Skip to main content

Гістарычная падзея ў лідскай Фары: дзве прыміцыйныя Імшы

prymicyi 2728 чэрвеня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) адбылася гістарычная падзея: два новапрэзбітэры цэлебравалі прыміцыйныя Імшы.

Сыны лідскай зямлі – кс. Андрэй Струкель і кс. Тамаш Мікалайчык – сабралі ў роднай святыні незвычайную колькасць людзей. На першую Імшу да кожнага са святароў прыйшлі родныя, сябры, святары і семінарысты, сёстры законныя і вернікі парафіі. 

Урачыстасці пачыналіся каля плябаніі, адкуль прыміцыянты разам з працэсіяй верных пад спеў ішлі да касцёла, дзе перад цэнтральнай брамай іх чакаў пробашч ксёндз канонік Уладзімір Гуляй. 

Распачыналіся Імшы благаслаўленнем бацькоў і словамі прывітання ад пробашча, для якога гэты дзень быў па-асабліваму радасным. 

У гаміліях да ксяндзоў Андрэя і Тамаша звярнуліся запрошаныя імі святары: а. Андрэй Агель SP і кс. Юрый Ясевіч. Яны нагадалі прыміцыянтам аб важнасці святарскага служэння, аб цяжкасцях і радасцях, якія сустрэнуцца на іх шляхах. Айцец Андрэй і ксёндз Юрый узгадвалі гісторыі з пачатку свайго святарства, успаміналі прыклады святых святароў і звярталіся таксама да ўсіх прысутных, нагадваючы важнасць малітвы за прэзбітэраў і аб пакліканнях. На заканчэнне гаміліі святары выказалі новапрэзбітэрам словы віншаванняў.

prymicyi 74

Для ўсёй парафіяльнай супольнасці было вялікай радасцю, што ажно два браты адказалі “так” на заклік Пана. Таму віншаванні новапрэзбітэры пачулі ад дзяцей, моладзі і іншых парафіян, сяброў, родных, супольнасці “Маці ў малітве”, семінарыстаў.

Перад благаслаўленнем ксяндзы Андрэй і Тамаш выказалі падзяку – у першую чаргу Богу за дар жыцця і паклікання; потым бацькам, родным, пробашчу і прысутным святарам, сёстрам законным і семінарыстам, моладзі, сябрам і ўсім прысутным вернікам. 

На заканчэнне новапрэзбітэры ўдзялілі папскае благаслаўленне ўсім сабраным, а потым прыміцыйнае благаслаўленне бацькам, сёстрам і братам, святарам, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам. У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуаціяй ускладанне далоняў было адменена, замест яго было агульнае благаслаўленне.

 

Ксёндз Андрэй Струкель нарадзіўся 19 лістапада 1993 года. 

prymicyi 24

 

Ксёндз Тамаш Мікалайчык нарадзіўся 1 красавіка 1996 года.

prymicyi 61

Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымалі 27 чэрвеня 2020 года ў гродзенскай катэдры з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча.

Яна Чайко

Фота: Яна Чайко, Артур Станулевіч