Skip to main content

Аплаткавая сустрэча для бедных адбылася ў Гродне

abed bednye 5121 снежня напярэдадні святаў Божага Нараджэння ў Гродне адбылася традыцыйная аплаткавая сустрэча для бедных, бяздомных i маламаёмных людзей. На сустрэчы сабралося больш за 100 чалавек, якія штодзённа сутыкаюцца з рознымі праблемамі.

Штогод у гэты перадсвяточны час Касцёл хоча паказаць такім людзям, што яны не пакінутыя, што заўсёды могуць атрымаць патрэбную падтрымку, бо, як падкрэслівае Святы Айцец Францішак, “любоў да бедных знаходзіцца ў цэнтры Евангелля”.

Абед для ўдзельнікаў сустрэчы, як і кожны год, прыгатавалі законніцы Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) разам з валанцёрамі пры падтрымцы Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” Гродзенскай дыяцэзіі.

abed bednye 32

На святочную сустрэчу з беднымі прыбылі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дырэктар гродзенскага “Карытас” кс. канонік Раман Рачко, прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Юрый Марціновіч. Прысутнічаў таксама пастар лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў.

Усіх прывітаў кс. Раман Рачко, які растлумачыў традыцыю дзялення аплаткай і яе сімволіку. Святар падкрэсліў, што святы Божага Нараджэння заахвочваюць людзей быць добрымі адзін да аднаго і старацца дзяліцца любоўю.

abed bednye 42

Пастар Уладзімір Татарнікаў выказаў сабраным віншаванні, адзначыўшы, што святы заўсёды яднаюць людзей у адну сям’ю і нясуць неабходную надзею.

Трымаючы ў руках аплаткі, духавенства дзялілася імі з удзельнікамі сустрэчы, жадаючы тым найперш міру і патрэбных дароў Пана Бога.

abed bednye 58

На абед удзельнікам былі прапанаваны фасолевы суп, бульба, а на дэсерт пончык і кампот з сухафруктаў. Таксама яны атрымалі з сабой сімвалічныя прадуктовыя падарункі.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў усім прысутным пастырскае благаслаўленне, пажадаўшы надзеі на лепшае заўтра.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Вольга Сяліцкая