4 мая Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец).
Падчас Эўхарыстыі іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі моладзі і дарослым парафіянам. Сямю дарамі Святога Духа было ўзбагачана ў гэты дзень каля 80 чалавек.
Праз прыняцце сакрамэнту Дух Святы ўвайшоў у жыццё гэтых вернікаў, каб яны былі яшчэ больш звязаны са Святой Тройцай і былі сапраўднымі сведкамі Хрыстовага ўваскрасення.
У гаміліі іерарх падкрэсліў важнасць сакрамэнту і звярнуў увагу на абавязкі, якія вынікаюць з яго прыняцця. Узгадваючы пра Апостальскую адгартацыю Папы Францішка Christus Vivit, скіраваную перш за ўсё да маладых людзей, біскуп назваў моладзь надзеяй Касцёла, што ні ў якім выпадку не можа быць па-за ім, а здольная супольна ўтвараць і нястомна ажыўляць гэты Касцёл.
Таму Генеральны вікарый дыяцэзіі заахвоціў моладзь актыўна ўключацца ў жыццё сваёй парафіяльнай супольнасці, бо ад маладога пакалення залежыць вельмі шмат.
Іерарх дадаў, што Касцёл існуе не толькі для людзей старэйшага ўзросту, але што асабліва малады чалавек можа кожны дзень ажыўляць і амалоджваць яго.
Біскуп пажадаў, каб прыняцце сакрамэнту канфірмацыі яшчэ больш адкрыла маладых людзей на Бога і Яго збаўчую ласку. Таксама ён пажадаў усім парафіянам, узбагачаным сямю дарамі Духа, мужна вызнаваць сваю веру і быць сапраўднымі сведкамі Уваскрослага Пана.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Баляслаў Гавецкі