Skip to main content

біскуп Кашкевіч - Гродзенская дыяцэзія

“Марыя, аб’яднай нашы сэрцы і сем’і”. Вырушыла 25- я пілігрымка Гродна - Тракелі

piigrimka w trokeli 92Раніцай 2 ліпеня з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях вырушыла 25-я пешая пілігрымка.

Больш за 200 вернікаў адправіліся ў шлях да Маці Божай. Найстарэйшаму пілігрыму 77 гадоў.

Перад выхадам пілігрымкі ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля адбылася св. Імша. Яе ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх звярнуўся да пілігрымаў з просьбай маліцца за ўсе сем’і нашай краіны, каб у кожнай было месца для Бога, і за мір у свеце.

piigrimka w trokeli 53

Гамілію да прысутных прамовіў пробашч парафіі, якая гасцінна вітала пілігрымаў, а. Андрэй Ядкоўскі CSsR. Ён папрасіў паломнікаў быць чалавечнымі.

“Вучыцеся веры – праз цяжкасці ў дарозе, праз спеку, дождж. Праз гэта вучымся ачышчацца ад бруду, які нам перешкаджае”, – сказаў святар. А. Андрэй пажадаў знайсці сябе перад абліччам Бога, даверыцца Яму і дзякаваць, калі няпроста.

Напрыканцы св. Імшы біскуп Кашкевіч асвяціў новы пілігрымковы крыж і паблагаславіў тых, хто вырушыў у 6-дзённы шлях да Маці Божай Тракельскай.

piigrimka w trokeli 91

Сёлета арганізатары пасля 3-ох гадоў перапынку вырашылі змяніць трасу, каб удзельнікі мелі магчымасць пабачыць больш краявідаў Гродзеншчыны і захапіцца іх прыгажосцю.

Маршрут, які будзе праходзіць праз лясы і палі, вёскі і гарады, выглядае наступным чынам:

Гродна – Парэчча – Новы Двор – Забалаць– Радунь – Жырмуны - Тракелі.

Вольга Сяліцкая

 

Біскуп Гродзенскі заахвочвае маліцца аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле

seminaria 15Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у спецыяльным пасланні, адрасаваным духавенству, якое служыць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, выказаў просьбу звярнуцца да парафіяльных малітоўных груп і ўсіх вернікаў са словам заахвочвання ў інтэнцыі новых пакліканняў і за святароў.

“Заахвочваю да малітвы ў інтэнцыі святых пакліканняў да святарства, а таксама аб трываласці ў пакліканні і руплівасці ў імкненні да асабістай святасці для святароў Гродзенскай дыяцэзіі”, – піша біскуп.

Усім, хто бярэцца за гэтую важную малітоўную справу, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне сардэчна дзякуе і ўдзяляе ім благаслаўленне.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Біскуп Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі моладзі ў Індуры

indyra 1627 мая, у вігілію ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Найсвяцейшай Тройцы ў Індуры (дэканат Гродна-Захад).

На Імшы ў парафіяльнай святыні іерарх удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці групе моладзі, падрыхтаванай да гэтага адпаведным чынам.

Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі маладых людзей, узбагачаных у гэты дзень сямю дарамі Духа Святога, а таксама за ўсіх, хто ўтварае парафіяльную сям’ю на чале з яе пробашчам кс. Паўлам Астукевічам.

indyra 1

У гаміліі сакратар біскупа Гродзенскага кс. канонік Юрый Марціновіч казаў пра тое, што важна адкрыцца на дзеянне Духа, які, калі прыняць Яго з верай, здольны перамяніць наша жыццё, надаць яму сэнс і значэнне.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да канфірмаваных, адзначыў, што сведкам быць у сучасным свеце нялёгка. Таму ён падкрэсліў важнасць вялікай адвагі, а найперш глыбокай веры, каб пераадолець усе цяжкасці і пагрозы, якія нясе сённяшні свет.

Пробашч парафіі кс. Павел Астукевіч падзякаваў біскупу за ўдзяленне вернікам сакрамэнту канфірмацыі і выказаў надзею, што атрыманыя дары Духа Святога прычыняцца да духоўнага ўзрастання ў іх жыцці.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Біскуп Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў гродзенскай катэдры

bezmowanie katedra 1925 мая ў катэдральным касцёле святога Францішка Ксаверыя ў Гродне група вернікаў прыступіла да сакрамэнту хрысціянскай сталасці. Сакрамэнт удзяліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Святую Імшу, на якой вернікі былі намашчаны алеем хрызма, іерарх цэлебраваў у іх інтэнцыі, просячы аб ласцы моцнай веры і адвагі для іх, каб яны маглі штодзённа даваць сведчанне прыналежнасці да вялікай сям’і Касцёла.

Звяртаючыся да тых, хто ў гэты дзень быў узбагачаны сямю дарамі Духа Святога, біскуп падкрэсліў, што гэты сакрамэнт патрэбны, каб не падпарадкоўвацца тэндэнцыям сучаснага свету, а жыць Божым Словам, трываючы ў веры, і пастаянна быць у стане асвячальнай ласкі.

bezmowanie katedra 12

Біскуп выказаў словы ўдзячнасці бацькам, якія паклапаціліся аб рэлігійным выхаванні сваіх дзяцей, сталі іх першымі катэхетамі, далі прыклад добрага хрысціяніна.

Маладыя вернікі, якія прыступілі да канфірмацыі, падзякавалі ўсім, хто рыхтаваў іх да гэтай падзеі. Яны выказалі падзяку за вялікі ўнёсак у іх падрыхтоўку сваім душпастырам і катэхетам на чале з пробашчам парафіі кс. канонікам Янам Кучынскім. Як адзначылі яны, гэты дзень значыць для іх вельмі шмат, абавязвае мужна вызнаваць сваю веру і паступаць паводле яе прынцыпаў.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Біскуп Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці

bezmowanie wisznewec 4918 мая, ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, у парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец) біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч на святой Імшы ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў.

На пачатку Імшы іерарх заклікаў кандыдатаў да канфірмацыі адкрыцца на Духа Святога і сем Ягоных дароў: мудрасцi, розуму, рады, мужнасцi, умеласцi, пабожнасцi i боязі Божай.

Падыходзячы да біскупа, маладыя людзі і іншыя вернікі парафіі атрымлівалі намашчэнне алеем святога хрызма. Кожнаму з іх біскуп адрасаваў словы: “Прымі знак Духа Святога”.

Такім чынам яны ўзялі на сябе абавязак быць адважнымі вызнаўцамі сваёй веры і дазволілі запалаць у сабе Божай любові, каб занесці Добрую Навіну аб Езусе Хрысце іншым людзям, асабліва тым, хто знаходзіцца далёка ад Касцёла.

bezmowanie wisznewec 37

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч заклікаў тых, хто прыступіў да сакрамэнту канфірмацыі, штодзённа сведчыць пра Уваскрасенне Хрыста.

Гэты сакрамэнт хрысціянін прымае не толькі для сябе, але і для дабра іншых. Таму біскуп адзначыў, што дар Духа Святога праз пасрэдніцтва тых, хто яго атрымаў, павінен перамяняць людзей: дасягнуць іх, каб яны маглі спазнаць блізкасць Бога, які адорвае любоўю і надзеяй.

Канфірмаваныя падзякавалi іерарху за тое, што ўмацаваў іх гэтым сакрамэнтам. Таксама яны падзякавалі сваім душпастырам і катэхетам на чале з пробашчам парафіі кс. Янам Этэлем SCJ за падрыхтоўку да гэтай значнай у іх жыцці падзеі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Фотафакт: біскуп Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі моладзі найстарэйшай гродзенскай парафіі

bernardyny21 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч на святой Імшы ў касцёле Адшукання Святога Крыжа ў Гродне (пабернардынскі) удзяліў сакрамэнт канфірмацыі маладым парафіянам.

Вернікі прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці ў асаблівы час чакання ўрачыстасці Спаслання Духа Святога.

Гэты сакрамэнт такі ж важны, як і іншыя. Яго прымаюць у дарослым узросце для таго, каб чалавек станавіўся сапраўдным вызнаўцам Езуса Хрыста і мог заўсёды абараніць веру.

Пра абавязак абвяшчэння Евангелля Хрыста біскуп Аляксандр Кашкевіч нагадаў у гаміліі. Таксама іерарх заахвоціў кандыдатаў, каб яны ўсім сэрцам давяралі Езусу і “імкнуліся за Ім да таго, што добрае, прыгожае і ўзнёслае”.

На заканчэнне Эўхарыстыі маладыя людзі падзякавалі біскупу і святарам, якія рыхтавалі іх да гэтага дня, а таксама сваім родным, якіх назвалі сваімі сведкамі веры.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Сакрамэнт канфірмацыі прынялі вернікі шчучынскай парафіі

szucin bezmowanie 2110 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне. На святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі маладым i старэйшым вернікам гэтай парафіі.

На пачатку Эўхарыстыі бацькі кандыдатаў да канфірмацыі падкрэслілі, што гэта выключны дзень для іх дзяцей, калі яны адкрываюцца на Божыя дары, якія так патрэбны, каб ісці праз штодзённае жыццё.

szucin bezmowanie 6

У гаміліі кс. канонік Юрый Марціновіч, сакратар біскупа Гродзенскага, адзначыў, што сакрамэнт канфірмацыі, калі прымаецца з верай, робіць чалавека цалкам іншым, дазваляе яму жыць па-Божаму і быць адважным у сённяшнім свеце.

На заканчэнне літургіі біскуп Аляксандр Кашкевіч заклікаў парафіян, якія прыступілі да сакрамэнту, быць для свету жывым Евангеллем і паказваць іншым шлях да Бога сваім прыкладам.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Станіслава адбылася ў Каробчыцах

korobczicy bezmowanie 98 мая ў парафіі ў Каробчыцах (дэканат Гродна-Захад) адзначалася адпустовая ўрачыстасць у гонар яе апекуна св. Станіслава, біскупа і мучаніка. Ужо некалькі гадоў у парафіі знаходзяцца рэліквіі гэтага святога.

Урачыстую Імшу цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці, якая будуе свой касцёл св. Максімільяна Кольбэ і св. Станіслава.

На Эўхарыстыі група вернікаў, пераважна моладзь, была ўзбагачана сямю дарамі Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі.

У гаміліі кс. канонік Юрый Марціновіч, сакратар біскупа Гродзенскага, падкрэсліў, што св. Станіслаў атрымаў ад Пана Бога шмат дароў, а найбольшым з іх была чуласць да чалавечых бед і крыўдаў. Святы выклікаў прыхільнасць людзей сваёй мудрасцю, лагоднасцю і разуменнем.

korobczicy bezmowanie 3

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да вернікаў, якія прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў, каб дары Духа Святога дапамагалі ім крочыць дарогамі веры і прымаць жыццёвыя рашэнні.

Пробашч парафіі кс. Ян Рушніцкі, дэкан дэканату Гродна-Захад, падзякаваў іерарху за тое, што ён памаліўся разам з парафіянамі ў дзень успаміну іх нябеснага апекуна. Тыя, хто прыступіў да канфірмацыі, выказалі ўдзячнасць за падрыхтоўку свайму душпастыру і сястры Магдаліне Кулай CSCII.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Mалітва за маці і канфірмацыя адбыліся ў Гудагаі

bezmowanie 157 мая, калі ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаўся Дзень маці, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў санктуарый Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат).

На Эўхарыстыі ў дыяцэзіяльным санктуарыі асабліва маліліся ў інтэнцыі ўсіх маці – жывых і памерлых.

Таксама біскуп удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці групе вернікаў мясцовай парафіі, адпаведным чынам падрыхтаваных да гэтага.

bezmowanie 16

У канцы святой Імшы пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў канфірмаваных трываць у веры і быць сведкамі Уваскрослага Пана ў сваім асяроддзі.

Пробашч парафіі а. Аркадзь Куляха OCD падзякаваў біскупу за ўдзяленне сакрамэнту і прыбыццё ў санктуарый.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Юлія Міхалевіч

 

Біскуп Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам Граўжышак

IMG 15206 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць святых апосталаў Пятра і Паўла ў Граўжышках (Ашмянскі дэканат).

На Эўхарыстыі іерарх удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці вернікам гэтай парафіі.

На Імшы сабраліся шматлікія парафіяне і госці, у тым ліку духавенства на чале з дэканам Ашмянскага дэканату кс. канонікам Янам Пузынам.

Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі тых, хто ў гэты дзень прымаў дары Духа Святога ў канфірмацыі, молячыся аб глыбокай веры для іх, і ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай сям’і на чале з яе пробашчам кс. Паўлам Раманоўскім.

Звяртаючыся да тых, хто прыступаў да канфірмацыі, біскуп падкрэсліў, што Дух Святы, якога прымае чалавек у гэтым сакрамэнце і які калісьці сышоў на апосталаў у вячэрніку, дае здольнасць быць вучнем Хрыста Пана, але для гэтага неабходна адкрыць сэрца на дзеянне Божай ласкі.

IMG 1506

Таму пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў іх заўсёды быць побач з Езусам, спаўняць Божыя запаведзі, быць здольнымі любіць, прабачаць, служыць Богу і бліжнім.

На заканчэнне Эўхарыстыі прадстаўнікі канфірмаваных вернікаў выказалі біскупу ўдзячнасць за ўдзяленне сакрамэнту. Таксама яны падзякавалі свайму пробашчу за падрыхтоўку да гэтай важнай у іх жыцці падзеі.

У сваю чаргу кс. Павел Раманоўскі падзякаваў усім прысутным, у тым ліку гасцям, за супольны ўдзел у Эўхарыстыі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Спевам на харвацкай мове вернікі Ліды сустрэлі нунцыя Ёзіча, які ўпершыню як біскуп удзяліў сакрамэнт канфірмацыі

nuncij lida 116 красавіка, ў нядзелю Божай Міласэрнасці, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч наведаў Ліду (Гродзенская дыяцэзія), дзе ўзначаліў адпустовую ўрачыстасць у парафіі Божай Міласэрнасці, што ў новым лідскім мікрараёне Маладзёжны.

Прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі ўпершыню наведаў горад, у якім пражывае адна з найбольшых у нашай краіне каталіцкіх супольнасцяў: католікі складаюць тут больш за палову насельніцтва. Для Лідскага рэгіёна нават прызначаны асобны Біскупскі вікарый — шматгадовы пробашч парафіі Узвышэння святога Крыжа ў Лідзе ксёндз канонік Уладзімір Гуляй, які ад імя біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча каардынуе душпастырскую і адміністрацыйную дзейнасць Касцёла на Лідчыне.

Нунцый Ёзіч прыбыў у Ліду па запрашэнні ксяндза каноніка Андрэя Зноскі, пробашча маладой мясцовай парафіі Божай Міласэрнасці, размешчанай у мікрараёне Маладзёжны, што ў паўночна-заходняй частцы горада.

Прадстаўніка Святога Айца прывіталі ў святыні спевам на яго роднай мове.

Як пазней сказаў сам Антэ Ёзіч, які паходзіць з Харватыі, гэты касцёльны спеў з яго радзімы ў выкананні парафіяльнага моладзевага хору «Спяваючыя сэрцы» пад кіраўніцтвам Веранікі Красцьянінавай «гучаў нават лепш, чым у арыгінале».

nuncij lida 7

Вітаючы высокага госця і прысутнае духавенства ў запоўненай святыні, якая з’яўляецца самым вялікім касцёлам у Лідзе, ксёндз Андрэй Зноска растлумачыў вернікам, хто такі Апостальскі нунцый. Пры гэтым святар звярнуўся да Кодэкса кананічнага права — галоўнага збору касцёльных законаў, у перакладзе якога на беларускую мову ён сам браў актыўны ўдзел як дасведчаны юрыст і кананіст. Гэты пераклад Кодэкса, прэзентаваны напрыканцы мінулага года ў межах адзначэння 30-годдзя з часу ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь, быў здзейснены па ініцыятыве нунцыя Ёзіча, і ксёндз Андрэй, па словах ватыканскага прадстаўніка, адыграў у яго падрыхтоўцы адну з галоўных роляў.

Хоць парафія ў мікрараёне Маладзёжны, у адрозненні ад тутэйшага касцёла, далёка не самая вялікая ў Лідзе, аднак на адпустовай урачыстасці сабралася больш за паўтысячы чалавек. Усе яны з вялікай радасцю віталі таксама свайго першага пробашча, ксяндза каноніка Станіслава Пацыну з Радуні. Як нагадаў у прывітальным слове ад старэйшага пакалення вернікаў старшыня парафіяльнай Рады Леон Муліца, дзякуючы душпастырскай руплівасці ксяндза Станіслава амаль трыццаць гадоў таму стварылася гэтая парафіяльная супольнасць, і неўзабаве на полі, дзе «калісьці раслі капуста і буракі», супольнымі намаганнямі вернікаў і іх пробашча вырасла цудоўная святыня ў гонар Божай Міласэрнасці.

nuncij lida 6

Менавіта ксёндз Станіслаў Пацына хрысціў некаторых маладых людзей з тых 35-і асоб, якія ў парафіяльную ўрачыстасць прынялі з рук прадстаўніка Папы сакрамэнт хрысціянскай сталасці — канфірмацыю, або бежмаванне.

Звычайна ў Каталіцкім Касцёле гэты сакрамэнт удзяляе толькі біскуп. Як прызнаўся нунцый Ёзіч, ён упершыню меў магчымасць удзяліць яго толькі цяпер, у Лідзе.

Пасля таго, як ксёндз Уладзімір Гуляй прачытаў Евангелле пра тое, як апостал Тамаш, які спачатку не верыў у Змёртвыхпаўстанне Хрыста, стаў веруючым, дакрануўшыся да прабітых рук і боку Уваскрослага, пробачш прадставіў арцыбіскупу Ёзічу кандыдатаў да канфірмацыі. Паміж імі адбыўся дыялог, у якім кандыдаты пацвердзілі сваё жаданне прыняць дары Святога Духа і жыць хрысціянскай верай, даючы сваё сведчанне аб Уваскрослым.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Ёзіч перадусім сказаў, што вельмі рады ў нядзелю Божай Міласэрнасці маліцца ў парафіі, якая мае такі тытул.

«Я таксама шчаслівы, таму што ўпершыню прадстаўнік Папы наведвае вашую парафію і цэлебруе святую Імшу за вас, за вашыя сем’і, за хворых і асабліва за тых, хто рыхтаваўся прыняць сем дароў Духа Святога, каб мець магчымасць сведчыць аб сваёй веры ў штодзённым жыцці.

Для мяне таксама гэта першы раз, калі я як біскуп удзяляю канфірмацыю, і я шчаслівы, што гэта адбываецца тут, у Лідзе, у Беларусі, дзе я выконваю сваю дыпламатычную і касцёльную місію», — адзначыў Апостальскі нунцый. Іерарх дадаў, што разам са сваімі сямю дарамі Святы Дух у канфірмацыі сам сыходзіць на тых, хто прымае гэты сакрамэнт, і «прысутнасць Бога ў нас робіць нас шчаслівымі і падштурхоўвае станавіцца дарослымі, даваць сведчанне сваім жыццём. Там, дзе жыве Дух Божы, ужо няма месца граху, падзелам, войнам, але перамагаюць любоў, сяброўства, вера і справядлівасць», — сцвердзіў іерарх.

nuncij lida 4

Ён запрасіў кандыдатаў «будаваць новы свет: свет без войнаў, свет, які прымае ўсіх без адрознення, перш за ўсё свет, які прымае бедных і адкінутых.

Запрашаю вас любіць сваю парафію ў Лідзе і наш Каталіцкі Касцёл у Беларусі, умацоўваючы яго сваімі малітвамі і добрымі справамі», — заахвоціў прадстаўнік Папы, завяршыўшы гамілію кароткім зваротам да Маці Божай: «Каралева Беларусі, маліся за нас».

На заканчэнне ўрачыстасці адбылася вялікая нечаканасць: прадстаўнік парафіяльнай Рады Віталій Баркоўскі зачытаў і ўручыў Апостальскаму нунцыю ліст, у якім вернікі парафіі запрасілі Святога Айца Папу Францішка наведаць Беларусь і іх супольнасць. «Дакладна ўсведамляем, які далёкі і складаны шлях з Ватыкана ў Беларусь: і гэта не пра рэкі і горы, якія трэба пераадолець, але пра межы, якія дзеляць чалавечыя сэрцы. <…> Мы не палітыкі, не ўплывовыя асобы — мы простыя людзі, якія ад продкаў атрымалі скарб веры, а разам з ім і вернасць Наступніку Святога Пятра; трываць у ёй — наш гонар.

Быць можа, Божаму Провіду не хапала толькі гэтага нясмелага запрашэння ад звычайных людзей, каб ногі Вашай Святасці маглі ступіць на зямлю нашай любай Беларусі», — было сказана ў звароце, які нунцый Ёзіч паабяцаў абавязкова перадаць Папу Францішку.

На заканчэнне ўрачыстасці яе ўдзельнікаў чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз: пасля таго, як нунцый удзяліў прысутным Апостальскае благаслаўленне, у касцёл завітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які, вяртаючыся з урачыстасці ў Воранаве, па дарозе не мінуў і парафію Божай Міласэрнасці ў Лідзе.

Пастыра дыяцэзіі з энтузіязмам прывіталі вернікі і запрасілі яго на супольны здымак.

Паводле Catholic.by

Фота: Антон Насовіч

 

З парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне біскуп Кашкевіч пачаў удзяляць канфірмацыю ў гэтым годзе

dziewiatowka kanfirmacja 1913 красавіка, у сераду ў актаве Уваскрасення Пана, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка).

На Эўхарыстыі іерарх удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці вернікам, якіх было ў цэлым каля 50 чалавек і пераважную частку якіх склала моладзь. Гэта была першая ўрачыстасць канфірмацыі сёлета ў дыяцэзіі.

Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі тых, хто ў гэты дзень прымаў дары Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі, просячы аб глыбокай веры для іх.

На літургіі асабліва маліліся за біскупа Кашкевіча, які 13 красавіка адзначаў 32-ю гадавіну свайго абвяшчэння пастырам новаўтворанай дыяцэзіі, заснаванай у той жа дзень Папам Янам Паўлам ІІ.

Звяртаючыся да тых, хто прыступаў да канфірмацыі, іерарх падкрэсліў, што Дух Святы, якога прымае чалавек у гэтым сакрамэнце і які калісьці сышоў на апосталаў у вячэрніку, дае здольнасць быць вучнем Хрыста Пана, але неабходна выканаць адну ўмову – адкрыць сваё сэрца на дзеянне Божай ласкі.

dziewiatowka kanfirmacja 12

Таму біскуп заахвоціў іх заўсёды быць побач з Езусам, спаўняць Божыя запаведзі, быць здольнымі любіць, прабачаць і служыць Богу і бліжнім.

На заканчэнне Эўхарыстыі прадстаўнікі моладзі выказалі біскупу ўдзячнасць за ўдзяленне сакрамэнту. Таксама яны падзякавалі сваім душпастырам на чале з пробашчам а. Анджэем Ядкоўскім CSsR і катэхетам, якія рыхтавалі да гэтай важнай у іх жыцці падзеі.

dziewiatowka kanfirmacja 18

Пробашч ад імя гэтай энергічнай парафіяльнай супольнасці і манаскай супольнасці айцоў рэдэмптарыстаў выказаў іерарху віншаванні ў гадавіну яго абвяшчэння пастырам Касцёла на Гродзнешчыне.

Тых, хто прыступіў да канфірмацыі, пробашч заахвоціў працягваць быць з Хрыстом і падкрэсліў, што моладзь гэтай парафіі вельмі добрая, таму Касцёл глядзіць на яе з надзеяй.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Павел Раманчук

 

Біскуп Гродзенскі асвяціў два новыя алтары ў парафіі ў Канвелішках

kanweliczki 4715 красавіка, у суботу ў актаве Уваскрасення Пана, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Канвелішках (Радунскі дэканат), дзе здзейсніў асвячэнне двух новых алтароў і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі.

На ўрачыстай Эўхарыстыі прысутнічалі шматлікія парафіяне, госці, духавенства дэканату. Іерарха прывіталі вернікі парафіі і пробашч кс. Дзмітрый Сядлецкі.

kanweliczki 43

Два алтары ў парафіі былі зроблены нядаўна. Адзін з іх прысвечаны св. Ганне, маці Найсвяцейшай Панны Марыі, другі – св. Мікалаю, біскупу, які шмат гадоў з’яўляецца апекуном гэтай парафіяльнай супольнасці.

Імшу іерарх цэлебраваў у інтэнцыі ўсёй парафіі, асабліва за маладых людзей – каля 20 чалавек, якія ў гэты дзень узбагаціліся сямю дарамі Духа Святога ў канфірмацыі.

kanweliczki 51

У гаміліі прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Юрый Марціновіч звярнуў увагу вернікаў на тое, што Езус кожны дзень дае чалавеку свае дары. Багацце гэтых дароў, па словах святара, асабліва можна ўбачыць, прымаючы сакрамэнт хрысціянскай сталасці, да якога належыць прыступаць з верай, каб сапраўды атрымаць іх.

У канцы Эўхарыстыі біскуп падкрэсліў значэнне сакрамэнту канфірмацыі, які абавязвае быць сведкамі Уваскрослага Пана ў штодзённым жыцці.

kanweliczki 72

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў вернікам парафіі на чале з пробашчам за іх пастаянны клопат аб прыгажосці сваёй святыні, якая ў гэты дзень стала яшчэ прыгажэйшай, таму што ў ёй з’явіліся два новыя алтары.

Біскуп заахвоціў прысутных працягваць трываць у веры, умацоўвацца ў любові да Бога і бліжняга.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Літургія Мукі Пана прайшла ў гродзенскай катэдры

wielkipt katedra 77 красавіка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася літургія Мукі Пана – набажэнства Вялікай пятніцы, у якім асабліва ўшаноўваецца дрэва Крыжа.

Вялікая пятніца – адзіны дзень у літургічным годзе, калі ў святынях не цэлебруецца святая Імша.

Набажэнства, якое ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, складалася з літургіі слова, адарацыі Крыжа і святой Камуніі.

На літургіі слова да прысутных звярнуўся кс. Віталій Дабраловіч. Святар засяродзіў увагу на тэме цярпенняў і таго, як іх прымаць, і адзначыў, што прыклад гэтага даў Езус: “Ён прымае цярпенні, таму што любіць чалавека. Ён церпіць дзеля кожнага з нас”. Святар дадаў, што Хрыстус “не шукае вінаватых, наадварот, запрашае да вялікай ласкі сваёй любові і прабачэння, запрашае, каб і мы шукалі сэнс нашых цярпенняў, каб перажывалі іх у любові і ахвярнасці”.

wielkipt katedra 9

Цэнтральнай падзеяй набажэнства была адарацыя Крыжа. Крыж, заслонены фіялетавай тканінай, быў усталяваны перад алтаром. Біскуп, паступова адсланяючы яго, тройчы спяваў: “Вось дрэва Крыжа, на якім здзейснілася збаўленне свету”, на што вернікі адказвалі: “Пойдзем з паклонам”.

wielkipt katedra 5

Усе прысутныя, стаўшы на калені, ушанавалі Крыж, а затым прынялі Камунію.

Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу, у якой будзе адароўвацца да пачатку Пасхальнай вігіліі. Потым каля грабніцы Пана пачалася навэнна да Божай Міласэрнасці.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Імша Вячэры Пана адбылася ў гродзенскай катэдры

wieklicz katedra 416 красавіка Каталіцкі Касцёл распачаў Святы Пасхальны Трыдуум – час, каб сцішыцца і паразважаць пра сваё жыццё. Вялікі чацвер – гэта асаблівы дзень, калі Хрыстус устанавіў адразу два сакрамэнты: Эўхарыстыі і пасвячэння.

У гродзенскай катэдры жыхары горада сабраліся на Вячэрнік Пана, яднаючыся з Касцёлам ва ўсім свеце.

Перад пачаткам святой Імшы дзеці і моладзь павіншавалі біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча і ўсё прысутнае духавенства з іх святам, падарыўшы ім велікодных баранкаў.

wieklicz katedra 25

“Сёння хочам дзякаваць за вялікі дар, любоў і прысутнасць Хрыста ва ўсіх табэрнакулюмах свету, – сказаў біскуп. – Мы можам не толькі слухаць Яго, не толькі дакрануцца да Яго, але і прымаць у свае сэрцы”.

Іерарх заахвоціў прысутных да малітвы падзякі за дар Эўхарыстыі.

Прагучаў гімн “Хвала на вышынях Богу”, які не спявалі на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас спеву білі званы і звінелі званочкі, якія пасля яго заканчэння змоўклі, сціх таксама арган.

wieklicz katedra 34

Пасля Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў капліцу адарацыі, якая сімвалізуе цямніцу, дзе быў зняволены Езус пасля арышту. У катэдры цямніцу падрыхтавалі ў капліцы Маці Божай Кангрэгацкай. Адарацыя Насвяцейшага Сакрамэнту працягвалася там да 22 гадзін.

З алтара знялі абрус, а табэрнакулюм застаўся пустым і прыадчыненым.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Біскуп Aляксандр Кашкевіч удзяліў семінарыстам паслугі лектарату і акалітату

paslugi 73Каб стаць святарамі, семінарыстам трэба прайсці пэўныя этапы фармацыі, якія дапамагаюць ім лепш усвядоміць сэнс будучага святарскага служэння. У сувязі з гэтым 12 сакавіка, у ІII нядзелю Вялікага посту, студэнтам 3 курса Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне была ўдзелена паслуга лектарату, a студэнтам 4 курса – паслуга акалітату.

Таксама ў гэты дзень двое семінарыстаў упершыню апранулі духоўнае адзенне – сутаны.

У капліцы семінарыі на святой Імшы прысутнічалі мадэратары навучальнай установы на чале з рэктарам кс. канонікам Віталіем Вайцяхоўскім, студэнты, іх блізкія.

Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які ўстанавіў на ёй новых лектараў і акалітаў і асвяціў сутаны. Гамілію прамовіў духоўны айцец семінарыі кс. Ян Сарэла.

paslugi 54

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў семінарыстаў працягваць узрастаць у пакліканні, умацоўваючы сваю веру і яшчэ больш набліжаючыся да Хрыста.

Семінарысты, якія прынялі паслугі лектарату і акалітату, зрабілі такім чынам яшчэ адзін вельмі значны крок на шляху да святой мэты: быць тымі, хто працягвае адкупленчую місію Хрыста і з’яўляецца мостам паміж Богам і людзьмі, нягледзячы на сваю чалавечую абмежаванасць.

paslugi 48

Лектары абвяшчаюць жыццядайную моц Святога Пісання з амбоны падчас Эўхарыстыі, а таксама, чэрпаючы з Божага слова веру і адвагу, увасабляюць яго ў жыццё ў выкананні штодзённых абавязкаў.

Акалітаў, у сваю чаргу, Касцёл палічыў годнымі дакранацца да найбольшай Таямніцы хрысціянскай веры, каб яны маглі яшчэ больш прыпадобніцца да свайго Настаўніка Езуса Хрыста.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Аляксей Ціхан

 

Аплаткавая сустрэча для бедных адбылася ў Гродне

abed bednye 5121 снежня напярэдадні святаў Божага Нараджэння ў Гродне адбылася традыцыйная аплаткавая сустрэча для бедных, бяздомных i маламаёмных людзей. На сустрэчы сабралося больш за 100 чалавек, якія штодзённа сутыкаюцца з рознымі праблемамі.

Штогод у гэты перадсвяточны час Касцёл хоча паказаць такім людзям, што яны не пакінутыя, што заўсёды могуць атрымаць патрэбную падтрымку, бо, як падкрэслівае Святы Айцец Францішак, “любоў да бедных знаходзіцца ў цэнтры Евангелля”.

Абед для ўдзельнікаў сустрэчы, як і кожны год, прыгатавалі законніцы Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) разам з валанцёрамі пры падтрымцы Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” Гродзенскай дыяцэзіі.

abed bednye 32

На святочную сустрэчу з беднымі прыбылі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дырэктар гродзенскага “Карытас” кс. канонік Раман Рачко, прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Юрый Марціновіч. Прысутнічаў таксама пастар лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў.

Усіх прывітаў кс. Раман Рачко, які растлумачыў традыцыю дзялення аплаткай і яе сімволіку. Святар падкрэсліў, што святы Божага Нараджэння заахвочваюць людзей быць добрымі адзін да аднаго і старацца дзяліцца любоўю.

abed bednye 42

Пастар Уладзімір Татарнікаў выказаў сабраным віншаванні, адзначыўшы, што святы заўсёды яднаюць людзей у адну сям’ю і нясуць неабходную надзею.

Трымаючы ў руках аплаткі, духавенства дзялілася імі з удзельнікамі сустрэчы, жадаючы тым найперш міру і патрэбных дароў Пана Бога.

abed bednye 58

На абед удзельнікам былі прапанаваны фасолевы суп, бульба, а на дэсерт пончык і кампот з сухафруктаў. Таксама яны атрымалі з сабой сімвалічныя прадуктовыя падарункі.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў усім прысутным пастырскае благаслаўленне, пажадаўшы надзеі на лепшае заўтра.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Вольга Сяліцкая

 

Бэтлеемскі агонь міру ўнеслі ў гродзенскую катэдру

agon 2719 снежня ў катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне прыбыў Агонь міру, запалены ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме.

Прадстаўнікі польскага згуртавання скаўтаў ZHP урачыста перадалі агонь біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу.

Як сказаў біскуп, звяртаючыся да ўсіх прысутных у катэдры, гэты агонь нагадвае, што ўжо хутка мы будзем адзначаць поўныя радасці і хвалы святы Божага Нараджэння.

agon 32

Іерарх падкрэсліў, што з гэтага святла, якое сімвалізуе Езуса Хрыста, “мы хочам зачэрпаць святло для саміх сябе – для кожнай і кожнага з нас”.

“Больш за тое, мы жадаем гэтае святло, якое ў нас ужо ёсць, перадаваць далей. Каб усё больш людзей было ахоплена гэтым святлом, якое ўпершыню заззяла на зямлі ў цудоўную ноч Божага Нараджэння”, – дадаў біскуп.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што “ў нашы сённяшнія часы жаданнем кожнага чалавека з’яўляецца тое, каб разам з гэтым святлом нашы дамы і сем’і, нашу краіну і ўвесь свет агарнуў доўгачаканы мір”, “каб мы былі здольныя прабачаць адзін аднаму, падаваць руку, пазбягаць гневу і нянавісці, а думкі нашыя заўсёды былі поўныя дабрыні”.

agon 47

Біскуп заахвоціў вернікаў несці з гэтым агнём да сваіх блізкіх і знаёмых радаснае пасланне міру і быць вестунамі Божай радасці.

“Няхай іншыя бачаць у нас людзей добрай волі, якіх Пан Бог упадабаў. Будзем абвяшчаць іншым самога Хрыста, які прыйшоў для таго, каб нас усіх адарыць супакоем”, – сказаў іерарх.

Затым усе ахвотныя маглі запаліць ад Бэтлеемскага агню свае знічы, каб занесці яго святло ў свае дамы і сем’і.

Такім чынам усе могуць на працягу кожнага дня да Божага Нараджэння ўзяць гэты сімвал з сабой, каб перажываць святы ў духоўнай лучнасці з зямлёй нашага Збаўцы.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Вольга Сяліцкая

 

Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча на Першую нядзелю Адвэнту 2022 года

kashkevich 003 1Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!

Сёння, у Першую нядзелю Адвэнту, мы распачынаем у Касцёле новы літургічны год. Мы сімвалічным чынам адзначаем пачатак чарговага этапу нашага жыцця, рытм якога будзе вызначацца літургічнымі перыядамі, што змяняюць адзін аднаго, а таксама касцёльнымі ўрачыстасцямі і святамі. Праз свядомы ўдзел у літургіі мы зможам зноў паразважаць над найважнейшымі падзеямі гісторыі збаўлення, а адначасова нагадаць сабе праўду пра тое, што Божая справа збаўлення чалавецтва – гэта таксама наша асабістая гісторыя, бо кожны з нас, без выключэння, мае ў гэтым Божым плане сваё месца і ўдзел.

У Адвэнт літургія Касцёла пераносіць нас у часы чакання Ізраэлем прыйсця Збаўцы. У гэтым чаканні дамінуе настрой тугі і надзеі. Святое Пісанне прадстаўляе нам гісторыю выбранага народу як сведчанне асаблівай любові Пана Бога, Яго клапатлівай апекі і нястомнай дапамогі. Адначасова мы можам сцвярджаць, што не адзін раз у гісторыі вера народу Ізраэля ставілася на выпрабаванне праз розныя балючыя досведы: войны і выгнанні, падзелы і ўнутраны непакой, рэлігійныя і маральныя крызісы. Перад абліччам усіх гэтых выклікаў Пан Бог нястомна скіроўвае да свайго народу слова суцяшэння і падбадзёрвання, якое з’яўляецца таксама пасланнем надзеі і веры. Адно з такіх пасланняў, якое абвяшчалася прарокам Ісаяй, мы чуем у сённяшнім першым чытанні: “Прыйдзіце, і ўзыдзем на гару Пана у дом Бога Якубава […] І будзе Ён судзіць плямёны, і асудзіць многія народы; і перакуюць мячы свае на плугі, і дзіды свае на сярпы. Не ўздыме народ на народ мяча, і не будуць больш вучыцца ваяваць. Доме Якуба! Прыйдзіце, і пойдзем у святле Пана!” (Iс 2, 3-5).

Святло, па якім сумавалі і якога чакалі незлічоныя пакаленні ізраэлітаў, прыйшло ў свет у Асобе Езуса Хрыста, Сына Божага. “Святло для асвятлення язычнікаў i хвала народу Твайго Ізраэля” (Лк 2, 32), – усклікае ў захапленні старац Сімяон, беручы ў абдымкі Дзіцятка Езуса, прынесенае Марыяй і Юзафам у Ерузалемскую святыню. “Я – святло свету, – скажа пазней Пан Езус. – Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця” (Ян 8, 12).

Перыяд Адвэнту духоўна рыхтуе нас да радаснай сустрэчы з Езусам Хрыстом у таямніцы Яго Нараджэння. Сімволіка святла, якую выкарыстоўвае адвэнтавая літургія і традыцыя, з’яўляецца напамінам для нас, хрысціянаў, што мы былі пакліканы і заахвочаны ісці за Езусам Хрыстом шляхам святла, значыць Яго Евангелля. Падобна як запалены агонь рассейвае навакольную цемру, так навука Хрыста, калі мы яе прымаем усім сэрцам і рэалізуем у жыцці, становіцца святлом, якое перамагае ўсялякую цемру зла і граху, як у нас саміх, так і вакол нас.

Таму сёння, на пачатку Адвэнту, мы чуем заклік святога апостала Паўла з паслання да Рымлянаў: “Настала ўжо пара, каб вы абудзіліся са сну. […] Ноч мінула, і наблізіўся дзень. Таму адкінем учынкі цемры і апранемся ў зброю святла. Як у дзень, будзем паводзіць сябе прыстойна, не ў гулянках ды п’янстве, не ў распусце ды разбэшчанасці, не ў сварках ды зайздрасці” (Рым 13, 11-13).

У святле гэтых слоў мы разумеем, чаму ў хрысціянскай традыцыі радаснае чаканне Нараджэння Езуса Хрыста злучана з заклікам да духоўнай чуйнасці, адкрыцця сэрца на ласку навяртання і прыняцця высілку маральнага аднаўлення. Гэта не супярэчыць радасці адвэнтавага чування, наадварот: толькі сэрца “новае”, паяднанае з Богам, вызваленае з цемры зла і змроку граху, можа ва ўсёй паўнаце адчуць і перажыць радасць сустрэчы з яркім святлом Збаўцы, які прыходзіць.

Дарагія браты і сёстры! Перыяд Адвэнту, які распачынаецца сёння, – гэта нагода і запрашэнне прыняць у духоўным жыцці рашэнні і пастановы, якія дапамогуць нам унутрана перамяніцца і ўзбагаціцца, яшчэ больш наблізіцца да Хрыста, паглыбіць уласную веру, дазволіць, каб святло Яго навукі асвятліла нашу штодзённасць. Таму на пачатку гэтага асаблівага часу заахвочваю вас перажыць яго свядома і дзейсна, у духу навяртання і супрацоўніцтва з Божай ласкай.

Магчыма, не адзін з нас адчуе ў сабе духоўную патрэбу ў аднаўленні і ажыўленні сваёй эўхарыстычнай пабожнасці. Пасля доўгага перыяду абмежаванняў, звязаных з эпідэміяй каранавірусу, нам здаецца вельмі лёгкім даць самім сабе дыспенсу ад удзелу ў нядзельнай святой Імшы, апраўдваючыся перад сабой клопатам пра здароўе ўласнае і іншых, тым больш што ёсць магчымасць “глядзець” Імшу ў інтэрнэце. Няхай перыяд Адвэнту дапаможа нам зноў адкрыць прыгажосць і радасць непасрэднага ўдзелу ў Эўхарыстыі, якога не здольная замяніць ніводная медыйная трансляцыя.

Добрай адвэнтавай традыцыяй з’яўляюцца раратнія святыя Імшы, на якіх збіраецца шмат не толькі дзяцей, але і дарослых парафіян, што жадаюць такім чынам ушанаваць Божую Маці Марыю. Пастараемся ж, каб на сёлетніх Раратах не адсутнічалі таксама і мы, і нашы хатнія, а асабліва дзеці і моладзь.

Aдвэнт багаты на розныя мерапрыемствы дабрачыннага характару, якія маюць мэтай аказаць дапамогу самым бедным і слабым членам нашага грамадства. Пастараемся ж па меры магчымасці дзяліцца тым, што маем, з найбольш патрабуючымі, памятаючы, што ў іх асобах сустракаем самога Хрыста.

У час адвэнтавага чакання прыйсця Пана многія хрысціяне бяруць на сябе розныя адмаўленні: адмаўляюцца ад гучных забаваў і гульняў, устрымліваюцца ад ужывання алкаголю, абмяжоўваюць карыстанне інтэрнэтам ці прагляд тэлевізара. Такога кшталту пастановы маюць вялікую каштоўнасць: умацоўваюць і загартоўваюць волю, робяць больш чулымі да духоўных вартасцяў, дапамагаюць у барацьбе з залежнасцямі і вызваленні ад іх.

У многіх парафіях арганізуюцца адвэнтавыя рэкалекцыі і дні засяроджання. Пастараемся ж так распланаваць свой час, каб узяць у іх актыўны ўдзел.

Не будзем забывацца прыступіць у Адвэнт да сакрамэнту паяднання, каб, вызваленыя з граху і напоўненыя асвячальнай ласкай, мы маглі з радасцю адзначаць святы Нараджэння Пана.

У Евангеллі, якое чытаецца сёння, мы чуем, як Пан Езус заахвочвае сваіх вучняў, а значыць і кожнага з нас, да чуйнасці перад абліччам праўды пра Яго паўторнае прыйсце: “Чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. […] будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце” (Mц 24, 42.44). У святле гэтых слоў Хрыста ўсё наша жыццё набывае “адвэнтавае” вымярэнне: яно з’яўляецца чаканнем сустрэчы са Збаўцам, які прыходзіць. Таму няхай добра пражыты перыяд Адвэнту яшчэ лепш дапаможа нам штодзённа прабываць з Хрыстом у чуйнасці, каб кожную хвіліну мы былі падрыхтаваныя да сустрэчы з Ім у вечнасці.

На глыбокае, поўнае веры і асабістай адданасці, багатае духоўнымі плёнамі перажыванне Адвэнту, які распачынаецца, і на радасць сустрэчы з Езусам Хрыстом, які прыходзіць да нас у таямніцы Яго Нараджэння, усіх вас, дарагія браты і сёстры, з усяго сэрца благаслаўляю.

Aляксандр Кашкевіч

Біскуп Гродзенскі

Гродна, 23 лістапада 2022 г.

Душпастырам належыць абвясціць гэты ліст вернікам у Першую нядзелю Адвэнту, 27 лістапада 2022 г.

Тэкст Ліста для друку ТУТ>>>

Тэкст Ліста па-польску ТУТ>>>

 

Дыяцэзіяльная сустрэча членаў апостальскага руху “Маргарытка” пройшла ў Тракелях

margaretki 7913 жніўня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася сустрэча членаў малітоўнай групы апостальскага руху “Маргарытка”. Яны штодзённа моляцца ў інтэнцыі святароў, прысвячаюць за іх цярпенні і ахвяры кожны дзень.

На сустрэчы сабралося каля 300 чалавек з розных месцаў дыяцэзіі. Прысутнічалі былы мадэратар малітоўнай групы ў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Ян Сарэла і цяперашні мадэратар кс. Ян Раманоўскі.

У межах сустрэчы прысутныя выслухалі канферэнцыю, з якой выступіў пробашч лідскай парафіі святога Юзафа і благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка кс. Віталій Сідорка.

margaretki 52

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў урачыстую святую Імшу ў інтэнцыі членаў малітоўнай групы руху “Маргарытка” ў дыяцэзіі.

Ксёндз Ян Раманоўскі ў гаміліі казаў, што кожны чалавек, незалежна ад узросту, – заўсёды дзіця нябеснай Маці, якая клапатліва прымае кожнага.

margaretki 63

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп ад уласнага імя і ад імя ўсяго духавенства дыяцэзіі выказаў словы глыбокай і шчырай удзячнасці ўсім, хто належыць да апостальства “Маргарытка”. Ён падзякаваў за малітвы, духоўныя і матэрыяльныя ахвяры, якімі падтрымліваюць святароў у іх служэнні Касцёлу, бо кожны з пакліканых да Хрыстовага святарства – звычайны, слабы чалавек, поўны крохкасці, абмежаванасці і недасканаласці.

Іерарх падкрэсліў, што дзякуючы падтрымцы вернікаў кожны святар адчувае сябе мацнейшым, больш трывалым духоўна і больш упэўненым ва ўсім, што робіць.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Ва ўрачыстасць Маці Божай Кангрэгацкай біскуп Кашкевіч цэлебраваў Імшу ў катэдры

kongregacka kaszkewicz 85 жніўня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў ранішнюю святую Імшу ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя ў межах сёлетняй урачыстасці ў гонар Маці Божай Кангрэгацкай – Апякункі студэнтаў і Заступніцы города над Нёманам.

На Эўхарыстыі сабраліся жыхары горада, каб на ўзор папярэдніх пакаленняў даверыць Богу ўсе свае штодзённыя клопаты, дзякуючы дапамозе нябеснай Заступніцы.

У прыгожым касцёле, які раней належаў езуітам, перад славутым ласкамі абразом Маці Божай Кангрэгацкай, які знаходзіцца там 358 гадоў, прысутныя разам дзякавалі Богу за дар Марыі.

kongregacka kaszkewicz 12

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне на пачатку Эўхарыстыі заклікаў пастаянна дзякаваць Марыі за Яе матчыну апеку і верна ісці праз жыццё за нашым Панам Езусам Хрыстом.

У гаміліі кс. Алег Пятрашка, духоўны айцец падрыхтоўчага курса Вышэйшай духоўнай семінарыі, падкрэсліў, што трэба нястомна шукаць Езуса, як Яго шукала Марыя, калі Ён у дванаццаць гадоў згубіўся, вяртаючыся з урачыстасці ў Ерузалеме.

Таксама святар заклікаў усіх прысутных да малітвы за дзяцей і моладзь, будучыню нашага народу і Касцёла.

На заканчэнне Імшы пробашч парафіі кс. канонік Ян Кучынскі падзякаваў усім за прысутнасць і супольную малітву, на якой у гэты дзень ахвотна збіраюцца ў гродзенскай святыні тыя, хто шануе Маці Божую Кангрэгацкую.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Біскуп Гродзенскі ў Вялікую пятніцу: Езус аказвае нам любоў звыш меры

wielka piatnica 3515 красавіка, у Вялікую пятніцу, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне набажэнства Мукі Пана.

Набажэнства складалася з літургіі слова, адарацыі Крыжа, святой Камуніі, а таксама перанясення Найсвяцейшага Сакрамэнту ў Гроб Пана.

На пачатку ў цішыні біскуп лёг крыжам на падлогу перад алтаром, што сімвалізуе ахвяру Хрыста. Вернікі ў гэты час дзякавалі за дар адкуплення, за тое, што Бог ніколі не пакідае і жадае збаўлення ўсіх, і за ласку прабывання з Езусам, пачатак якой паклаў у іх святы хрост.

Таксама прагучала апісанне Мукі Пана, перададзенае святым Янам, які сведчыць пра тое, што бачыў на Галгоце. Для яго Укрыжаваны з’яўляецца Валадаром, вечным Сынам Божым, Святлом, якое асвятляе кожнага. Ян Евангеліст быццам адкрыў Божае Сэрца, якое хоча не судзіць людзей, а збавіць.

У гаміліі біскуп падкрэсліў, што ключом для разумення таямніцы крыжа з’яўляецца любоў. “Пан Езус прымае на сябе дабравольна муку і крыжовую смерць, бо любіць нас бясконцай, боскай любоўю”, – сказаў іерарх.

Ён дадаў, што наш Збаўца не адмервае сваёй любові і не вылічвае, колькі дакладна яе патрэбна для збаўлення, а аказвае яе людзям звыш меры, шчодра, таму не вагаецца прынесці ў ахвяру самога сябе.

wielka piatnica 31

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што людзі атрымліваюць апраўданне і адпушчэнне грахоў цалкам дарма, пра што ніколі нельга забываць.

Усе прысутныя ў святыні, укленчыўшы, ушанавалі Крыж, што было цэнтральнай часткай набажэнства Вялікай пятніцы, а затым прынялі святую Камунію.

На заканчэнне набажэнства Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў Гроб Пана. Да пачатку літургіі Пасхальнай вігіліі вернікі будуць адараваць Хрыста, разважаючы пра Яго муку.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Яўген Занеўскі

 

Біскуп Кашкевіч цэлебраваў Імшу Вячэры Пана ў гродзенскай катэдры

katedra wiaczera 5414 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў урачыстую Імшу Вячэры Пана ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Гэтая Імша распачынае ў Каталіцкім Касцёле Пасхальны Трыдуум Мукі, Смерці і Уваскрасення Езуса Хрыста.

У гэтыя дні здзейснілася вялікая таямніца Пасхі Хрыста – Яго пераход з зямнога жыцця праз брамы мукі і смерці да жыцця ў хвале ўваскрасення. Дні Пасхальнага Трыдууму ўтвараюць адзінае цэлае, з’яўляюцца як быццам адным трохдзённым святам, вялікім святкаваннем нашага адкуплення.

Вернікі сабраліся на Імшы, каб дзякаваць за сакрамэнты пасвячэння і Эўхарыстыі, устаноўленыя Езусам Хрыстом у Вялікі чацвер. Таму на яе пачатку дзеці і моладзь выказалі віншаванні біскупу і святарам, якія служаць у катэдральнай парафіі, пажадаўшы ім цешыцца сваім святарствам і з руплівасцю і вялікай адданасцю ажыццяўляць сваё пакліканне.

katedra wiaczera 44

Біскуп Кашкевіч на пачатку Імшы заахвоціў усіх прысутных падзякаваць Езусу за сакрамэнты Эўхарыстыі і пасвячэння, праз якія аб’явілася Яго велізарная любоў да чалавека і свету.

“Дзякуем за дар гэтай любові, бо Езус застаўся з намі ва ўсіх табэрнакулюмах усяго свету, да канца, бо да канца нас палюбіў”, – дадаў іерарх.

Таксама пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў вернікам за малітву ў інтэнцыі святароў, якая дапамагае кожнаму з іх быць моцным у веры і выконваць сваю місію, атрыманую ў момант прыняцця пасвячэння.

У гаміліі генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч казаў пра значэнне Эўхарыстыі ў жыцці чалавека. Ён адзначыў, што Пан Езус застаецца з намі, каб парадаваць нас сваёй бясконцай боскай любоўю.

“Заўсёды, калі прыходзім да Яго са збалелым сэрцам, за смуткам у душы, разгубленасцю ці трывогай, будзем памятаць, што ў табэрнакулюме Сэрца Езуса б’ецца любоўю да нас”, – сказаў святар.

Пасля прыняцця святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт перанеслі ў цямніцу, якая з’яўляецца сімвалам вязніцы, куды быў заключаны Езус у ноч перад Мукай.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Яўген Занеўскі

 

Біскуп Кашкевіч святарам у Вялікі чацвер: святарская місія – не ўпрыгажэнне ці хобі

xryzma 4414 красавіка, у Вялікі чацвер, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Імша Хрызма, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У адпаведнасці са старажытнай традыцыяй, гэтая Імша адбываецца толькі ў катэдры, яе цэлебруе біскуп і да ўдзелу ў ёй запрашаюцца ўсе святары, якія служаць у мясцовым Касцёле. Такім чынам падкрэсліваецца адзінства і непадзельнасць Хрыстовага святарства, а таксама духоўная сувязь, якая злучае святароў з біскупам і паміж сабой.

На Імшы ў катэдры – “маці” святыняў дыяцэзіі – сабралося духавенства з розных куткоў Гродзеншчыны, каб супольна дзякаваць Хрысту за вялікі і цудоўны дар святарства, які Ён на Апошняй Вячэры даў свайму Касцёлу.

Прысутнічалі таксама сёстры законныя i семінарысты, вернікі горада Гродна і наваколля, каб малітвамі падтрымаць служэнне сваіх святароў, якія штодзень абвяшчаюць ім Божае слова і ўдзяляюць сакрамэнты.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў у гаміліі, што ў Вялікі чацвер, на парозе Пасхальнага Трыдууму, мы разам з Хрыстом вяртаемся да нашых “Назарэтаў” святарства.

xryzma 49

“Бо ў кожнага з нас ёсць свой святарскі “Назарэт”. Гэта момант, калі мы адчулі на сабе поўны любові позірк Хрыста і пачулі ў сэрцы Яго далікатны заклік, а можа, больш запрашэнне, ісці за Ім”, – сказаў іерарх.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што Вялікі чацвер, дзень устанаўлення святарства і Эўхарыстыі, – святарскае свята, час разважання над дарам і таямніцай паклікання. Гэта нагода дзякаваць за схаваны ў глыбіні сэрца ад дапытлівага позірку свету, вядомы толькі святарам і Пану Богу святарскі “Назарэт”.

“Мы не павінны ніколі забываць, дарагія браты ў святарстве, што пакліканне, якое мы атрымалі, – гэта Божы дар. Ніхто з нас гэтага дару не заслужыў”, – адзначыў біскуп, дадаўшы, што аднойчы Пан сустрэў кожнага святара там, дзе ён быў, і такім, якім ён быў, з усёй яго гісторыяй, яго чалавечнасцю, з багажом досведу, болем ранаў, цяжарам абмежаванасці і недасканаласці.

Тады, па словах іерарха, здзейснілася таямніца: Той, які першы нас палюбіў, назваў нас па імені, узяў за руку і павёў за сабою.

“І менавіта гэта з’яўляецца крыніцай нашай святарскай надзеі, бо нават у час крызісу Пан не перастае любіць, а гэта значыць не перастае клікаць, называць па імені і весці шляхамі жыцця”, – дадаў біскуп.

Затым, засноўваючыся на думках Папы Францішка з сёлетняга сімпозіуму на тэму святарства, іерарх нагадаў пра чатыры слупы святарскага жыцця, якія Пантыфік назваў чатырма “блізкасцямі”. Першая з іх – блізкасць да Бога, другая – блізкасць да біскупа, трэцяя – блізкасць паміж святарамі, чацвёртая – блізкасць святара з Божым народам.

xryzma 54

“Наша святарская місія – гэта не ўпрыгажэнне, якое можна зняць і схаваць; гэта не дадатак, хобі ці адна з многіх прыгод у жыцці. Місія – гэта штосьці, чаго нельга выкараніць з нашага быцця святарамі, калі не хочам самі сябе знішчыць”, – заўважыў біскуп, падкрэсліўшы, што свет хоча бачыць у святары другога Хрыста.

На заканчэнне гаміліі ён звярнуўся да вернікаў з традыцыйнай просьбай маліцца за іерархаў і святароў, бо рэалізацыя святарскага паклікання нялёгкая.

“Мы ведаем, што часта не дарастаем да вашых чаканняў. Не заўсёды мы з’яўляемся для вас добрымі, клапатлівымі, руплівымі пастырамі. Здараецца нават, што нашы паводзіны сеюць у вашых сэрцах блытаніну і спакушэнне. Перапрашаем вас за гэта”, – сказаў біскуп.

xryzma 68

Звяртаючыся да ўсіх вернікаў, іерарх папрасіў, каб грахі і слабасці святароў не аддалялі католікаў ад Хрыста і Касцёла, а мабілізавалі яшчэ больш да малітвы, каб святары маглі служыць вернікам як мага лепш.

На Імшы духавенства аднавіла святарскія абяцанні, просячы ў Бога трываласці нa далейшыя гады служэння і моцы духу ў рэалізацыі заданняў, якія ставіць Хрыстус.

Аднаўляючы абяцанні, духоўныя асобы выказалі жаданне больш цесна яднацца з Хрыстом і знайсці першасную руплівасць сваіх святарскіх сэрцаў.

Таксама адбылося асвячэнне алею хворых і катэхуменаў і кансэкрацыя алею хрызма, якія будуць неабходныя для ўдзялення сакрамэнтаў.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Вольга Сяліцкая

 

У гродзенскім пабрыгіцкім касцёле ў адпустовую ўрачыстасць асвяцілі дзве новыя фігуры

brigidki zwiastowanie 5625 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) адзначалася адпустовая ўрачыстасць.

На cвятой Імшы прысутнічалі жыхары горада, мясцовае духавенства і студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

У гэты дзень сваё свята адзначала і супольнасць правінцыйнага законнага дома Кангрэгацыi Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ў Гродне. Шматлікія члены супольнасці таксама ўдзельнічалі ў Эўхарыстыі.

Імшу цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч i святары.

brigidki zwiastowanie 46

Вітаючы ўсіх прысутных, рэктар пабрыгіцкага касцёла кс. канонік Антоні Грэмза адзначыў, што ўрачыстасць, калі ўспамінаецца таямніца Уцелаўлення Божага Сына, адносіцца да найстарэйшых і самых важных у Каталіцкім Касцёле, і заахвоціў да супольнай малітвы.

У гаміліі біскуп Буткевіч, кажучы пра таямніцу гэтага дня, разважаў аб каштоўнасці жыцця, якое з’яўляецца вялікім дарам Бога.

Па словах іерарха, асабліва ў сённяшні складаны час, калі, найперш для нашага братэрскага народу ва Украіне, не хапае супакою і еднасці, трэба цаніць кожную хвіліну жыцця і дзякаваць Богу за ўсе даброты і міласэрнасць.

brigidki zwiastowanie 62

Біскуп Віцебскі заахвоціў у час Вялікага посту не шукаць вінаватых у адсутнасці міру ў свеце, а перш за ўсё зірнуць на сваё жыццё, бо ад кожнага чалавека ў вялікай меры залежыць, якім будзе свет і яго будучыня.

На гэтай Імшы ў дзень даручэння Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі Украіны і Расіі асаблівым чынам маліліся аб міры ва ўсім свеце. На заканчэнне літургіі біскуп Буткевіч асвяціў дзве новыя фігуры ў касцёле.

Фігура св. Аўгустына, доктара Касцёла, і св. Грыгорыя, Папы, зробленыя нядаўна, былі змешчаны ў галоўным алтары, пабудаваным некалькі гадоў таму.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Аляксей Ціхан