15 красавіка, у Вялікую пятніцу, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне набажэнства Мукі Пана.
Набажэнства складалася з літургіі слова, адарацыі Крыжа, святой Камуніі, а таксама перанясення Найсвяцейшага Сакрамэнту ў Гроб Пана.
На пачатку ў цішыні біскуп лёг крыжам на падлогу перад алтаром, што сімвалізуе ахвяру Хрыста. Вернікі ў гэты час дзякавалі за дар адкуплення, за тое, што Бог ніколі не пакідае і жадае збаўлення ўсіх, і за ласку прабывання з Езусам, пачатак якой паклаў у іх святы хрост.
Таксама прагучала апісанне Мукі Пана, перададзенае святым Янам, які сведчыць пра тое, што бачыў на Галгоце. Для яго Укрыжаваны з’яўляецца Валадаром, вечным Сынам Божым, Святлом, якое асвятляе кожнага. Ян Евангеліст быццам адкрыў Божае Сэрца, якое хоча не судзіць людзей, а збавіць.
У гаміліі біскуп падкрэсліў, што ключом для разумення таямніцы крыжа з’яўляецца любоў. “Пан Езус прымае на сябе дабравольна муку і крыжовую смерць, бо любіць нас бясконцай, боскай любоўю”, – сказаў іерарх.
Ён дадаў, што наш Збаўца не адмервае сваёй любові і не вылічвае, колькі дакладна яе патрэбна для збаўлення, а аказвае яе людзям звыш меры, шчодра, таму не вагаецца прынесці ў ахвяру самога сябе.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што людзі атрымліваюць апраўданне і адпушчэнне грахоў цалкам дарма, пра што ніколі нельга забываць.
Усе прысутныя ў святыні, укленчыўшы, ушанавалі Крыж, што было цэнтральнай часткай набажэнства Вялікай пятніцы, а затым прынялі святую Камунію.
На заканчэнне набажэнства Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў Гроб Пана. Да пачатку літургіі Пасхальнай вігіліі вернікі будуць адараваць Хрыста, разважаючы пра Яго муку.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Яўген Занеўскі