18 мая, ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, у парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец) біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч на святой Імшы ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў.
На пачатку Імшы іерарх заклікаў кандыдатаў да канфірмацыі адкрыцца на Духа Святога і сем Ягоных дароў: мудрасцi, розуму, рады, мужнасцi, умеласцi, пабожнасцi i боязі Божай.
Падыходзячы да біскупа, маладыя людзі і іншыя вернікі парафіі атрымлівалі намашчэнне алеем святога хрызма. Кожнаму з іх біскуп адрасаваў словы: “Прымі знак Духа Святога”.
Такім чынам яны ўзялі на сябе абавязак быць адважнымі вызнаўцамі сваёй веры і дазволілі запалаць у сабе Божай любові, каб занесці Добрую Навіну аб Езусе Хрысце іншым людзям, асабліва тым, хто знаходзіцца далёка ад Касцёла.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч заклікаў тых, хто прыступіў да сакрамэнту канфірмацыі, штодзённа сведчыць пра Уваскрасенне Хрыста.
Гэты сакрамэнт хрысціянін прымае не толькі для сябе, але і для дабра іншых. Таму біскуп адзначыў, што дар Духа Святога праз пасрэдніцтва тых, хто яго атрымаў, павінен перамяняць людзей: дасягнуць іх, каб яны маглі спазнаць блізкасць Бога, які адорвае любоўю і надзеяй.
Канфірмаваныя падзякавалi іерарху за тое, што ўмацаваў іх гэтым сакрамэнтам. Таксама яны падзякавалі сваім душпастырам і катэхетам на чале з пробашчам парафіі кс. Янам Этэлем SCJ за падрыхтоўку да гэтай значнай у іх жыцці падзеі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі