16 красавіка, ў нядзелю Божай Міласэрнасці, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч наведаў Ліду (Гродзенская дыяцэзія), дзе ўзначаліў адпустовую ўрачыстасць у парафіі Божай Міласэрнасці, што ў новым лідскім мікрараёне Маладзёжны.
Прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі ўпершыню наведаў горад, у якім пражывае адна з найбольшых у нашай краіне каталіцкіх супольнасцяў: католікі складаюць тут больш за палову насельніцтва. Для Лідскага рэгіёна нават прызначаны асобны Біскупскі вікарый — шматгадовы пробашч парафіі Узвышэння святога Крыжа ў Лідзе ксёндз канонік Уладзімір Гуляй, які ад імя біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча каардынуе душпастырскую і адміністрацыйную дзейнасць Касцёла на Лідчыне.
Нунцый Ёзіч прыбыў у Ліду па запрашэнні ксяндза каноніка Андрэя Зноскі, пробашча маладой мясцовай парафіі Божай Міласэрнасці, размешчанай у мікрараёне Маладзёжны, што ў паўночна-заходняй частцы горада.
Прадстаўніка Святога Айца прывіталі ў святыні спевам на яго роднай мове.
Як пазней сказаў сам Антэ Ёзіч, які паходзіць з Харватыі, гэты касцёльны спеў з яго радзімы ў выкананні парафіяльнага моладзевага хору «Спяваючыя сэрцы» пад кіраўніцтвам Веранікі Красцьянінавай «гучаў нават лепш, чым у арыгінале».
Вітаючы высокага госця і прысутнае духавенства ў запоўненай святыні, якая з’яўляецца самым вялікім касцёлам у Лідзе, ксёндз Андрэй Зноска растлумачыў вернікам, хто такі Апостальскі нунцый. Пры гэтым святар звярнуўся да Кодэкса кананічнага права — галоўнага збору касцёльных законаў, у перакладзе якога на беларускую мову ён сам браў актыўны ўдзел як дасведчаны юрыст і кананіст. Гэты пераклад Кодэкса, прэзентаваны напрыканцы мінулага года ў межах адзначэння 30-годдзя з часу ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь, быў здзейснены па ініцыятыве нунцыя Ёзіча, і ксёндз Андрэй, па словах ватыканскага прадстаўніка, адыграў у яго падрыхтоўцы адну з галоўных роляў.
Хоць парафія ў мікрараёне Маладзёжны, у адрозненні ад тутэйшага касцёла, далёка не самая вялікая ў Лідзе, аднак на адпустовай урачыстасці сабралася больш за паўтысячы чалавек. Усе яны з вялікай радасцю віталі таксама свайго першага пробашча, ксяндза каноніка Станіслава Пацыну з Радуні. Як нагадаў у прывітальным слове ад старэйшага пакалення вернікаў старшыня парафіяльнай Рады Леон Муліца, дзякуючы душпастырскай руплівасці ксяндза Станіслава амаль трыццаць гадоў таму стварылася гэтая парафіяльная супольнасць, і неўзабаве на полі, дзе «калісьці раслі капуста і буракі», супольнымі намаганнямі вернікаў і іх пробашча вырасла цудоўная святыня ў гонар Божай Міласэрнасці.
Менавіта ксёндз Станіслаў Пацына хрысціў некаторых маладых людзей з тых 35-і асоб, якія ў парафіяльную ўрачыстасць прынялі з рук прадстаўніка Папы сакрамэнт хрысціянскай сталасці — канфірмацыю, або бежмаванне.
Звычайна ў Каталіцкім Касцёле гэты сакрамэнт удзяляе толькі біскуп. Як прызнаўся нунцый Ёзіч, ён упершыню меў магчымасць удзяліць яго толькі цяпер, у Лідзе.
Пасля таго, як ксёндз Уладзімір Гуляй прачытаў Евангелле пра тое, як апостал Тамаш, які спачатку не верыў у Змёртвыхпаўстанне Хрыста, стаў веруючым, дакрануўшыся да прабітых рук і боку Уваскрослага, пробачш прадставіў арцыбіскупу Ёзічу кандыдатаў да канфірмацыі. Паміж імі адбыўся дыялог, у якім кандыдаты пацвердзілі сваё жаданне прыняць дары Святога Духа і жыць хрысціянскай верай, даючы сваё сведчанне аб Уваскрослым.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Ёзіч перадусім сказаў, што вельмі рады ў нядзелю Божай Міласэрнасці маліцца ў парафіі, якая мае такі тытул.
«Я таксама шчаслівы, таму што ўпершыню прадстаўнік Папы наведвае вашую парафію і цэлебруе святую Імшу за вас, за вашыя сем’і, за хворых і асабліва за тых, хто рыхтаваўся прыняць сем дароў Духа Святога, каб мець магчымасць сведчыць аб сваёй веры ў штодзённым жыцці.
Для мяне таксама гэта першы раз, калі я як біскуп удзяляю канфірмацыю, і я шчаслівы, што гэта адбываецца тут, у Лідзе, у Беларусі, дзе я выконваю сваю дыпламатычную і касцёльную місію», — адзначыў Апостальскі нунцый. Іерарх дадаў, што разам са сваімі сямю дарамі Святы Дух у канфірмацыі сам сыходзіць на тых, хто прымае гэты сакрамэнт, і «прысутнасць Бога ў нас робіць нас шчаслівымі і падштурхоўвае станавіцца дарослымі, даваць сведчанне сваім жыццём. Там, дзе жыве Дух Божы, ужо няма месца граху, падзелам, войнам, але перамагаюць любоў, сяброўства, вера і справядлівасць», — сцвердзіў іерарх.
Ён запрасіў кандыдатаў «будаваць новы свет: свет без войнаў, свет, які прымае ўсіх без адрознення, перш за ўсё свет, які прымае бедных і адкінутых.
Запрашаю вас любіць сваю парафію ў Лідзе і наш Каталіцкі Касцёл у Беларусі, умацоўваючы яго сваімі малітвамі і добрымі справамі», — заахвоціў прадстаўнік Папы, завяршыўшы гамілію кароткім зваротам да Маці Божай: «Каралева Беларусі, маліся за нас».
На заканчэнне ўрачыстасці адбылася вялікая нечаканасць: прадстаўнік парафіяльнай Рады Віталій Баркоўскі зачытаў і ўручыў Апостальскаму нунцыю ліст, у якім вернікі парафіі запрасілі Святога Айца Папу Францішка наведаць Беларусь і іх супольнасць. «Дакладна ўсведамляем, які далёкі і складаны шлях з Ватыкана ў Беларусь: і гэта не пра рэкі і горы, якія трэба пераадолець, але пра межы, якія дзеляць чалавечыя сэрцы. <…> Мы не палітыкі, не ўплывовыя асобы — мы простыя людзі, якія ад продкаў атрымалі скарб веры, а разам з ім і вернасць Наступніку Святога Пятра; трываць у ёй — наш гонар.
Быць можа, Божаму Провіду не хапала толькі гэтага нясмелага запрашэння ад звычайных людзей, каб ногі Вашай Святасці маглі ступіць на зямлю нашай любай Беларусі», — было сказана ў звароце, які нунцый Ёзіч паабяцаў абавязкова перадаць Папу Францішку.
На заканчэнне ўрачыстасці яе ўдзельнікаў чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз: пасля таго, як нунцый удзяліў прысутным Апостальскае благаслаўленне, у касцёл завітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які, вяртаючыся з урачыстасці ў Воранаве, па дарозе не мінуў і парафію Божай Міласэрнасці ў Лідзе.
Пастыра дыяцэзіі з энтузіязмам прывіталі вернікі і запрасілі яго на супольны здымак.
Фота: Антон Насовіч