1 лютага дапаможны біскуп i Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі адзначае сёмую гадавіну прыняцця біскупскай сакры.
29 лістапада 2013 года Папа Францішак прызначыў ксяндза прэлата Юзафа Станеўскага дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі з прысваеннем звання тытулярнага біскупа дыяцэзіі Tabaicara.
1 лютага 2014 г. у гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксавэрыя шматгадовы рэктар і выхавацель Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прыняў біскупскае пасвячэнне. Галоўным пасвячаючым быў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, асістуючымі – Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Дэвізам свайго пастырскага служэння іерарх абраў словы “Evangelii gaudium” (“Радасць Евангелля”). Так называецца першая Апостальская адгартацыя Папы Францішка, якая распачынаецца словамі: “Радасць Евангелля напаўняе сэрцы і жыццё тых, хто сустракаецца з Хрыстом”.
У структуры епіскапату біскуп Юзаф з’яўляецца Генеральным сакратаром Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, старшынёй Рады па справах свецкiх i моладзі, пастырства студэнтаў і працаўнікоў універсітэтаў, членам Камiсii па справах фармацыi семiнарыстаў i святароў.
З нагоды сямігоддзя прыняцця сакры рэдакцыя grodnensis.by жадае біскупу Юзафу паўнаты евангельскай радасці і надзеі, а таксама шчодрых дароў Духа Святога, каб ён і далей з вялікім прысвячэннем служыў вернікам нашай дыяцэзіі. Няхай штодзённае служэнне біскупа прыносіць шчодрыя плёны!
Са свайго боку дзякуем за плённае супрацоўніцтва з рэдакцыяй, за кожны добры жэст і слова, звернутыя да нас.
Рэдакцыя