14 лютага Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафіяльную супольнасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Рандзілаўшчыне (Дзятлаўскі дэканат).
Іерарх узначаліў у мясцовым касцёле святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафію на чале з яе пробашчам кс. Андрэем Пышынскім.
На Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за ўсіх хворых і церпячых, а таксама тых, хто знаходзіцца ў шпіталях. Акрамя таго, маліліся аб спыненні пандэміі каранавірусу і аб міры ў сэрцы кожнага чалавека.
Біскуп нагадаў вернікам, што ўжо хутка ў Каталіцкім Касцёле распачнецца час Вялікага посту. Ён пажадаў, каб гэты літургічны перыяд яны выкарысталі адпаведным чынам, адкрываючы свае сэрцы на дзеянне Божай ласкі.
На заканчэнне Эўхарыстыі пробашч парафіі выказаў словы ўдзячнасці дапаможнаму біскупу дыяцэзіі за прыбыццё і дар супольнай малітвы.
Кс. Юрый Марціновіч