10 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне. На святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі маладым i старэйшым вернікам гэтай парафіі.
На пачатку Эўхарыстыі бацькі кандыдатаў да канфірмацыі падкрэслілі, што гэта выключны дзень для іх дзяцей, калі яны адкрываюцца на Божыя дары, якія так патрэбны, каб ісці праз штодзённае жыццё.
У гаміліі кс. канонік Юрый Марціновіч, сакратар біскупа Гродзенскага, адзначыў, што сакрамэнт канфірмацыі, калі прымаецца з верай, робіць чалавека цалкам іншым, дазваляе яму жыць па-Божаму і быць адважным у сённяшнім свеце.
На заканчэнне літургіі біскуп Аляксандр Кашкевіч заклікаў парафіян, якія прыступілі да сакрамэнту, быць для свету жывым Евангеллем і паказваць іншым шлях да Бога сваім прыкладам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі