14 красавіка, у Вялікі чацвер, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Імша Хрызма, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У адпаведнасці са старажытнай традыцыяй, гэтая Імша адбываецца толькі ў катэдры, яе цэлебруе біскуп і да ўдзелу ў ёй запрашаюцца ўсе святары, якія служаць у мясцовым Касцёле. Такім чынам падкрэсліваецца адзінства і непадзельнасць Хрыстовага святарства, а таксама духоўная сувязь, якая злучае святароў з біскупам і паміж сабой.
На Імшы ў катэдры – “маці” святыняў дыяцэзіі – сабралося духавенства з розных куткоў Гродзеншчыны, каб супольна дзякаваць Хрысту за вялікі і цудоўны дар святарства, які Ён на Апошняй Вячэры даў свайму Касцёлу.
Прысутнічалі таксама сёстры законныя i семінарысты, вернікі горада Гродна і наваколля, каб малітвамі падтрымаць служэнне сваіх святароў, якія штодзень абвяшчаюць ім Божае слова і ўдзяляюць сакрамэнты.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў у гаміліі, што ў Вялікі чацвер, на парозе Пасхальнага Трыдууму, мы разам з Хрыстом вяртаемся да нашых “Назарэтаў” святарства.
“Бо ў кожнага з нас ёсць свой святарскі “Назарэт”. Гэта момант, калі мы адчулі на сабе поўны любові позірк Хрыста і пачулі ў сэрцы Яго далікатны заклік, а можа, больш запрашэнне, ісці за Ім”, – сказаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што Вялікі чацвер, дзень устанаўлення святарства і Эўхарыстыі, – святарскае свята, час разважання над дарам і таямніцай паклікання. Гэта нагода дзякаваць за схаваны ў глыбіні сэрца ад дапытлівага позірку свету, вядомы толькі святарам і Пану Богу святарскі “Назарэт”.
“Мы не павінны ніколі забываць, дарагія браты ў святарстве, што пакліканне, якое мы атрымалі, – гэта Божы дар. Ніхто з нас гэтага дару не заслужыў”, – адзначыў біскуп, дадаўшы, што аднойчы Пан сустрэў кожнага святара там, дзе ён быў, і такім, якім ён быў, з усёй яго гісторыяй, яго чалавечнасцю, з багажом досведу, болем ранаў, цяжарам абмежаванасці і недасканаласці.
Тады, па словах іерарха, здзейснілася таямніца: Той, які першы нас палюбіў, назваў нас па імені, узяў за руку і павёў за сабою.
“І менавіта гэта з’яўляецца крыніцай нашай святарскай надзеі, бо нават у час крызісу Пан не перастае любіць, а гэта значыць не перастае клікаць, называць па імені і весці шляхамі жыцця”, – дадаў біскуп.
Затым, засноўваючыся на думках Папы Францішка з сёлетняга сімпозіуму на тэму святарства, іерарх нагадаў пра чатыры слупы святарскага жыцця, якія Пантыфік назваў чатырма “блізкасцямі”. Першая з іх – блізкасць да Бога, другая – блізкасць да біскупа, трэцяя – блізкасць паміж святарамі, чацвёртая – блізкасць святара з Божым народам.
“Наша святарская місія – гэта не ўпрыгажэнне, якое можна зняць і схаваць; гэта не дадатак, хобі ці адна з многіх прыгод у жыцці. Місія – гэта штосьці, чаго нельга выкараніць з нашага быцця святарамі, калі не хочам самі сябе знішчыць”, – заўважыў біскуп, падкрэсліўшы, што свет хоча бачыць у святары другога Хрыста.
На заканчэнне гаміліі ён звярнуўся да вернікаў з традыцыйнай просьбай маліцца за іерархаў і святароў, бо рэалізацыя святарскага паклікання нялёгкая.
“Мы ведаем, што часта не дарастаем да вашых чаканняў. Не заўсёды мы з’яўляемся для вас добрымі, клапатлівымі, руплівымі пастырамі. Здараецца нават, што нашы паводзіны сеюць у вашых сэрцах блытаніну і спакушэнне. Перапрашаем вас за гэта”, – сказаў біскуп.
Звяртаючыся да ўсіх вернікаў, іерарх папрасіў, каб грахі і слабасці святароў не аддалялі католікаў ад Хрыста і Касцёла, а мабілізавалі яшчэ больш да малітвы, каб святары маглі служыць вернікам як мага лепш.
На Імшы духавенства аднавіла святарскія абяцанні, просячы ў Бога трываласці нa далейшыя гады служэння і моцы духу ў рэалізацыі заданняў, якія ставіць Хрыстус.
Аднаўляючы абяцанні, духоўныя асобы выказалі жаданне больш цесна яднацца з Хрыстом і знайсці першасную руплівасць сваіх святарскіх сэрцаў.
Таксама адбылося асвячэнне алею хворых і катэхуменаў і кансэкрацыя алею хрызма, якія будуць неабходныя для ўдзялення сакрамэнтаў.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Вольга Сяліцкая