14 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў урачыстую Імшу Вячэры Пана ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Гэтая Імша распачынае ў Каталіцкім Касцёле Пасхальны Трыдуум Мукі, Смерці і Уваскрасення Езуса Хрыста.
У гэтыя дні здзейснілася вялікая таямніца Пасхі Хрыста – Яго пераход з зямнога жыцця праз брамы мукі і смерці да жыцця ў хвале ўваскрасення. Дні Пасхальнага Трыдууму ўтвараюць адзінае цэлае, з’яўляюцца як быццам адным трохдзённым святам, вялікім святкаваннем нашага адкуплення.
Вернікі сабраліся на Імшы, каб дзякаваць за сакрамэнты пасвячэння і Эўхарыстыі, устаноўленыя Езусам Хрыстом у Вялікі чацвер. Таму на яе пачатку дзеці і моладзь выказалі віншаванні біскупу і святарам, якія служаць у катэдральнай парафіі, пажадаўшы ім цешыцца сваім святарствам і з руплівасцю і вялікай адданасцю ажыццяўляць сваё пакліканне.
Біскуп Кашкевіч на пачатку Імшы заахвоціў усіх прысутных падзякаваць Езусу за сакрамэнты Эўхарыстыі і пасвячэння, праз якія аб’явілася Яго велізарная любоў да чалавека і свету.
“Дзякуем за дар гэтай любові, бо Езус застаўся з намі ва ўсіх табэрнакулюмах усяго свету, да канца, бо да канца нас палюбіў”, – дадаў іерарх.
Таксама пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў вернікам за малітву ў інтэнцыі святароў, якая дапамагае кожнаму з іх быць моцным у веры і выконваць сваю місію, атрыманую ў момант прыняцця пасвячэння.
У гаміліі генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч казаў пра значэнне Эўхарыстыі ў жыцці чалавека. Ён адзначыў, што Пан Езус застаецца з намі, каб парадаваць нас сваёй бясконцай боскай любоўю.
“Заўсёды, калі прыходзім да Яго са збалелым сэрцам, за смуткам у душы, разгубленасцю ці трывогай, будзем памятаць, што ў табэрнакулюме Сэрца Езуса б’ецца любоўю да нас”, – сказаў святар.
Пасля прыняцця святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт перанеслі ў цямніцу, якая з’яўляецца сімвалам вязніцы, куды быў заключаны Езус у ноч перад Мукай.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Яўген Занеўскі