25 мая ў катэдральным касцёле святога Францішка Ксаверыя ў Гродне група вернікаў прыступіла да сакрамэнту хрысціянскай сталасці. Сакрамэнт удзяліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Святую Імшу, на якой вернікі былі намашчаны алеем хрызма, іерарх цэлебраваў у іх інтэнцыі, просячы аб ласцы моцнай веры і адвагі для іх, каб яны маглі штодзённа даваць сведчанне прыналежнасці да вялікай сям’і Касцёла.
Звяртаючыся да тых, хто ў гэты дзень быў узбагачаны сямю дарамі Духа Святога, біскуп падкрэсліў, што гэты сакрамэнт патрэбны, каб не падпарадкоўвацца тэндэнцыям сучаснага свету, а жыць Божым Словам, трываючы ў веры, і пастаянна быць у стане асвячальнай ласкі.
Біскуп выказаў словы ўдзячнасці бацькам, якія паклапаціліся аб рэлігійным выхаванні сваіх дзяцей, сталі іх першымі катэхетамі, далі прыклад добрага хрысціяніна.
Маладыя вернікі, якія прыступілі да канфірмацыі, падзякавалі ўсім, хто рыхтаваў іх да гэтай падзеі. Яны выказалі падзяку за вялікі ўнёсак у іх падрыхтоўку сваім душпастырам і катэхетам на чале з пробашчам парафіі кс. канонікам Янам Кучынскім. Як адзначылі яны, гэты дзень значыць для іх вельмі шмат, абавязвае мужна вызнаваць сваю веру і паступаць паводле яе прынцыпаў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі