6 красавіка Каталіцкі Касцёл распачаў Святы Пасхальны Трыдуум – час, каб сцішыцца і паразважаць пра сваё жыццё. Вялікі чацвер – гэта асаблівы дзень, калі Хрыстус устанавіў адразу два сакрамэнты: Эўхарыстыі і пасвячэння.
У гродзенскай катэдры жыхары горада сабраліся на Вячэрнік Пана, яднаючыся з Касцёлам ва ўсім свеце.
Перад пачаткам святой Імшы дзеці і моладзь павіншавалі біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча і ўсё прысутнае духавенства з іх святам, падарыўшы ім велікодных баранкаў.
“Сёння хочам дзякаваць за вялікі дар, любоў і прысутнасць Хрыста ва ўсіх табэрнакулюмах свету, – сказаў біскуп. – Мы можам не толькі слухаць Яго, не толькі дакрануцца да Яго, але і прымаць у свае сэрцы”.
Іерарх заахвоціў прысутных да малітвы падзякі за дар Эўхарыстыі.
Прагучаў гімн “Хвала на вышынях Богу”, які не спявалі на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас спеву білі званы і звінелі званочкі, якія пасля яго заканчэння змоўклі, сціх таксама арган.
Пасля Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў капліцу адарацыі, якая сімвалізуе цямніцу, дзе быў зняволены Езус пасля арышту. У катэдры цямніцу падрыхтавалі ў капліцы Маці Божай Кангрэгацкай. Адарацыя Насвяцейшага Сакрамэнту працягвалася там да 22 гадзін.
З алтара знялі абрус, а табэрнакулюм застаўся пустым і прыадчыненым.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі