосцю касцёла і спевам парафіяльнага хору, які быў створаны ў сярэдзіне ліпеня.
У гаміліі пастыр сказаў: “Будзьце рыцарамі Хрыста, будзьце тымі, хто веру не толькі вызнае, але і абараняе. Гэта нялёгкая справа. Ад такіх адважных залежыць збаўленне іншага чалавека. Падумайце над тым, што ваш сябар ці сяброўка знойдзе сэнс жыцця”.
Напрыканцы Імшы маладыя людзі падзякавалі ўсім, хто далучыўся да арганізацыі гэтай урачыстасці, а таксама катэхетам, якія вучылі іх праўдам веры.
Сёлета сакрамэнт канфірмацыі прыняў 81 парафіянін. Апошні раз канфірмацыя ў Іўі была два гады таму ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, калі сакрамэнт удзяліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У нядзелю парафіяльнае свята распачалося Імшой з удзелам біскупа. Да яе малітоўныя суполкі парафіі падрыхтавалі свае дары. Прадстаўнікі рухаў “Легіён Марыі”, “Маці ў малітве” і парафіяне прынеслі да алтара сёлетні ўраджай. Затым адбыліся Імша з удзелам дзяцей і працэсія вакол касцёла, Імша ў інтэнцыі парафіі і ўсёй Беларусі.
Рaман Ярмош
Фота: Баляслаў Гавецкі