7 красавіка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася літургія Мукі Пана – набажэнства Вялікай пятніцы, у якім асабліва ўшаноўваецца дрэва Крыжа.
Вялікая пятніца – адзіны дзень у літургічным годзе, калі ў святынях не цэлебруецца святая Імша.
Набажэнства, якое ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, складалася з літургіі слова, адарацыі Крыжа і святой Камуніі.
На літургіі слова да прысутных звярнуўся кс. Віталій Дабраловіч. Святар засяродзіў увагу на тэме цярпенняў і таго, як іх прымаць, і адзначыў, што прыклад гэтага даў Езус: “Ён прымае цярпенні, таму што любіць чалавека. Ён церпіць дзеля кожнага з нас”. Святар дадаў, што Хрыстус “не шукае вінаватых, наадварот, запрашае да вялікай ласкі сваёй любові і прабачэння, запрашае, каб і мы шукалі сэнс нашых цярпенняў, каб перажывалі іх у любові і ахвярнасці”.
Цэнтральнай падзеяй набажэнства была адарацыя Крыжа. Крыж, заслонены фіялетавай тканінай, быў усталяваны перад алтаром. Біскуп, паступова адсланяючы яго, тройчы спяваў: “Вось дрэва Крыжа, на якім здзейснілася збаўленне свету”, на што вернікі адказвалі: “Пойдзем з паклонам”.
Усе прысутныя, стаўшы на калені, ушанавалі Крыж, а затым прынялі Камунію.
Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу, у якой будзе адароўвацца да пачатку Пасхальнай вігіліі. Потым каля грабніцы Пана пачалася навэнна да Божай Міласэрнасці.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі