6 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць святых апосталаў Пятра і Паўла ў Граўжышках (Ашмянскі дэканат).
На Эўхарыстыі іерарх удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці вернікам гэтай парафіі.
На Імшы сабраліся шматлікія парафіяне і госці, у тым ліку духавенства на чале з дэканам Ашмянскага дэканату кс. канонікам Янам Пузынам.
Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі тых, хто ў гэты дзень прымаў дары Духа Святога ў канфірмацыі, молячыся аб глыбокай веры для іх, і ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай сям’і на чале з яе пробашчам кс. Паўлам Раманоўскім.
Звяртаючыся да тых, хто прыступаў да канфірмацыі, біскуп падкрэсліў, што Дух Святы, якога прымае чалавек у гэтым сакрамэнце і які калісьці сышоў на апосталаў у вячэрніку, дае здольнасць быць вучнем Хрыста Пана, але для гэтага неабходна адкрыць сэрца на дзеянне Божай ласкі.
Таму пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў іх заўсёды быць побач з Езусам, спаўняць Божыя запаведзі, быць здольнымі любіць, прабачаць, служыць Богу і бліжнім.
На заканчэнне Эўхарыстыі прадстаўнікі канфірмаваных вернікаў выказалі біскупу ўдзячнасць за ўдзяленне сакрамэнту. Таксама яны падзякавалі свайму пробашчу за падрыхтоўку да гэтай важнай у іх жыцці падзеі.
У сваю чаргу кс. Павел Раманоўскі падзякаваў усім прысутным, у тым ліку гасцям, за супольны ўдзел у Эўхарыстыі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі