15 красавіка, у суботу ў актаве Уваскрасення Пана, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Канвелішках (Радунскі дэканат), дзе здзейсніў асвячэнне двух новых алтароў і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі.
На ўрачыстай Эўхарыстыі прысутнічалі шматлікія парафіяне, госці, духавенства дэканату. Іерарха прывіталі вернікі парафіі і пробашч кс. Дзмітрый Сядлецкі.
Два алтары ў парафіі былі зроблены нядаўна. Адзін з іх прысвечаны св. Ганне, маці Найсвяцейшай Панны Марыі, другі – св. Мікалаю, біскупу, які шмат гадоў з’яўляецца апекуном гэтай парафіяльнай супольнасці.
Імшу іерарх цэлебраваў у інтэнцыі ўсёй парафіі, асабліва за маладых людзей – каля 20 чалавек, якія ў гэты дзень узбагаціліся сямю дарамі Духа Святога ў канфірмацыі.
У гаміліі прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Юрый Марціновіч звярнуў увагу вернікаў на тое, што Езус кожны дзень дае чалавеку свае дары. Багацце гэтых дароў, па словах святара, асабліва можна ўбачыць, прымаючы сакрамэнт хрысціянскай сталасці, да якога належыць прыступаць з верай, каб сапраўды атрымаць іх.
У канцы Эўхарыстыі біскуп падкрэсліў значэнне сакрамэнту канфірмацыі, які абавязвае быць сведкамі Уваскрослага Пана ў штодзённым жыцці.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў вернікам парафіі на чале з пробашчам за іх пастаянны клопат аб прыгажосці сваёй святыні, якая ў гэты дзень стала яшчэ прыгажэйшай, таму што ў ёй з’явіліся два новыя алтары.
Біскуп заахвоціў прысутных працягваць трываць у веры, умацоўвацца ў любові да Бога і бліжняга.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі