8 мая ў парафіі ў Каробчыцах (дэканат Гродна-Захад) адзначалася адпустовая ўрачыстасць у гонар яе апекуна св. Станіслава, біскупа і мучаніка. Ужо некалькі гадоў у парафіі знаходзяцца рэліквіі гэтага святога.
Урачыстую Імшу цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці, якая будуе свой касцёл св. Максімільяна Кольбэ і св. Станіслава.
На Эўхарыстыі група вернікаў, пераважна моладзь, была ўзбагачана сямю дарамі Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі.
У гаміліі кс. канонік Юрый Марціновіч, сакратар біскупа Гродзенскага, падкрэсліў, што св. Станіслаў атрымаў ад Пана Бога шмат дароў, а найбольшым з іх была чуласць да чалавечых бед і крыўдаў. Святы выклікаў прыхільнасць людзей сваёй мудрасцю, лагоднасцю і разуменнем.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да вернікаў, якія прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў, каб дары Духа Святога дапамагалі ім крочыць дарогамі веры і прымаць жыццёвыя рашэнні.
Пробашч парафіі кс. Ян Рушніцкі, дэкан дэканату Гродна-Захад, падзякаваў іерарху за тое, што ён памаліўся разам з парафіянамі ў дзень успаміну іх нябеснага апекуна. Тыя, хто прыступіў да канфірмацыі, выказалі ўдзячнасць за падрыхтоўку свайму душпастыру і сястры Магдаліне Кулай CSCII.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі