19 снежня ў катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне прыбыў Агонь міру, запалены ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме.
Прадстаўнікі польскага згуртавання скаўтаў ZHP урачыста перадалі агонь біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу.
Як сказаў біскуп, звяртаючыся да ўсіх прысутных у катэдры, гэты агонь нагадвае, што ўжо хутка мы будзем адзначаць поўныя радасці і хвалы святы Божага Нараджэння.
Іерарх падкрэсліў, што з гэтага святла, якое сімвалізуе Езуса Хрыста, “мы хочам зачэрпаць святло для саміх сябе – для кожнай і кожнага з нас”.
“Больш за тое, мы жадаем гэтае святло, якое ў нас ужо ёсць, перадаваць далей. Каб усё больш людзей было ахоплена гэтым святлом, якое ўпершыню заззяла на зямлі ў цудоўную ноч Божага Нараджэння”, – дадаў біскуп.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што “ў нашы сённяшнія часы жаданнем кожнага чалавека з’яўляецца тое, каб разам з гэтым святлом нашы дамы і сем’і, нашу краіну і ўвесь свет агарнуў доўгачаканы мір”, “каб мы былі здольныя прабачаць адзін аднаму, падаваць руку, пазбягаць гневу і нянавісці, а думкі нашыя заўсёды былі поўныя дабрыні”.
Біскуп заахвоціў вернікаў несці з гэтым агнём да сваіх блізкіх і знаёмых радаснае пасланне міру і быць вестунамі Божай радасці.
“Няхай іншыя бачаць у нас людзей добрай волі, якіх Пан Бог упадабаў. Будзем абвяшчаць іншым самога Хрыста, які прыйшоў для таго, каб нас усіх адарыць супакоем”, – сказаў іерарх.
Затым усе ахвотныя маглі запаліць ад Бэтлеемскага агню свае знічы, каб занесці яго святло ў свае дамы і сем’і.
Такім чынам усе могуць на працягу кожнага дня да Божага Нараджэння ўзяць гэты сімвал з сабой, каб перажываць святы ў духоўнай лучнасці з зямлёй нашага Збаўцы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Вольга Сяліцкая