Skip to main content

Ліда - Гродзенская дыяцэзія

Спевам на харвацкай мове вернікі Ліды сустрэлі нунцыя Ёзіча, які ўпершыню як біскуп удзяліў сакрамэнт канфірмацыі

nuncij lida 116 красавіка, ў нядзелю Божай Міласэрнасці, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч наведаў Ліду (Гродзенская дыяцэзія), дзе ўзначаліў адпустовую ўрачыстасць у парафіі Божай Міласэрнасці, што ў новым лідскім мікрараёне Маладзёжны.

Прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі ўпершыню наведаў горад, у якім пражывае адна з найбольшых у нашай краіне каталіцкіх супольнасцяў: католікі складаюць тут больш за палову насельніцтва. Для Лідскага рэгіёна нават прызначаны асобны Біскупскі вікарый — шматгадовы пробашч парафіі Узвышэння святога Крыжа ў Лідзе ксёндз канонік Уладзімір Гуляй, які ад імя біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча каардынуе душпастырскую і адміністрацыйную дзейнасць Касцёла на Лідчыне.

Нунцый Ёзіч прыбыў у Ліду па запрашэнні ксяндза каноніка Андрэя Зноскі, пробашча маладой мясцовай парафіі Божай Міласэрнасці, размешчанай у мікрараёне Маладзёжны, што ў паўночна-заходняй частцы горада.

Прадстаўніка Святога Айца прывіталі ў святыні спевам на яго роднай мове.

Як пазней сказаў сам Антэ Ёзіч, які паходзіць з Харватыі, гэты касцёльны спеў з яго радзімы ў выкананні парафіяльнага моладзевага хору «Спяваючыя сэрцы» пад кіраўніцтвам Веранікі Красцьянінавай «гучаў нават лепш, чым у арыгінале».

nuncij lida 7

Вітаючы высокага госця і прысутнае духавенства ў запоўненай святыні, якая з’яўляецца самым вялікім касцёлам у Лідзе, ксёндз Андрэй Зноска растлумачыў вернікам, хто такі Апостальскі нунцый. Пры гэтым святар звярнуўся да Кодэкса кананічнага права — галоўнага збору касцёльных законаў, у перакладзе якога на беларускую мову ён сам браў актыўны ўдзел як дасведчаны юрыст і кананіст. Гэты пераклад Кодэкса, прэзентаваны напрыканцы мінулага года ў межах адзначэння 30-годдзя з часу ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь, быў здзейснены па ініцыятыве нунцыя Ёзіча, і ксёндз Андрэй, па словах ватыканскага прадстаўніка, адыграў у яго падрыхтоўцы адну з галоўных роляў.

Хоць парафія ў мікрараёне Маладзёжны, у адрозненні ад тутэйшага касцёла, далёка не самая вялікая ў Лідзе, аднак на адпустовай урачыстасці сабралася больш за паўтысячы чалавек. Усе яны з вялікай радасцю віталі таксама свайго першага пробашча, ксяндза каноніка Станіслава Пацыну з Радуні. Як нагадаў у прывітальным слове ад старэйшага пакалення вернікаў старшыня парафіяльнай Рады Леон Муліца, дзякуючы душпастырскай руплівасці ксяндза Станіслава амаль трыццаць гадоў таму стварылася гэтая парафіяльная супольнасць, і неўзабаве на полі, дзе «калісьці раслі капуста і буракі», супольнымі намаганнямі вернікаў і іх пробашча вырасла цудоўная святыня ў гонар Божай Міласэрнасці.

nuncij lida 6

Менавіта ксёндз Станіслаў Пацына хрысціў некаторых маладых людзей з тых 35-і асоб, якія ў парафіяльную ўрачыстасць прынялі з рук прадстаўніка Папы сакрамэнт хрысціянскай сталасці — канфірмацыю, або бежмаванне.

Звычайна ў Каталіцкім Касцёле гэты сакрамэнт удзяляе толькі біскуп. Як прызнаўся нунцый Ёзіч, ён упершыню меў магчымасць удзяліць яго толькі цяпер, у Лідзе.

Пасля таго, як ксёндз Уладзімір Гуляй прачытаў Евангелле пра тое, як апостал Тамаш, які спачатку не верыў у Змёртвыхпаўстанне Хрыста, стаў веруючым, дакрануўшыся да прабітых рук і боку Уваскрослага, пробачш прадставіў арцыбіскупу Ёзічу кандыдатаў да канфірмацыі. Паміж імі адбыўся дыялог, у якім кандыдаты пацвердзілі сваё жаданне прыняць дары Святога Духа і жыць хрысціянскай верай, даючы сваё сведчанне аб Уваскрослым.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Ёзіч перадусім сказаў, што вельмі рады ў нядзелю Божай Міласэрнасці маліцца ў парафіі, якая мае такі тытул.

«Я таксама шчаслівы, таму што ўпершыню прадстаўнік Папы наведвае вашую парафію і цэлебруе святую Імшу за вас, за вашыя сем’і, за хворых і асабліва за тых, хто рыхтаваўся прыняць сем дароў Духа Святога, каб мець магчымасць сведчыць аб сваёй веры ў штодзённым жыцці.

Для мяне таксама гэта першы раз, калі я як біскуп удзяляю канфірмацыю, і я шчаслівы, што гэта адбываецца тут, у Лідзе, у Беларусі, дзе я выконваю сваю дыпламатычную і касцёльную місію», — адзначыў Апостальскі нунцый. Іерарх дадаў, што разам са сваімі сямю дарамі Святы Дух у канфірмацыі сам сыходзіць на тых, хто прымае гэты сакрамэнт, і «прысутнасць Бога ў нас робіць нас шчаслівымі і падштурхоўвае станавіцца дарослымі, даваць сведчанне сваім жыццём. Там, дзе жыве Дух Божы, ужо няма месца граху, падзелам, войнам, але перамагаюць любоў, сяброўства, вера і справядлівасць», — сцвердзіў іерарх.

nuncij lida 4

Ён запрасіў кандыдатаў «будаваць новы свет: свет без войнаў, свет, які прымае ўсіх без адрознення, перш за ўсё свет, які прымае бедных і адкінутых.

Запрашаю вас любіць сваю парафію ў Лідзе і наш Каталіцкі Касцёл у Беларусі, умацоўваючы яго сваімі малітвамі і добрымі справамі», — заахвоціў прадстаўнік Папы, завяршыўшы гамілію кароткім зваротам да Маці Божай: «Каралева Беларусі, маліся за нас».

На заканчэнне ўрачыстасці адбылася вялікая нечаканасць: прадстаўнік парафіяльнай Рады Віталій Баркоўскі зачытаў і ўручыў Апостальскаму нунцыю ліст, у якім вернікі парафіі запрасілі Святога Айца Папу Францішка наведаць Беларусь і іх супольнасць. «Дакладна ўсведамляем, які далёкі і складаны шлях з Ватыкана ў Беларусь: і гэта не пра рэкі і горы, якія трэба пераадолець, але пра межы, якія дзеляць чалавечыя сэрцы. <…> Мы не палітыкі, не ўплывовыя асобы — мы простыя людзі, якія ад продкаў атрымалі скарб веры, а разам з ім і вернасць Наступніку Святога Пятра; трываць у ёй — наш гонар.

Быць можа, Божаму Провіду не хапала толькі гэтага нясмелага запрашэння ад звычайных людзей, каб ногі Вашай Святасці маглі ступіць на зямлю нашай любай Беларусі», — было сказана ў звароце, які нунцый Ёзіч паабяцаў абавязкова перадаць Папу Францішку.

На заканчэнне ўрачыстасці яе ўдзельнікаў чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз: пасля таго, як нунцый удзяліў прысутным Апостальскае благаслаўленне, у касцёл завітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які, вяртаючыся з урачыстасці ў Воранаве, па дарозе не мінуў і парафію Божай Міласэрнасці ў Лідзе.

Пастыра дыяцэзіі з энтузіязмам прывіталі вернікі і запрасілі яго на супольны здымак.

Паводле Catholic.by

Фота: Антон Насовіч

 

Імшу Апошняй Вячэры цэлебраваў арцыбіскуп Кандрусевіч у Лідзе

wielki cz lida 136 красавіка, у Вялікі чацвер, вернікі парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе сабраліся на Імшы Апошняй Вячэры. Цэлебраваў Эўхарыстыю арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч разам са святарамі, якія служаць у гэтай парафіі.

У гаміліі арцыбіскуп звярнуў увагу, што гэтае набажэнства нагадвае пра падзеі, якія адбыліся ў Вячэрніку дваццаць стагоддзяў таму. Падчас Апошняй Вячэры Езус устанавіў Эўхарыстыю, у якой Ён з’яўляецца адначасова святаром і ахвярай, каб раз і назаўсёды ахвяраваць сябе дзеля збаўлення свету. Разам з Эўхарыстыяй Ён устанавіў сакрамэнт пасвячэння, каб успамін Яго мукі і смерці заставаўся да канца часоў.

Таксама Езус абмыў ногі сваім вучням, каб даць прыклад пакорнага служэння апосталам і ўсім людзям. У сувязі з гэтым арцыбіскуп падкрэсліў, што ў сучасным свеце адчуваецца недахоп духу служэння, усе імкнуцца валадарыць, таму прыклад Езуса з’яўляецца актуальным і ў наш час.

wielki cz lida 6

Кажучы пра высновы, да якіх вядзе Апошняя Вячэра Езуса, іерарх адзначыў, што яна заклікае да ўдзелу ў Эўхарыстыі як сакрамэнце любові і хлебе вечнага жыцця. Яна заахвочвае да малітвы аб пакліканнях да святарства, бо без служэння святароў не могуць цэлебравацца Эўхарыстыя і іншыя сакрамэнты. Яна адраджае дух міласэрнага служэння іншым, што з’яўляецца “лакмусавай паперкай” нашага хрысціянства, якое павінна быць жывым і прывабным, а гэта магчыма праз любоў да бліжняга і справы міласэрнасці.

“Бязмежная любоў Бога да грэшнага чалавека, апагей якой праявіўся ў Крыжовай смерці Езуса, збавіла чалавека. Таму мы павінны стаць яе носьбітамі, каб, умацаваныя Эўхарыстыяй, маглі будаваць цывілізацыю жыцця, супакою і любові”, – сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Пасля ўдзялення Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт перанеслі ў спецыяльна падрыхтаванае месца, якое сімвалізуе цямніцу, дзе быў зняволены Езус пасля арышту ў Гетсіманскім садзе. Табэрнакулюм застаўся пустым і прыадчыненым.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Анастасія Муціловіч

 

У Лідзе ўшанавалі памяць ксяндза каноніка Юзафа Ганьчыца ў першую гадавіну смерці

rocznica hanczyc 1916 кастрычнікa ў касцёле Святой Сям’і ў Лідзе адбылася Імша ў інтэнцыі кс. каноніка Юзафа Ганьчыца, першага пробашча і будаўніка гэтай святыні, у першую гадавіну яго смерці.

Святар адышоў у вечнасць 13 кастрычніка 2020 г. у лідскай бальніцы з-за ўскладненняў, выкліканых каранавіруснай інфекцыяй.

На малітве ў святыні, пабудаванай дзякуючы яго старанням, сабраліся ўдзячныя парафіяне, для якіх ён быў не толькі душпастырам, а найперш чулым і адкрытым чалавекам. Прыбылі таксама святары і сёстры законныя, каб з’яднацца ў малітве разам з парафіяльнай супольнасцю.

rocznica hanczyc 6

Прысутнічалі родныя спачылага: сястра і брат разам са сваімі сем’ямі. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Усіх прывітаў сённяшні пробашч парафіі кс. Руслан Мазан. Святар адзначыў, што за 25 гадоў служэння тут кс. Юзаф стаў духоўным айцом, сябрам і маральным аўтарытэтам для сваіх вернікаў, да якіх быў дасланы рашэннем біскупа Гродзенскага ў 1996 г.

“Пасля кожнай сустрэчы з ксяндзом Юзафам было адчуванне, што ты ім ацэнены і заўважаны. Яго ўменне слухаць, унутраная цеплыня, дабрыня, усмешка прынеслі яму шмат сяброў. Пры ўсім гэтым ён заўсёды быў чалавекам, які стараўся злучаць, а не дзяліць”, – сказаў кс. Руслан Мазан.

Таксама пробашч падкрэсліў, што спачылы быў добрым гаспадаром, бо не толькі быў узведзены бачны касцёл у Лідзе, але і пабудаваны Богам дзякуючы яго служэнню духоўны Касцёл у сэрцах вернікаў.

У гаміліі біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна i пробашч лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа кс. канонік Уладзімір Гуляй адзначыў, што для ксяндза Юзафа горад Ліда і парафія, у якой ён служыў, былі асаблівым месцам у жыцці, бо ён неаднаразова казаў, што лідчане – пабожныя людзі і добрыя парафіяне.

rocznica hanczyc 7

“Гэта было яго асаблівае месца, дзе яму было дадзена пазнаваць людзей і Бога. Частку гэтых пачуццяў ён пакінуў нам у кожнай Эўхарыстыі, якую цэлебраваў, у сваіх гаміліях, якія тут прамаўляў, у кожнай святарскай паслузе, напоўненай дабрынёй і клопатам пра дабро чалавечай душы”, – дадаў кс. Уладзімір Гуляй.

Біскупскі вікарый асабліва падкрэсліў, што ксёндз канонік заўсёды вучыў пашане да Бібліі, адзначаў, што кожная гамілія павінна быць рэхам Божага слова.

Таксама, дадаў святар, кс. Ганьчыц заўсёды стараўся жыць для іншых, а не для сябе. Да такога жыцця біскупскі вікарый заахвоціў усіх шматлікіх прысутных у касцёле.

“Зерне любові сее Езус сёння ў нашых сэрцах. Будзем жа спрабаваць так любіць, каб жыць для іншых, а не для сябе. Любіць – гэта бескарысліва аддаваць сваё жыццё. Такой любові трэба вучыцца”, – сказаў святар.

На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў між іншым вернікам лідскай парафіі за малітвы ў інтэнцыі спачылага, што з’яўляюцца прыгожым доказам іх удзячнасці і памяці пра святара, які ім служыў.

Іерарх выказаў надзею, што ксёндз канонік Юзаф Ганьчыц з дому Бога Айца ў небе глядзіць на прыгожую святыню і вернікаў, якія збіраюцца ў ёй на малітве, і цешыцца, што яго 25-гадовае служэнне ўжо сёння прыносіць шчодры плён.

rocznica hanczyc 15

Затым усе сабраліся на прыкасцёльных могілках, дзе біскуп благаславіў помнік, усталяваны на месцы пахавання спачылага.

Дзякуючы Богу за дар гэтага святара, верачы ў Божую міласэрнасць, спадзяемся, што наш спачылы год таму кс. канонік Юзаф ужо пачуў словы Пана: “Слуга добры і верны, увайдзі ў Маю радасць”.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Міхаіл Шчэрба

 

Першая Камунія адбылася ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы ў лідскай Фары

photo 2021 06 01 21 04 19Ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, 30 мая, у  ў Лідзе две групы дзяцей прыступілі да Першай Камуніі.

Вельмі кранальна перажывалі гэтую падзею як дзеці, так і іх бацькі і родныя, якія прысутнічалі ў святыні.

Пробашч лідскай Фары кс. канонік Уладзімір Гуляй, які ўдзяліў дзецям Першую святую Камунію, звярнуўся да іх у гаміліі. Ён заахвоціў дзяцей да радасці, адзначыўшы, што нават анёлы і ўсе святыя асабліва радуюцца ў гэты дзень.

Святар нагадаў аб асаблівай падрыхтоўцы да гэтай важнай падзеі, заўважыўшы, што такая падрыхтоўка доўжыцца не два гады, а з самага пачатку жыцця кожнага дзіцяці, і што Бог першы ідзе, каб сустрэцца з намі. Таксама пробашч заахвоціў дзяцей запытацца ў сваіх бацькоў, як яны перажывалі сваю першую сустрэчу з Хрыстом, і падзяліўся сваім сведчаннем. Ксёндз Уладзімір пажадаў дзецям, каб яны заўсёды дзяліліся Езусам, якога атрымаюць у святой Камуніі.

photo 2021 06 01 21 04 22

Дзеці на працягу цэлага тыдня будуць прыходзіць у прыгожым белым адзенні на Эўхарыстыю, каб ужо цалкам у ёй удзельнічаць і несці Хрыста ў сваё асяроддзе.

С. Ганна Мацуль CSSN

 

Біскуп Кашкевіч у дзень 30-годдзя прыняцця сакры наведаў лідскую Фару

lida fara 1 32У дзень юбілею 30-годдзя біскупскай сакры, які прыпаў на ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фару).

Для парафіян гэта быў радасны дзень, калі яны маглі не толькі маліцца за свайго пастыра, але і асабіста выказаць яму віншаванні.

Іерарх узначаліў у святыні Імшу, падчас якой група адпаведна падрыхтаваных вернікаў прыняла сакрамэнт хрысціянскай сталасці, абавязаўшыся вызнаваць веру і жыць паводле яе прынцыпаў.

Біскуп падзякаваў бацькам, дзеці якіх у гэты дзень былі ўзбагачаны сямю дарамі Духа Святога ў канфірмацыі, за клопат аб іх рэлігійным выхаванні і прыклад апостальскай руплівасці, дадзены ў родным доме.

Тых жа, якія ў гэты дзень адкрыліся на Духа Святога, пастыр Гродзенскай дыяцэзіі заахвоціў супрацоўнічаць з ласкай Пана і добра выкарыстоўваць дары, якія паходзяць ад Божага Духа.

На заканчэнне Эўхарыстыі дзеці, моладзь і прадстаўнікі парафіян звярнуліся да юбіляра са шчырымі пажаданнямі. Між іншым яны падарылі іерарху святочны торт з яго гербам.

Пробашч парафіі кс. канонік Уладзімір Гуляй выказаў удзячнасць біскупу, які ў гэты радасны дзень свайго юбілею прыняцця сакры захацеў памаліцца з лідскімі вернікамі.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Фігурa Маці Божай Каралевы паратунку з Мілана прыбыла ў лідскую парафію Святой Сям’і

lida figura 471 мая, ва ўспамін св. Юзафа, рамесніка, у парафіі Святой Сям’і ў Лідзе адбыўся дзень засяроджання і малітвы праз заступніцтва Апекуна Святой Сям’і.

Набажэнства адбылося з нагоды таго, што ў Каталіцкім Касцёле праходзіць год, прысвечаны святому Юзафу. А па распараджэнні біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча касцёл Святой Сям’і ў Лідзе з’яўляецца юбілейнай святыняй, у якой можна атрымаць адпусты.

Асаблівай падзеяй для парафіяльнай супольнасці стала прыбыццё фігуры Маці Божай Каралевы паратунку з Мілана.

На працягу ўсяго дня парафіяне мелі магчымасць узносіць малітвы праз заступніцтва святога Юзафа, разважаць над яго асобай, а таксама прыступіць да сакрамэнту пакаяння, каб потым атрымаць поўны адпуст.

lida figura 28

Кульмінацыйнай часткай дня стала ўрачыстая святая Імша, якую цэлебраваў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

Aндрэй Юхнік

 

Велікапосныя рэкалекцыі ў лідскай Фары: сустрэць жывога Хрыста

recol fara 2З 19 па 21 сакавіка ў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) прайшлі велікапосныя рэкалекцыі. Праводзіў іх кс. Яўгеній Учкуроніс, пробашч парафіі Святога Яна Паўла ІІ у Смaргоні.

На працягу трох дзён святар разважаў пра неабходнасць сустрэчы з жывым Хрыстом і важнасць таго, каб быць сапраўдным сведкам Хрыста.

recol fara 6

У межах рэкалекцый былі асобныя сустрэчы для мужчын, жанчын і маладых людзей. На сустрэчы з моладдзю святар звярнуў увагу на тое, што трэба быць якасным арыгіналам хрысціяніна, а не яго падробкам.

Падчас духоўных практыкаванняў парафіяне маглі прыступіць да споведзі, а таксама ўзяць удзел у набажэнствах Крыжовага шляху, падрыхтаваных сем’ямі парафіі і моладдзю.

Дзіяна Бранчэль

 

Арцыбіскуп Кандрусевіч у Лідзе: Беларусь трэба лячыць, пакуль мы як нацыя не загінулі канчаткова

2021 02 22 IMG 20210221 18524621 лютага Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.

Перад Імшой іерарх падзякаваў вернікам за малітвы падчас яго выгнання, якое працягвалася амаль чатыры месяцы:

«Гэта быў знак салідарнасці з біскупам, які ўвесь час памятаў аб верніках і краіне, якая знаходзіцца ў грамадска-палітычным крызісе. Такім чынам, будучы падзеленымі, мы былі аб’яднаны малітвай і клопатам пра нашу будучыню».

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп нагадаў, што падчас Вялікага посту «Касцёл стараецца пераарыентаваць жыццёвыя прыярытэты чалавека так, каб яны адпавядалі Божай волі, каб матэрыяльныя каштоўнасці, задавальненні гэтага свету, імкненне да ўлады ці штосьці іншае не займала месца Бога».

Іерарх, разважаючы пра тое як ставіцца да духоўных і жыццёвых цяжкасцяў, прыгадаў вядомага палітыка ХХ стагоддзя прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Уінстана Чэрчыля: «За сваё доўгае і вельмі паспяховае палітычнае жыццё ён меў шмат прамоваў, якія ўвайшлі ў сусветны залаты аратарскі фонд.

Аднак яго словы Never give up! — «Ніколі не здавайся! — сталі самай лаканічнай і адначасова самай лепшай прамовай».

Гаворачы пра евангельскі ўрывак, які быў прачытаны на Імшы, арцыбіскуп таксама заўважыў, як важна чуваць і не паддавацца спакусам злога духа. «А тым больш небяспечна ўступаць з ім у кампраміс», — дадаў іерарх.

«У цішыні Вялікага посту перад люстэркам Божага закону мы можам лепш пазнаць сябе, свае духоўныя хваробы, каб потым з Божай дапамогай лячыць іх і не паддавацца спакусам злога духа», — працягваў арцыбіскуп.

«Грамадска-палітычны крызіс, у якім знаходзіцца наша Бацькаўшчына, нагадвае пра тое, што яна хворая і яе неабходна лячыць пакуль мы як нацыя не загінулі канчаткова.Усялякае зло — як у жыцці асобнага чалавека, так і грамадства — бярэ свой пачатак ад непаслухмянасці Божаму закону. Таму ў гэтай складанай сітуацыі нам неабходна тэрмінова вярнуцца да захавання Божага закону, найперш праз малітву і пакаянне.

Без Божай дапамогі ніякія намаганні палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і эканамістаў не вырашаць праблему. Зло трэба перамагаць дабром. Грэх — Божай ласкай. Гэта нялёгкая справа, але з Божай дапамогай магчымая», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.

«Беларусь, не паддавайся песімізму і памятай, што ў Бога ўсё магчыма. Ніколі не здавайся!Шляхам навяртання і захавання Божага закону ідзі да сваёй Пасхі», — заключыў іерарх.

 

Паводле Catholic.by

 

Біскуп Станеўскі ў лідскай Фары: у Хрысце мы знойдзем поўны сэнс і мэту свайго жыцця

16 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара). 

У парафіяльнай святыні іерарх узначаліў урачыстую Імшу, падчас якой таксама благаславіў крэйду, каб адзначаць ёю дзверы дамоў і памяшканняў.

У гаміліі ён засяродзіў увагу на ўрачыстасці, якая святкавалася ў гэты дзень.

Іерарх падкрэсліў, што да Езуса можна крочыць рознымі шляхамі і да Яго вядуць розныя сцежкі. “Адны – як пастухі – толькі спусціліся з гары ў мястэчка Бэтлеем, каб пакланіцца нованароджанаму Езусу. Іншыя – як Тры каралі – мусілі прайсці доўгі шлях, каб урэшце сустрэцца з Езусам і ахвяраваць Яму свае дары. Сёння мы захапляемся намаганнямі і адвагай гэтых мудрацоў”, – дадаў біскуп.

3

Ён падкрэсліў, што ў кожнага чалавека ёсць хвіліны, калі не хочацца ісці далей, калі падаеш змучаны, калі прыходзіць спакуса, каб вярнуцца або прынамсі застацца на тым жа месцы. Таму іерарх заахвоціў у такія хвіліны, калі губляецца ахвота, прыгледзецца да Трох каралёў, а таксама да многіх іншых нашых святых і благаслаўлёных, якія ніколі не стамляліся ў дарозе, а шукалі праўды, сапраўднай крыніцы мудрасці і сэнсу жыцця.

“Яны сёння з’яўляюцца прыкладам для нас, каб мы паглыблялі нашу веру, былі людзьмі надзеі і даверу, каб мы ў Хрысце знайшлі поўны сэнс і мэту свайго жыцця”, – сказаў біскуп.

На заканчэнне Імшы пробашч парафіі кс. канонік Уладзімір Гуляй падзякаваў іерарху за ўжо традыцыйную прысутнасць у гэты дзень сярод іх.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Адпустовая ўрачыстасць з удзелам біскупа Станеўскага прайшла ў лідскай парафіі Святой Сям’і

otpust sw rodzina 4027 снежня лідская парафія Святой Сям’і адзначыла парафіяльную ўрачыстасць. Галоўную адпустовую Эўхарыстыю, на якой сабраліся шматлікія вернікі і святары, узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. 

У гэты дзень у парафіі гасціла “Радыё Марыя” на чале з дырэктарам кс. Аляксандрам Фаміных. Імша з удзелам біскупа Станеўскага транслявалася па радыё.

На пачатку літургіі ўсіх гасцей прывітаў пробашч парафіі кс. Руслан Мазан. Святар зазначыў вялікі ўклад у развіццё парафіі і адданасць людзям былога пробашча кс. Юзафа Ганьчыца, які восенню адышоў у вечнасць.

otpust sw rodzina 29

Біскуп Станеўскі ў гаміліі засяродзіў увагу на постацях маленькага Езуса Хрыста, Маці Божай і св. Юзафа. “Цяпер наш позірк скіраваны на Святую Сям’ю ў Бэтлееме, якая з’яўляецца прыкладам еднасці і любові для нашых сем’яў. Гледзячы на постаці пастушкоў, бачым прыклад здаровых адносін паміж людзьмі, а тры каралі вучаць нас шукаць правільныя шляхі ў вырашэннях гаспадарчых, эканамічных і палітычных справаў”, – сказаў іерарх.

Біскуп звярнуў увагу на вартасць бацькоўства ў сучасным грамадстве.

“Матулі, старайцеся далікатна калыхаць вашых дзетак у калысках, бо ад выхавання аднаго дзіцяці залежыць заўтрашні лёс”, – адзначыў ён.

Пасля Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Падчас адарацыі прысутныя памаліліся Літаніяй да Маці Божай і заспявалі гімн “Цябе, Божа, праслаўляем”.

Aндрэй Юхнік

Кандыдаты ў міністранты ў лідскай парафіі Святой Сям’і распачалі чарговы этап

sw rodzina ministranci 3820 снежня, у ІV нядзелю Адвэнту, у лідскай парафіі Святой Сям’і дзевяць кандыдатаў у міністранты атрымалі палярынкі.

Святую Імшу ўзначаліў душпастыр міністрантаў парафіі кс. Андрэй Белаблоцкі. Пасля гаміліі святар прадставіў кандыдатаў пробашчу парафіі кс. Руслану Мазану і запэўніў, што хлопцы гатовыя перакрочыць новую ступень падрыхтоўкі да службы ля алтара.

Затым пробашч памаліўся над кандыдатамі і благаславіў палярынкі.

На заканчэнне абраду кс. Руслан адзначыў, што пакліканне да літургічнай службы алтара з’яўляецца дарам Бога, і заахвоціў вернікаў маліцца за маладых хлопцаў, якія хочуць служыць Пану ля алтара.

Падчас фармацыі кандыдаты ў міністранты атрымліваюць асноўныя тэарэтычныя і практычныя веды аб літургіі і служэнні ля алтара. Уручэнне палярынак з’яўляецца адным з этапаў падрыхтоўкі хлопцаў да літургічнай службы алтара. Канчатковай ступенню ў падрыхтоўцы кандыдатаў у міністранты з’яўляецца ўручэнне комжаў.

Aндрэй Юхнік

 

“Гадзіна ласкі для свету” прайшла ў лідскай парафіі Святой Сям’і

godzina lask 48 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у лідскай парафіі Святой Сям’і прайшла “Гадзіна ласкі для свету”, аб’яднаная з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту.

У парафіяльнай святыні сабраліся вернікі, каб прадставіць Богу ўсе свае просьбы, а таксама каб супольна маліцца аб спыненні пандэміі каранавірусу ва ўсім свеце і аб хутчэйшым і мірным завяршэнні грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне.

“Гадзіна ласкі для свету” злучаецца з аб’яўленнем Марыі, якая 8 снежня 1947 г. у Мантэк’яра ў Італіі сказала: “Спадзяюся, што кожны год 8 снежня апоўдні будзе праводзіцца “Гадзіна ласкі для ўсяго свету”. Дзякуючы малітве ў гэтую Гадзіну спашлю шмат ласкаў для душы і цела. Будуць масавыя навяртанні. Душы зацвярдзелыя і халодныя, як мармур, будуць узрушаны Божай ласкай і зноў стануць вернымі і любячымі Бога. Маё пажаданне, каб гэтая Гадзіна распаўюджвалася. У хуткім часе людзі пазнаюць важнасць гэтай Гадзіны ласкі. Калі хтосьці не можа ў гэты час прыйсці ў касцёл, няхай моліцца дома”

Вечарам у лідскай парафіі вернікі на чале з новым пробашчам кс. Русланам Мазанам прысвяцілі Беларусь Беззаганнаму Сэрцу Марыі. З верай у дапамогу Маці Божай яны звярнуліся да Яе, каб Яна выпрасіла ў свайго Сына, Міласэрнага Езуса, для ўсіх парафіян, усіх людзей і для нашай Бацькаўшчыны ласку спынення пандэміі каранавірусу і ласку мірнага жыцця.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Конкурс ружанцаў прайшоў у наймалодшай парафіі Ліды

rozaniec 2У парафіі св. Юзафа, рамесніка, і благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка ў Лідзе падсумаваннем усяго кастрычніка, калі католікі асаблівым чынам моляцца на ружанцы, стаў конкурс, у якім удзельнічалі самыя малодшыя парафіяне.

У Лідзе развіталіся з кс. Юзафам Ганьчыцам, “будаўніком святыні і архітэктарам чалавечых сэрцаў”

ganczyc 9516 кастрычніка пры касцёле Святой Сям’і ў Лідзе адбылося пахаванне кс. каноніка Юзафа Ганьчыца, які 24 гады быў пробашчам гэтай парафіяльнай супольнасці.

Біскуп Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі моладзі лідскай Фары

lida kanf 6914 верасня стаў асаблівым днём для лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара): акрамя таго, што адзначалася парафіяльная ўрачыстасць, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўдзяліў групе моладзі сакрамэнт канфірмацыі.

Моладзь лідскай Фары падзякавала Богу за адпачынак і папрасіла благаслаўлення на навучальны год

59lOEALMXbY29 жніўня для моладзі лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) адбылася традыцыйная святая Імша на заканчэнне лета, падчас якой кс. Раман Вайцяховіч асабліва маліўся аб Божым благаслаўленні для школьнікаў і студэнтаў на новы навучальны год.

Біскуп Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў лідскай парафіі Святой Сям’і

lida kanf 21 6922 жніўня ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам гэтай супольнасці. Сямю дарамі Духа Святога былі ўзбагачаны 140 чалавек, з якіх большасць склалі маладыя людзі.

Tры кандыдаты з Гродзенскай дыяцэзіі прыняты на першы год навучання ў семінарыю

2020 07 20 I Kurs 2320 ліпеня ў будынку Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў Мінску адбыўся першы тур уступнага экзамену для кандыдатаў на першы год навучання ў Вышэйшых духоўных семінарыях у Гродне і Пінску.