13 красавіка, у сераду ў актаве Уваскрасення Пана, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка).
На Эўхарыстыі іерарх удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці вернікам, якіх было ў цэлым каля 50 чалавек і пераважную частку якіх склала моладзь. Гэта была першая ўрачыстасць канфірмацыі сёлета ў дыяцэзіі.
Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі тых, хто ў гэты дзень прымаў дары Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі, просячы аб глыбокай веры для іх.
На літургіі асабліва маліліся за біскупа Кашкевіча, які 13 красавіка адзначаў 32-ю гадавіну свайго абвяшчэння пастырам новаўтворанай дыяцэзіі, заснаванай у той жа дзень Папам Янам Паўлам ІІ.
Звяртаючыся да тых, хто прыступаў да канфірмацыі, іерарх падкрэсліў, што Дух Святы, якога прымае чалавек у гэтым сакрамэнце і які калісьці сышоў на апосталаў у вячэрніку, дае здольнасць быць вучнем Хрыста Пана, але неабходна выканаць адну ўмову – адкрыць сваё сэрца на дзеянне Божай ласкі.
Таму біскуп заахвоціў іх заўсёды быць побач з Езусам, спаўняць Божыя запаведзі, быць здольнымі любіць, прабачаць і служыць Богу і бліжнім.
На заканчэнне Эўхарыстыі прадстаўнікі моладзі выказалі біскупу ўдзячнасць за ўдзяленне сакрамэнту. Таксама яны падзякавалі сваім душпастырам на чале з пробашчам а. Анджэем Ядкоўскім CSsR і катэхетам, якія рыхтавалі да гэтай важнай у іх жыцці падзеі.
Пробашч ад імя гэтай энергічнай парафіяльнай супольнасці і манаскай супольнасці айцоў рэдэмптарыстаў выказаў іерарху віншаванні ў гадавіну яго абвяшчэння пастырам Касцёла на Гродзнешчыне.
Тых, хто прыступіў да канфірмацыі, пробашч заахвоціў працягваць быць з Хрыстом і падкрэсліў, што моладзь гэтай парафіі вельмі добрая, таму Касцёл глядзіць на яе з надзеяй.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Павел Раманчук